— А я ж таксама, Стэфа, столькі гадоў маўчаў, ні пра што не пытаўся ў цябе.
— Вох ты міласцівец, пакутнік які,— Стэфа падхопліваецца з лавы і падступае да яго.— Колькі ён маўчаў, мучыўся, трываў. Рваў сэрца на кавалкі, тупым нажом рэзаў. Ды лепш бы з пляча, лепш бы, калі ты тую гарэлку,што ў бочку, у сябе ліў, я цябе п'янага абухам па галаве.Ужо б тры разы і адседзела.
— I я б адседзеў.
— I ты б, мой міленькі, адседзеў ужо.
— Дык чаго мы мучымся, Стэфачка, навошта нам цюрма гэтая, катарга на ўсё жыццё?
— А і праўда, навошта, Мар'янка?
— Хто прыдумаў яе, Стэфачка?
— Вось і я цябе, Мар'янка, пытаю, хто?
I абое ў адзін голас:
— Хто? — I ніхто з іх не ведаў адказу.— Самі? Але ж быў пагон, быў. А мо не, мо ён толькі прымроіўся?
— Быў,— сказала Стэфа.— Фотакартка не схлусіла. Пагон там быў, чужы, нямецкі. А ты дзе быў, ваіцель-вызваліцель?
— Стэфа!
— Што Стэфа? Ваша дзела не раджаць... Далі табе вінтоўку, ты і пабег. А мне куды дзецца, як жыць. Во, глядзі, вось такая я на гэтым белым свеце.— I Стэфа рванула на сабе сукенку, раздзерла на дзве палавіны і скінула. Голая стаяла перад ім. I бачыць ён яе ўсю цалкам голаю ўпершыню, хоць пражыў ужо век. Глядзеў і саромеўся не галізны, а нечага іншага, што да гэтага было прыхавана пад апраткаю. Няўжо і я такі брыдкі, калі голы, калі скінуць з мяне транты,— такою была яго першая думка. Але Мар'ян адразу ж пазбавіўся ад яе. Так, не маладзёнка ўжо, траіх дачок вынасіла і выкарміла, выгадавала. Аб якой прыгажосці можа ісці гаворка. Па ўсім целе сляды тых трох родаў, як у салдата ад раненняў, сінія надрывы на чэраве, сінія з чырвоным жылкі на сцёгнах, высмактаныя грудзі, шырокія расплюшчаныя жыццём ступакі ног, і рукі такія ж, далоні шырэйшыя за яго. Хоць ён мужчына, а яна жанчына, слабая, кволая жанчына. Дзе ж ты, дзевачка з бярозавага гаю, што так не азіраючыся, смела ішла пад тыя бярозы ад бацькоўскага хутара. Ці ты гэта была. Ці не пераблытаў я цябе з якой-небудзь іншай, ці не падмяніў хто цябе ў бязладдзі і мітусні дзён, ці ў тыя пазіраю сёння вочы, ці тыя бачу грудзі, ці тое цела. Дзе ўсё згубілася, як і калі, у якую далячынь адышла тая ноч. А рэчка наша ўсё яшчэ бруіцца. I бярозы нашы ўсё яшчэ растуць. Ці помніш ты іх? Я помню. Пад той, каля якой мы спыняліся, кожны год стаўлю бочку, збіраю бярозавік. I бярозавік усё яшчэ салодкі. Салодкі...
— Што, не падабаюся? А ты не глядзі. Можаш і вочы заплюшчыць. Працягвай следства, дапытвайся. Я перад табой на самай справе голая. Перад усім белым светам такая.
Тое, што яго жонка Стэфа жанчына, перад усім светам такая, гэта Мар'ян зразумеў, прыняў сам, зразумеў і скарыўся. Але вось што яна такая перад ім — гэта ён адмаўляўся разумець і прымаць. Перад усім светам, калі ласка, а перад ім каб была заўсёды апранутая. Гэта ж сапраўды так, жанчыны, у тым ліку і жонкі, і большасць жонкі, часцей распранаюцца перад чужымі мужыкамі, чымсьці перад сваімі, здымаюць не адзенне, душу распранаюць. З чужым жа толькі хвіліна, імгненне, але імгненне тое шчырае і часцяком ахвярнае. А са сваім усё жыццё, і жыццё, здараецца, нуднае, аднастайнае, як тое кіслае малако, што п'еш тры разы на дзень...
— Што ж ты зноў маўчыш,— перапыніла яго Стэфа,— пачалі вайну, дык закончым. Ці табе зноў карціць далей ад мяне, туды, на фронт, дзе толькі адны мужчыны і ворагі. А я тут ваявала. I вось яна, мая зброя, бяры, гуляйся з ёю. Што ты думаеш, тут адзін толькі твой бацька і твой дзядзька, дзяды Сусанінамі былі.
— I ты, і ты туды ж, у нашы мужчынскія гульні.
— Я ў вашы гульні як нарадзілася толькі пачала гуляць, бацьку свайго спытайся. Падымі з таго свету і спытайся, ён лепш за іншых усё пра мяне ведае. Не я, не я тыя гульні заводзіла. Вы ж мужчыны, такія мужныя ўсе. Што вам дзеўка, што вам баба, што вам лёс наш, жыццё. I дзеці. Святое дзела, святое дзела... З бабы толькі спрос за ўсё. Пытай-ка мяне, пытай аб усім адразу. Маеш ахвоту, пытай аб усім, што да майго яшчэ і нараджэння было. I пачынай з семнаццатага года, з дваццатых, трыццатых, і саракавых гадоў. I пра школу спытай, чаму яе закрылі, хто закрыў... А немец, што немец. Не я яго сюды прызвала, быў ён на мне, не, на зямлі нашай быў. А на мне...
— Не трэба, досыць,— падхапіўся з лавы, заціснуў жонцы даланёю рот Мар'ян. Ён сапраўды не хацеў нічога I чуць пра тое, што было. Слава богу, сам усё ведае, усё было пры ім і на яго вачах, сам салдат ад нараджэння, вайну прайшоў, мір перажыў. I не трэба яму аніякай праўды ад Стэфы, праўды пра таго немца, пагон якога выпальвае ўсё ў сэрцы, уваччу. Праўда гэтая паўстане як сцяна паміж ім і Стэфай. А так застаецца хоць кволая, але надзея. Вечна будзе пакутаваць, вечна будзе гарэць як у агні, але і жыць будзе. Жыццё працягваецца, з падманам, грахом, але ўсё роўна працягваецца.
Читать дальше