Геолагі без усялякага балансу ўтрымоўвалі і не давалі гнісці і разбурацца амаль што трэцяй частцы дзетдомаўскага будынка, тое самае правае крыло, што аддаў ім пад жыхарства яшчэ Мар'ян. Вясною і летам яны жылі там, а на зіму і восень, калі ад'язджалі, наймалі вартаўніка, звычайна законнага браканьера Кандрата, таму што хата яго стаяла бліжэй за іншыя да дзетдома. Што шукалі геолагі, Кандрат толкам не ведаў, яны, як і раней, сакрэціліся. I сакрэт гэты не тлуміў Кандрату галаву. Ён спраўна атрымліваў сваю дваццатку, наведваў дзетдом, як касу, толькі раз у месяц, што яму вартаваць, калі і так кожны ў вёсцы ведае: правае крыло дзетдома мае гаспадара, гэтае крыло патрэбна некаму, чалавек жа за яго цэласць і захаванасць атрымлівае грошы. А ўжо адрабляе ён іх, вартуе ці не вартуе — то яго справа. Вось перастануць Кандрату плаціць грошы — тады яны паглядзяць, што там маецца ў правым крыле прыдатнага і цікавага ім. Мо той самы Кандрат першым падасць ім прыклад, першым возьме тое, што яму трэба. Возьме, а не ўкрадзе, красці ж грэх, хто гэтага не ведае. Кандрат і геолагі былі як бяльмо на вачах у сумленнага селяніна і сумленнага начальніка. Калі б не было іх, вёска мо ўжо ўначы па бервяне раскаціла б дзетдом, маючы на тое сваё законнае права: што нічыё — тое наша, а так няёмка ж неяк. I няёмка адчувалі сябе не толькі вяскоўцы, а хто-ніхто і іншы, няёмка, што будыніна яшчэ нё спрахла, стаіць, трымаецца зямлі.
Але трымалася яна, тая частка яе, што не занятая была геолагамі, толькі падмуркам, сценамі без вокан, дахам, з якога месцамі таксама паздзіралі ўжо шыфер. I тыя, што рупілі ўначы ў дзетдоме, праходзячы міма яго ўдзень, адварочваліся, адводзілі вочы, адмаўляліся глядзець і бачыць тое, што натварылі самі ж яны. Дзетдомаўскі падворак, схаваны за плотам, які надзіва ацалеў, нагадваў могілкі. Сумныя, як на могілках, раслі на ім дрэвы, дубы і бярозы, што садзілі яшчэ дзетдомаўцы; яны нагадвалі жалобную варту, гучна, сытымі галасамі крычалі груганы і гракі. З дзетдома пакацілася, пачало сыпацца, канаць, развітвацца з жыццём і шмат чаго іншага ў вёсцы. Цяжка нават з пэўнасцю сказаць, што за чым ішло: ці то разбурэнне дзетдома прыспешвала ўсю іншую разруху, ці то гэтая іншая разруха паскарала паміранне дзіцячага дома.
I зноў жа, з чаго ўсё пачалося. Са смерці чалавека, Мар'яна, ці дрэва, усыхання дубоў, абмялення ракі, канчатковага ўжо закрыцця лазні, скарачэння бібліятэкі, зводу пчол і рыбін ці чаго-небудзь іншага, што не вельмі і лезла, кідалася ў вочы. Тады як, якімі вачыма пазіраць на ўсё гэта. Мо сапраўды лепш заплюшчыць іх...
Дуб грымнуў долу ў дзень пахавання Мар'яна. А даведаліся аб гэтым толькі дзесьці праз тыдзень. Знаходзіўся ён далекавата ад вёскі, адзіны ва ўсім чыстым полі. I таксама засціў, мазоліў вочы і старшыні, і аграному, без яго было б поле як поле, а тут круціся, аб'язджай кожны раз, калі надыдзе ўборка ці пасяўная. Яго даўно, канечне, ссеклі б, але ж надта вялікі ён быў ужо, непамерны, неахопны, усім калгасам трэба дзень завіхацца. I старшыня то загадваў: к чортавай мацеры, пад корань, то адмяняў свой загад. Увогуле, як кажуць, не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Упаў сам дуб. Лёг у цёплы і сонечны дзень пры ясным небе. Пасля Пятра не надаралася ж ні бур, ні вялікіх вятроў. Навальніца, праўда, пасля памінак Мар'яна была, але не вельмі сур'ёзная. I вяскоўцы, раскрыжоўваючы дуб, здзіўляліся, чаго было яму падаць: у рэвалюцыю выстаяў, вайну перажыў, меліярацыю прайшоў, і на табе, паваліўся. Нячыста тут, нячыста, не інакш звязаны гэты дуб з некім з людзей. З кім, гадаць асабліва не прыйшлося, яшчэ і зямля не паспела асесці на магіле Мар'яна.
I як грымнуў долу той дуб, пачалі сохнуць і ўсе іншыя дубы. Але вёска і вяскоўцы гэтага не прыкмецілі ўжо, таму што бачылі яны тыя дубы кожны дзень і не звярталі на іх увагі. Расшалопілі што да чаго толькі вясною, калі ўжо цэлая дуброва не выкінула і лісціка і сярод голага голля высвеціліся счарнелыя, дзедавы яшчэ, борці. Пчолы ў борцях тым летам яшчэ выжылі, да іх яшчэ не дайшла чарга. Разам з дубамі страціла сілу і рака. На выгляд яна, здаецца, яшчэ заставалася ракою, але маторам па ёй перайсці было немагчыма: біла маторы, і шпонак не напасешся. Праўда, адразу ж выйшаў загад: забараніць маторы на рацэ. З загаду таго смяяліся да ікаўкі: своечасова. I яшчэ смяяліся з матораў, што завезлі ў магазін у адзін і той жа час, калі да вёскі дайшоў загад пра іх. Патрабавалі ад Анісіма як ад дэпутата тлумачэнняў: як гэта разумець.
Читать дальше