Калістрат, нягледзячы на заклапочанасць і таксама нейкую запаволенасць у рухах, выглядаў у параўнанні з Ахрэмам малайцом. Ішоў, праўда, крыху ўгнуўшыся, але гэта гнялі яго да зямлі старэчы горб і прывычка хадзіць за плугам, а хоць і было яму ўжо далёка за сёмы дзесятак, ён яшчэ араў, без натугі ўпраўляўся з плугам, конік бы толькі добры трапіў. Лукаша ж побач з гэтымі старымі, Калістратам і Ахрэмам, яшчэ і грэх было называць старым. I страннікам яго, пэўна, назвалі таму, што ён неяк як застыў у сваім узросце, рухаўся ў ім усё жыццё, колькі яго ведалі, неяк скачкападобна. Доўга быў проста падлеткам, аднае раніцы ўзяў і прачнуўся хлопцам ужо, спрытным, ладным, падцягнутым, што той алавяны салдацік, і з вінтоўкаю нават у руках, як той салдацік, з вінтоўкаю, таму што пачалася вайна. I як пайшоў на вайну, спрытны, ладны хлоцец, такім і вярнуўся, доўга заставаўся такім, да нейкай, нікому не вядомай і не бачнай мяжы. Дасягнуў той мяжы і адразу ператварыўся ў мужыка, агрубеў, пашырэў у плячах, але выпраўкі, складу не страціў, быў спрытны, лёгкі на нагу і лоўкі на язык, хаця прыпісаўся да баптыстаў, але ж па сваім спрыце і манеры далёка не падыходзіў ім. Набыў коніка, прыдбаў калёсы і пачаў вандраваць, падарожнічаць. I дзіўнымі былі тыя яго вандроўкі. Далёка ад сяла не ад'язджаў, да сталіц і вялікіх гарадоў не дабіраўся, усё больш па навакольных вёсках, пасёлках ды спакойных ціхіх райцэнтрах. Любіў начаваць у чыстым полі, каля сцірты саломы, у лесе каля ракі, вады, любіў спяваць, калі яго ніхто не чуў, хаця голасу не меў аніякага. Але, мусіць, яму было даспадобы слухаць самога сябе, і коніка свайго ён прывучыў да сваіх спеваў. Конік звычайна і з месца не рушыў без Лукашовай песні. I ніхто не ведаў, гэта была нейкая вялікая тайна, чаго шукаў ён у дарозе, што цягнула яго ў вандраванні. Карысці яму ад тых вандраванняў аніякай. Іншым жа карысць была. Лукаш-страннік быў у сяле накшталт карабейніка нашага часу. Усе мужчыны і жанчыны звярталіся да яго, калі трэба было знайсці, дастаць штось такое, чаго не мелася ў іх магазіне ці ў райцэнтры, звычайна што-небудзь не вельмі мудрагелістае, але ў гаспадарцы і ў вёсцы край неабходнае: цвікі, шкло, падковы для коней, валёнкі на літай гумавай падэшве, крупы прасяной, сечкі і... Ды ці ж магчыма пералічыць усё, калі цэлыя міністэрствы не ведаюць, што вёсцы трэба, чаго няма ў іх лаўках. Лукаш у ахвоту ўсё гэта дастаўляў, запаўняў прабелы вясковага забеспячэння і гандлю. Капейчыны лішняй ні з кога не браў, усё толькі па дзяржаўнай цане, нават за эксплуатацыю коніка, знос калёс, нічога не кажучы пра яго ўжо працу, натураю — аўсом і сенам адмаўляўся што-небудзь прымаць. Яго радаваў ужо сам яго занятак, пасада карабейніка, увогуле, знайшоў сябе чалавек. I як ён спяваў, калі пад'язджаў да вёскі. Сабакі і тыя не брахалі на яго, яго калёсы, яго коніка. Цяпер жа гэты шчаслівы дзіўнаваты чалавек, што не па сваім веку заседзеўся ў маладых, старэў на вачах, ператвараўся ў дзеда, падраўноўваўся пад Ахрэма і Калістрата.
Усе трое яны падраўноўваліся адзін пад аднаго. Бяда раўняла іх, хаця кожны з іх па-рознаму пражыў свой век, збыў ужо свой век. I яны адчувалі гэта, таму што і не па веку, не па часе былі ўсе трое апрануты і сабраны ў дарогу. Чорныя зношаныя фуфайкі на прыгорбленых плячах, ватныя мешкаватыя штаны на схуднелых азадках, нязграбныя растаптаныя валёнкі з бахіламі. Шапкі толькі розныя ў кожнага. У Ахрэма наогул не шапка, а нейкі заечы агузак, у Калістрата штосьці больш прыстойнае, а ў Лукаша дык ясна відно — скураная шапка, на плячах у кожнага вяроўкі. Калістрат з Лукашом неслі яшчэ жэрдкі, а Ахрэм ішоў з вілкамі. Выгляд у кожнага яшчэ той, ваяўнічы і непадступна сур'ёзны. Але, не зважаючы на іх ваяўнічасць і непадступнасць, кожны, хто сустракаўся на іх шляху, спрабаваў спыніць іх і пажартаваць.
— Куды пахаронная каманда рушыла? Ці не на пагост? — першым вывернуўся з магазіна Вовік-алкаголік.
— На пагост, табе, п'яная твая морда, магілу капаць,— адказаў яму Калістрат.
Вовік толькі галавою пакруціў, плюнуў, канаючы ад ранішняй смагі, на сухі пясок:
— Ну, дае, пала, зондэркаманда...
Іншыя сустрэчныя былі больш далікатнымі, але таксама падкалупвалі:
— На вайну, дзяды, выправіліся, у партызаны адыходзіце?
— У партызаны, у партызаны,— дружна хіталі шапкамі дзяды.
— Ну, тады смерць камарам і мухам...
Так яны і ішлі пад рогат усёй вёскі, суха шоргаючы па вулічным пыле бахіламі, пабразгваючы вёдрамі на жэрдках і вілках, паскрыпваючы касцьмі, шастаючы вяроўкамі, што церліся аб фуфайкі на плячах. Пакінулі адзаду ў цёмнай сівізне голых садоў і сыпучага пяску вёску, выдыбалі ў поле, трохі акрыялі, пачалі гамонку.
Читать дальше