Так, корпаючыся ў мінулым, на гарышчы былой пагранічнай казармы, мы некалі шукалі сваю будучыню, у слупах пылу, змроку закуткаў, у якія не заглядвала і сонца, мы сталелі, пранікалі розумам у дзень будучы. Каб быць ужо да канца праўдзівым, трэба сказаць, што паводзілі мы сябе, шукаючы сваё мінулае і будучыню, як дзікуны, мо і ў той дзень учынілі там нешта дзікае, агіднае, мо нават хто з нас паленаваўся злесці на двор, збегаць да ветру, справіў сваю патрэбу на гарышчы. I тая наша несвятая вадзіца трапіла на дырэктарскі стол, на яго белы-бялюткі падкаўнерык. Так гэта было ці не, але ўгнявілі мы свайго дырэктара так, што ён і з твару змяніўся, палаў яго твар. I нашы вушы палалі, апякала босыя пяты пафарбаваная падлога дырэктарскага кабінета, якую мы ўшчэнт сплямілі пылам, што прынеслі на сваіх нагах з гарышча. Але ў тым мы былі ўжо не вінаватыя, ці ж па-праўдзе магчыма было ўстояць, не перабіраючы нагамі ў чаканні кары.
Збавенне было нечаканым і незразумелым. Да дырэктарскага акна падруліла «эмка», мы адчулі, што нам пячэ ў пяты яшчэ больш: каго гэта на ліха нам чорт наслаў, адна справа, калі цябе пакараюць свае ж не пры чужым воку. Заслужыў — а прымай. Вініцца і атрымліваць па карку навідавоку ў чужынцаў... Што мы, не людзі і пра годнасць сваю ўжо забыліся? Не хапала, каб усякія тут ездзілі і глядзелі, як мы плачам, бачылі, як дзетдомаўцы плачуць. Не плачуць яны. Не нарадзіўся яшчэ чалавек, які б вымусіў заплакаць дзетдомаўца, сем раз ён наперад аблезе і абрасце няроўна. Мы зацяліся, стаіліся, як некалі партызаны і падпольшчыкі: паліце нас на агні, рэжце на кавалкі, пасыпайце соллю — мы не вымавім і слова, слязінкі не выціснем. Усё гэта прамільгнула ў галаве кожнага з нас, і кожны цвёрда вырашыў сам сабе: стаяць, трымацца гэтага, ні ў каго не прасіць ні падтрымкі, ні парады, ні літасці. Усё гэта было ўжо ў крыві ў нас, як кажуць сёння, у тыповых умовах — тыповыя паводзіны.
I ўсё ж у той дзень мы не ўтрымаліся, здрадзілі сабе.
Мы плакалі. I дырэктар нашага дзіцячага дома даў запеўку таму плачу, паказаў, як могуць плакаць мужчыны. Мы трымаліся, як партызаны на допыце, і амаль не чулі, пра што гавораць прыезджыя з нашым дырэктарам, праўдзівей, чулі ўсё і слухалі на ўсе вушы, але паколькі гаворка нас не тычылася, то і словы іх у адно вуха ўляталі, з другога выляталі. Мы чакалі галоўнага, калі прыезджыя, а іх было тры, і ўсе па адзін капыл, усе ў напаўваеннай форме, як ва уніформе, тыя ж самыя адзежкі, з аднаго сукна і аднаго колеру кіцелі, як і ў нашага дырэктара, і пастрыжаны ўсе высока «пад бокс», і твары аднаго крою, асмужаныя да рудога, абсівераныя адным ветрам, і фуражкі ва ўсіх аднолькавыя, белыя, палатняныя, цывільныя, але на ваенны фасон пашытыя. Дык вось мы чакалі, калі чатыры пары сталёвых і бязлітасных вачэй сыдуцца і спыняцца на нас і мы, як зайчыкі, якіх неўспадзеў прыхапілі ў аўсе, порскнем сваімі вочкамі ў розныя бакі, а нас адразу ж зловяць, прыціснуць да зямлі, вымусяць прыціснуцца ў чатыры камандзірскія глоткі, і скочаць, пакоцяцца пад ногі нашы спалоханыя сэрцы, што ўжо знемаглі ад чакання, калі ж нас пакараюць і праз пакаранне памілуюць, адпусцяць на волю. Але час ішоў, а на нас ніхто не звяртаў увагі, мы адчулі ўжо нават сум. Нішто так не зводзіць, як чаканне. У душы мы ўжо мо і прасіліся, каб нас хутчэй прыкмецілі і пакаралі, адпакутуем сваё і прэч з гэтага кабінета да таго часу, пакуль нас зноў не падловяць на чым-небудзь. Але ж калі тое свята будзе, а цяпер, як кажуць міліцыянеры: грамадзянін, не трэба. Не трэба так здзекавацца з нас, дратаваць нас так чаканнем, і пра вашы дарослыя клопаты мы не вельмі жадаем ведаць і слухаць. Гаворка ж на самай справе ішла нейкая нецікавая, сумная, пра карчаванне, лес нейкі. Адзінае, што мы толькі ўспрынялі і адразу ж навастрылі, натапырылі вушы: лес будуць не толькі рэзаць і секчы, але і карчаваць, падрываць толам, узрыўчаткай пні. Здабыць шашку толу і глушануць у рэчцы сома — запаветная наша мара. I мы ўзрадаваліся, калі пачулі пра тол і ўзрыўчатку: не, недарэмна, не марна бавілі мы час у кабінеце дырэктара. А Мар'ян усё ж трохі дурнаваты, чаму ён так упарціцца, адмаўляецца, моліць прыезджых не губіць ласіны востраў, зубрыную затоку, не кранаць гаю. Дрэў яму шкада, ды колькі іх вакол, Маскву пабудаваць хопіць, нацешымся хоць, калі не ўкрадзём таго толу, паглядзім, як падрываюць пні, яны ж лятаць будуць... Ды і чаму гэта раптам не ўкрадзём, як гэта, не ўкрадзём, стырым, калі на тое пайшло, калі ўкрасці не пашанцуе, сцібрым. Радавацца трэба, а не глотку драць, даказваць, што нехта павінен прыйсці на той востраў, да той затокі, цар прыроды, зубр нейкі. Мо прыйдзе, а мо і не прыйдзе. Хто ж гэта ведае, што ў галаве ў таго цара. Ды і якія цяпер цары, знайшлі пра што гаварыць. Не, непрыстойна неяк паводзіць сябе перад прыезджымі Мар'ян, як сапраўды яны цары, а ён халуй іх. На коленцы вось упаў перад імі, паўзе да іх на коленцах, як не сорамна.
Читать дальше