— Што ж вы гэта, хлопчыкі, навошта... Ніколі б не паверыла...
— А чаму тут не верыць. Канхвет захацелі. Салодзенькага. Сёння канхвет, а заўтра... Сёння кража з узломам, а потым за нож і пад мост... У горад, да пракурора, а там на электрычны стул.— Місцюк паставіў ліхтар на стол і ўключыў электрычнасць. Святло абрынулася на нас падобна горнаму абвалу. Мы замерлі, як мышы ў крупе ў дзяжы. I няма рады выскачыць, уцячы, і ўкусіць каго-небудзь — такое жаданне абудзілася ў кожным з нас. Я, напрыклад, адразу адчуў свае зубы, сапраўды як мышыныя, белыя, вострыя, здольны быў, здаецца, прагрызці сцяну. I гэтымі зубамі, чужымі мне, цапнуў-такі Сідара, які паспрабаваў наблізіцца да нас. Хапіў да крыві, хуценька, па-мышынаму, упіўся ў руку, сцяў, расцяў зубы, адчуўшы пах крыві, але не Сідара, а сваёй, што цякла з адзеравянелых губ. Сідар перацягнуў мяне таксама механічна, як я яго ўкусіў. Я бачыў, што яму зусім не баліць, а кроў, што цякла з рукі, дык нават, здаецца, і ўсцешыла яго.
— Электрычны стул плача,— сказаў ён амаль радасна.— Ранкам, ранкам да пракурора.
— А мо пачакаем да палудня, калі вернецца Мар'ян,— пашкадавала ўсё ж нас выхавацельніца.— Няхай сам разбярэцца.
— Ніякіх палудняў. Мар'ян таксама ў міліцыі. Разам ім весялей будзе. Хай бачаць: яблык ад яблыні недалёка падае. Машына ўжо на хаду, закінем у горад і гэтую поскудзь.
Машына на самай справе была на хаду, адыходзіла ў горад па прадукты. Нас хуценька закінулі ў кузаў, Місцюк сеў у кабіну побач з вадзіцелем, і дзетдомаўская лайба закульгала па прасёлку. Сумны шлях насустрач турме, а то і ўласнай смерці. А ў той думцы, што нас наперадзе мо чакае і смерць, не было нічога неверагоднага — вельмі ж знянацку прыхапілі нас, разбурылі, зруйнавалі ўсё ў нас, пахавалі надзею і веру ў залаты ключык. Дзеля чаго ж мы змагаліся, дзеля чаго пакутуем? Імкнуліся ашчаслівіць увесь белы свет, здабыць сваё шчасце, а здабылі электрычнае крэсла. I няма, няма ніякага залатога ключыка, а электрычнае крэсла ёсць, пра гэта мы ўжо ведалі: амерыканцы яго прыдумалі.
Місцюк завёз нас у пракуратуру, завёў у кабінет раённага пракурора, які нагадваў кабінет нашага дырэктара, толькі куды большы, стол даўжэйшы, крэслы больш цяжкія, масіўныя. I, гледзячы на гэтыя крэслы, мы адразу ж расшалопілі ўсё.
— Садзіцеся,— запрасіў нас чалавек у акулярах, амаль нябачны ў пакоі пасля дзённага святла. Адны яго акуляры мы толькі і змецілі. Голас яго гучаў мякка, лагодна. Але мы не паддаліся яго лагоднасці. Застылі каля парога: язык к нёбу, ногі-пяткі разам, наскі паасобку, вочы долу.
— Садзіцеся ж, рабяткі,— не голас, а мёд. Але так мы і паслухаліся, пабеглі садзіцца. Двое ўжо селі, Сака і Ванцэці.
Мы і не варухнуліся, толькі скоса зірнулі на крэслы, якіх было каля дзесяці з аднаго і другога боку ля сцен. I кожнае з гербаваю спінкай, і сляпому відно, што справа цёмная. Цікаўнасць толькі брала; усе яны электрычныя ці ёсць сярод іх і звычайныя. Плойма электрычных крэслаў у адным кабінеце — усё ж, здаецца, накладна дзяржаве. Ёсць, пэўна, сярод іх звычайныя, але паспрабуй угадай іх.
Пракурор жа сыходзіў, тачыўся мёдам, як ён нас упрошваў, угаворваў, ну, чаму мы не жадаем сесці. Загадалі мы яму загадку, тады, пэўна, не было яшчэ анекдота пра міліцэйскае запрашэнне прысесці, і яго, хутчэй за ўсё, дзівіла і мучыла наша ўпартасць, брала верх цікаўнасць, што крыецца за гэтай упартасцю і незгаворлівасцю. Няўжо сапраўды перад ім такія адпетыя злачынцы. Дзеці, пад стол пехатою ім яшчэ хадзіць і хадзіць, а дайшлі ўжо, як кажуць, да ручкі, прайшлі Крым і Рым. I не даваў ён у тое веры, не даваў, таму вось так і шчыраваў перад намі, тапіў лёд, запрашаў сесці, спрабаваў разгаварыць. Урэшце мы б мо і селі. Бог з ім, калі электрычнае крэсла, хай будзе электрычным, чым яно горш за тую лужыну, у якую мы селі са сваім залатым ключыкам. Але тут падалі нам голас нашы вантробы, страўнікі нашы, азваліся, далі аб сабе знак яблыкі, якіх мы так налузаліся ўчора. Іх кара была куды больш жахлівай за ўсякую іншую, што існавала на свеце. Так зняславіць сябе ў кабінеце пракурора, ды хто дасць веры, што гэта мы ад яблык, а не з перапуду, калі, канечне, выбавімся з гэтага кабінета жывымі, калі сядзем, крэслы не спрацуюць, а мы ўжо гатовенькія.
Я сёння ведаю, што такое танталавы мукі, але якія гэта мукі ў параўнанні з тым, што зведалі мы ў кабінеце пракурора. I збавенне сваё мы бачылі з вокан гэтага кабінета, зялёненькую шпакоўню ў глыбіні двара з вялікаю раскірэчанаю літарай «М». I глядзелі на яе, не зводзячы вачэй, так глядзелі, што і пракурор зацікавіўся. Ён вылез з-за стала, падышоў да акна. Але двор, пэўна, не сказаў яго воку нічога. Пракурор пастаяў, паскробся пальцам у шыбіну, павярнуўся да нас:
Читать дальше