Але ўсё ж надвор'е, зменлівасць яго арганізатары лагера і будаўнікі яго не ўлічылі. Лёгкія, складзеныя з дошак фінскага тыпу домікі не прапальваліся. Пайшла вільгаць, коўдры, прасціны хоць выкручвай, гэта мо і даканала яго. Пазваніў у райана: дзеці мерзнуць. Абяцалі разабрацца, дапамагчы. Але ці то забыліся пра яго званок, ці вельмі старанна разбіраліся, прайшло тры дні, а з райана ні гуку. На грузавой машыне ў дождж паехаў у раён сам, вымак да ніткі. Загадчык райана абурыўся:
— Тры дні, і ты панікуеш ужо. Колькі табе гадоў?
Загадчыка райана Мар'ян ведаў не першы год, некалі рабілі разам у школе, у той самай, якую закрылі. Будучы загадчык пасля інстытута пачынаў там настаўнічаць, выкладаў геаграфію. Але ў настаўнікі так і не выбіўся, не атрымалася з яго настаўніка, не прыйшоўся ён ні школе, ні вучням. То быў добры да сваіх вучняў, у журнале спрэс адны пяцёркі, а то як муха якая яго ўкусіць, гарлаў на кожнага, хто ні трапляўся на вока, і слова папярок яму не скажы: вон з класа. Слабіну яго дзеці адчулі хутка і карысталіся ёю. I ўсе, настаўнкі і вучні, уздыхнулі з палёгкаю, калі райана спатрэбіўся інспектар. Няўдалы настаўнік вырас да загадчыка райана. I загадчыка нядрэннага. Так здараецца. I Мар'ян не здзівіўся, калі загадчык, як стары знаёмец, заве яго на «ты». А вось тое, што ён спытаў, колькі яму гадоў, здзівіла.
— Быццам ты не ведаеш,— адказаў яму Мар'ян,— сам жа мяне на пенсію афармляў.
— Ведаю, ведаю, а ўсё ж для парадку, давай яшчэ раз удакладнім: колькі табе гадоў.
— Ну, шэсцьдзесят,— як школьнік, буркануў Мар'ян.
— Во, бачыш, а мне сорак,— растлумачыў загадчык,— і я хачу таксама дажыць да шасцідзесяці.
— Дзеці мерзнуць,— увогуле пагадзіўся з ім Мар'ян.
— Што ты кажаш. А ў мяне, разумееш, раён вялікі. I ўсюды нехта мерзне, некаму за каўнер капае, кожнаму штосьці трэба ад мяне. Раён...
— А ў мяне піянерлагер. I дзеці ў ім. I яны мерзнуць.
— Што яны, сёння толькі мерзнуць?
— I сёння, і ўчора.
— Ну во бачыш: і сёння, і ўчора. Пераб'юцца, памерзнуць яшчэ дзень.
— Канечне, тваіх дзяцей у тым лагеры не відно, няма іх там.— Мар'ян сказаў гэта, таму што дакладна ведаў, дзе адпачываюць дзеці загадчыка райана.
— Няма, няма, а калі б былі, я адказаў бы табе тое ж самае, разбярэмся, утрасём у рабочым парадку.
— Не адказаў бы так. I пра рабочы парадак... Ты ў мяне не дажывеш да шасцідзесяці,— не вытрымаў, сарваўся на крык Мар'ян.
— А вось гэта ўжо лішняе. Не варта, не варта блытаць асабістае і грамадскае.
I Мар'ян адчуў, што сапраўды не варта. Гэтага чалавека нічым ён не пройме. Ён наогул з пароды непраймальных, нарадзіўся такім ці так выхавалі. Загадчык райана нібыта адчуў яго настрой, уздыхнуў, пакінуў крэсла, падсеў да яго:
— Давай будзем разважаць лагічна. Сметы піянерлагера даўно ўжо сцверджаны і зацверджаны...
— Хто іх можа перацвярдзіць? — перапыніў яго Мар'ян.— Матэрыялы адпушчаны, фонды выбраны. Невучы мяне пець. Хто можа перацвярдзіць тыя сметы твае? — і гэтае пытанне было таксама ўжо лішнім. Але парадак ёсць парадак. Не яму парушаць яго, а ўведаміць свайго непасрэднага начальніка пра тое, куды ён пойдзе далей, трэба.
Загадчык райана ўскінуў руку і паказаў пальцам на столь.
— Зразумеў,— прасачыўшы за тым яго пальцам, прабегшыся вокам і па столі, адказаў Мар'ян.— А столь урана таксама не грэх было і пабяліць.— I гэтай заўвагаю ён усё ж праняў ці, па крайняй меры, азадачыў загадчыка. Той, застаўшыся адзін, доўга і ўважліва прыглядаўся да столі, моршчыў лоб і ўрэшце прыйшоў да высновы, што дарэмна папікнуў яго начальнік лагера, столь вытрымае яшчэ год-другі і нябеленая.
З райана Мар'ян пайшоў у райком партыі. Пашанцавала яму, што не аказалася на месцы трэцяга, які займаўся школамі і з якім Мар'ян сутыкацца не хацеў: пра што яму было гаварыць з чалавекам, які закрыў школу ў яго вёсцы. Хаця і грэх было яму так думаць, не ён яе закрываў, але, з другога боку, загад закрыць сыходзіў ад яго ж. А першы з'явіўся ў раёне адносна нядаўна, пасля закрыцця ўжо школы. I Мар'ян яго яшчэ і не ведаў у твар. Наогул жа трэба сказаць, што раёну не шанцавала на сакратароў. Той, першы, які прызначыў яго, Мар'яна, дырэктарам дзетдома, хутка атрымаў павышэнне, паехаў у сталіцу і цяпер, пэўна, пенсіянер ужо, як і ён, калі жывы яшчэ, канечне.
Другі, што змяніў яго на гэтай пасадзе, загінуў у час пажару. Наступны, каторы па ліку сакратар... Якраз пры гэтым раён крута пайшоў угору, калі меркаваць па абласной зводцы. Таксама ж крута ён пакаціўся і пад гару пры цяперашнім сакратары, хаця Мар'яну на першы погляд ён і спадабаўся: нічога, дзелавы чалавек.
Читать дальше