Немагчыма ў дзетдоме ўчыніць нешта такое, каб гэта не выкрылася, няма ў дзетдоме тайны, калі пра штосьці ведаюць больш, чым адзін чалавек, гэта вядома ўжо ўсім. Ад каго ўздумалі схаваць праўду, ад шкетаў. Гэта ж амаль тое самае, што хаваць шыла ў мяшку. Мы ж былі тэлепатамі, хоць і ведаць не ведалі і чуць не чулі пра тых тэлепатаў. Мы чулі іншае, чулі слова, калі яно яшчэ і не вымавілася, счытвалі тое слова з вуснаў, чыталі па вачах, утадвалі думку, якая толькі яшчэ ў таго ці іншага разумніка варушылася ў галаве, толькі нараджалася. Мы праз паветра, якім дыхалі, ведалі ўжо ўсё. I на схоне дня ўвесь дзетдом ужо не жыў, як звычайна, а захоўваў тайну. Тайна і маўклівасць распіралі нас, як вясна распірае жабу: ура, як толькі змеркнецца, мы ідзём на крадзеж. На святы крадзеж. Дзетдому трэба сталоўка. Але няма лесу пабудаваць яе. Дык у чым жа справа, што гэта за праблема такая. Вунь колькі праплывае міма нас, па нашай славутай рэчцы Пятлянцы, лесу: дубовага, хваёвага, асінавага. Куды, каму ўсё гэта, у якія гарады і краіны, на якія прадпрыемствы, будоўлі, шахты... Што нам да таго. Мы возьмем колькі нам трэба, не больш. Лішняга не кранем. Ніхто не забяднее, не прыкмеціць нават. Плытагоны? Ну і што? Здаровыя мужыкі? А нас затое багата. У іх багор з жалезным круччам? А хай іх з гэтымі круччамі. Ну, скруцяць, праб'юць аднаму галаву, на яго месца ўстане дзесяць. Мы таксама біцца ўмеем. З намі ж будзе і дырэктар наш, ён фронт прайшоў, з фашыстамі біўся. I не аднаго паклаў. Шкетам нельга, шкеты павінны класціся спаць. Пакладзёмся, на які толькі бок лепш, на правы, на левы, шчаслівыя, гавораць, заўсёды адпачываюць на спіне. Мы будзем адпачываць на спіне. На спіне, толькі на спіне будуць адпачываць нашы майкі, мы іх добра наб'ём саломай, сон іх будзе глыбокі і спакойны. I нікога не траба падымаць, каб схадзіў на двор, ніякіх турбот дзяжурнаму выхавацелю.
Яшчэ і адбою не было, а ўсе на ложках ужо. Адбой — дзетдом ужо спіць мёртва.
Апоўначы ўвесь дзетдом у поўным складзе, уключаючы і дзяўчынак, быў каля ракі. Мы, шкеты, не вытыркаючыся, седзячы ў кустах па сваіх схованках, дазволілі старэйшым разабраць першы плыт і выцягнуць бёрны на бераг і толькі тады прыйшлі ім на дапамогу. Палезлі з усіх бакоў, з-пад кожнага куста, мурашынымі сцежкамі. I, як мурашкі, учапіліся ў бёрны, сцяўшы зубы, пацягнулі іх да дзетдома і далей, за дзетдом, самі дапетрылі: хопяцца плытагоны — чорта лысага знойдуць, а знойдуць — не дадуць рады даперці іх зноў да ракі. Як мы шчыравалі, як пнуліся і выжыльваліся, косці трашчалі, бо справа вартая была таго. На сябе ж рабілі, на сябе. Не падыходзь, не замінай ні звер, ні чалавек, скалечым, у зямлю ўваб'ём. У глотку зубамі ўвап'ёмся кожнаму, хто наважыцца стаць папярок дарогі. Плытагоны наважыліся, прачнуліся, прыбеглі, пачалася звалка. Біліся старэйшыя, мы, шкеты, працавалі, рабілі ў той бойцы сваю справу.
I так рабіць мне не даводзілася болей ніколі, высалапіўшы язык, выскаліўшы зубы, як толькі сабака грызе костку, якую ўжо нехта спрабуе адабраць у яго, а ён спяшаецца, грызе, гірчыць, наравіць цапнуць таго, хто перашкаджае яму. I які спрыт, якая імклівасць, якая злосная моц яго іклаў, здаецца, што, акрамя злосці, больш нічога і няма, цела зацята спрасавана, як тыя карлікавыя звышпланеты. Вось так і мы.
А дзе ж знаходзіўся Мар'ян у той час? Пэўна, там, дзе яму і прадпісана знаходзіцца, дзе знаходзіцца камандзір, калі кіпіць бой, дзе той час быў заўсёды Чапаеў, згодна таму, як вучыў яго камісар. Мар'яна я ўбачыў толькі тады, калі плытагоны выйшлі з рукапашнай, схапіліся за багры тыя самыя, з вялізным жалезным круччам. У афіцэрскіх бліскучых пры святле поўні ботах ён ступіў на белы пясок пляжа, дзе разгулялася бойка, спрабаваў спыніць яе, спыніць багры, што навіслі над нашымі галовамі. Але гэта была дарэмная спроба. Багор палохаў нас да той пары, пакуль ён у якасці зброі ляжаў на зямлі, а не ў руках саперніка, пакуль мы толькі згадвалі аб ім, думалі аб ім як аб зброі. Калі ж думаць ужо няма чаго, багор ператварыўся ўжо ў зброю, узляцеў над тваёй галавой, тут і страху ўжо няма, трэба бараніць сваё жыццё. Зразумела, калі ты не апошні трус і здольны выбраць жыццё. У таго, хто абараняецца, пэўна, заўсёды была, ёсць і будзе перавага перад тым, хто наступае, у бяззбройнага перад узброеным. Мо таму ўрэшце перамагае праўда. А праўда за тым, каму мазжаць, трушчаць галаву, хто развітваецца з жыццём. Праўда за жыццём, якое ў цябе адбіраюць. I сіла за ім, нават калі ўжо скончылася жыццё.
Плытагоны першыя ўзяліся за зброю, за багры, узнялі і былі гатовы да забойства, таму з такім шаленствам і лютасцю мы і накінуліся на іх, выратоўваючы сваё жыццё, абяззброілі імгненна, паперлі па беразе, скінулі, загналі ў раку. Дзетдомаўская арда з баграмі, як з пікамі, наперавес гнала іх на глыбіню, у вір. I хто ведае, за кім была б тады тая праўда і хто б дзе быў пасля, калі б разгубіўся Мар'ян.
Читать дальше