— Анархія, слухай маю каманду! — мы і не ведалі, што наш Мар'ян здольны так гарлаць.— Адставіць пікі, левае плячо на бераг, шагам арш!
Дзетдомаўцы адставілі пікі і праз правае плячо паслухмяна пакрочылі да берага, на здратаваны, спаскуджаны пляж, над якім апантана свяціў месяц, свяціў так, што аж рэзала ўваччу, клаўся на нашы твары нейкім нежывым металёвым водсветам. I пясок, белы рачны пясок, які быў нам так даспадобы, які так песціў удзень нас, астуджваў і ўграваў нас, калі мы перабіралі лішку на сонцы ці ў вадзе, здаваўся цяпер таксама металёвым, халодным, амярцвелым. I, нягледзячы на гэта, усё вакол было жывым, жыло. Пясок, вада, кусты лазы пад берагам, неба, месяц, зоркі, векавы дуб, пад шатамі якога вечарам кашаварылі плытагоны, дзе яшчэ і цяпер чадзіў касцярок і стаяла закопчанае вядро з недаедзенаю кашай і алюмініевымі лыжкамі. Усё было ахоплена жыццём, стоена прагла ў чаканні жыцця, таго, што вось-вось усхопіцца ветрык, прылашчыць, ускудлачыць лазнякі, прабяжыцца басанож па пяску, змятаючы церуху, згладжваючы сляды бойкі, асуджальна ці радасна залапоча лістотаю дуб, бразне ў вядры кранутая ветрам лыжка, ёй спалохана адгукнецца ў кубле птушка, плёсне ў бераг хваля, змые смецце і кару ад дрэў, шалупінне, паморшчыць ваду, і гэтае шалупінне, кара загойдаюцца на плыні, што дзіцячыя караблікі, плынь падхопіць іх, панясе ўдалячынь, як нічога ніколі ні добрага, ні кепскага і не здаралася тут. Так яно і адбылося. I ветрык прыскочыў, і сцішана бразнула лыжка аб краёчак вядра, застагнаў у кустах казадой, і паплылі па рэчцы драўляныя караблікі. Толькі заставаліся ў нерухомасці мы, дзетдомаўцы, наш дырэктар, плытагоны, што ўсё яшчэ стаялі ў вадзе і нагадвалі штосьці тагасветнае, людзей, якія нечакана ўпалі ў сон ці то заблудзіліся, а мо і наадварот, людзей, якія толькі-толькі прачнуліся, усталі з таго свету пасля страшнага суда і цяпер выбіліся на сваю дарогу, праблукаўшы ўсю цёмную ноч сярод белых пяскоў, дуброў, вады і балот, абудзіліся, знайшлі сваю дарогу і, адчуваючы сябе непамысна, застылі на гэтай дарозе, не ведаючы, што рабіць далей, жадаючы працягваць рух і разумеючы, што ісці па той дарозе, па якой яны ішлі дагэтуль, немагчыма, і яны пакутавалі і знемагалі ад гэтай немагчымасці, ад разумення яе. I так было не толькі з людзьмі, штосьці, здаецца, мучылася, пакутавала і нудзілася і ў паветры нават. Як крывасмокі ці вадзянікі пазіралі з ракі плытагоны, стоячы па горла ў вадзе, як у пякельнай смале, толькі галовы тырчаць з той вады, толькі вочы, бялкі іх жывыя варочаюцца, а насупраць гэтых галоў мы, босыя, галапузыя, і палкаводзец наш Мар'ян у афіцэрскай форме, як генералісімус, што сышоў з п'едэстала. I крывавыя пляўкі каля нашых ног. Неба, поўня, зоркі, рака, дубы.
А што ж далей. Што ж далей. Куды далей... Расступіся, зямля, і прымі нас, мы твае сыны. Расхініся, неба, дай нам крылы, што мы — горш за птушак, якія вольныя ляцець куды захочуць, якіх ты так песціш і лашчыш, упадабляеш іх сабе, ветру, адплюшчыце вочы, зоркі, узмахніце вейкамі, мо і з вашага вока скоціцца сляза, зірніце на нас, на зямлю, дзе поўзаюць казюркі і чарвякі, і мы сярод іх. Мы над імі, але сярод іх. Ці ж гэта справядліва? Што ж ты маўчыш, вячысты дуб, гадоў пяцьсот ужо ж, пэўна, як пры памяці, а ўсё маўчыш. Калі ж і каму падасі ты голас? Настаяўся на адным месцы, наглядзеўся, як мы пакутуем, радуемся, творым паскудства. Час, час і слоўца б вымавіць. Ну...
— Адбой,— сказаў Мар'ян.— Па палатах, анархія, спаць, спаць усім.— I звяртаючыся да плытагонаў: — Вылазьце, мужыкі, паталкуем-памяркуем...
Нешта я лаўлю сябе на тым, што пішу аб мінулым, аб той ночы, якая даўно прайшла ўжо, са шкадаваннем і папрокам. Дакараю, папікаю ў нечым Мар'яна і сябе. I наогул хілюся кудысьці ўбок. Не і не, не было нічога падобнага ў тыя дні, калі ўсё гэта здарылася. Хлусня, нібы я штосьці адчуў і пачаў вінаваціцца, зірнуўшы на поўню, плытагонаў у рэчцы, падумаў пра дарогу і вецер. Сённяшняе ўсё гэта. I само здарэнне — толькі цень яго, як у фантастычным апавяданні I. Яфрэмава. У тым апавяданні, наколькі помню я, расказваецца, як камень, лава, што застыглі пасля вывяржэння вулкана, сфатаграфавалі і данеслі да нашых дзён адлюстраванне, постаць дагістарычнай жывёлы, якая ступіла ў гэтую магму тысячагоддзі і тысячагоддзі назад. Жывёла ступіла ў агонь і, вядома, згарэла, але час захаваў і данёс яе да нашых дзён, данёс, канечне, не саму жывёлу, толькі цень яе ў камені, плоскі адбітак. Але цень таксама ж будаўнічы матэрыял. I матэрыял гэты сапраўдны, а ўсё астатняе — гэта ўжо наслаенне, напластаванне і настрой, падсвечванне часу, і гэтае падсвечванне не заўсёды адпавядае ісціне. Але, імкнучыся ўсё ж да ісціны, сапраўднасці, я гатовы паклясціся, што ўсё было іменна так і трохі інакш. Ні я, ні мае таварышы ў той час нікога не абвінавачвалі і не папракалі. Радасць была, уздым. Загадай нам хто-небудзь у той час — не тое што плыты, увесь белы свет расцягнулі б, раскідалі б па бервяну, колькі ёсць рэк на свеце, з кожнай пакралі б лес, хапіла б не толькі на сталоўку нам, дзетдомаўцам. Можна было б адбудаваць гмах для ўсіх, хто жыве на зямлі.
Читать дальше