У гэтую хвіліну сюды, да ганка, падышоў матацыкліст з вядром, плюхнуў з яго нешта вільготнае на сцяну, запаліў запалку i кінуў туды — тут жа ўспыхнула полымя, пашугала да страхі, што пачала ўгарацца спадыспаду, трашчала, як нешта ў ёй лопалася, задымелася i ўсхапілася чырвонымі языкамі. Ужо неўзабаве паваліў дым з самага верху — i страха ўся ўспыхнула, загула, апаліла жарам.
Матацыкліст у гэты час нешта закрычаў па-свойму, кінуў вобземлю вядро, пабег да матацыкла i вярнуўся адтуль з фотаапаратам, замахаў усім немцам рукой, паказваючы ісці да хаты. Тыя ахвотна падышлі, сталі побач, адзін ля аднаго, спіною да агню, усміхаліся (стаяў ля афіцэра i стары немец, толькі не ўсміхаўся) — матацыкліст укленчыў на адно калена, закінуў за галаву тонкі паясок, прымяркоўваў фотаапарат на ахопленую полымем хату i пстрыкаў, пасля падняўся, шчасліва ўсміхнуўся i падняў уверх вялікі палец: — Фэрціг! Унд шэн![ 11 11 Гатова! I цудоўна! (ням.)
]
Як выехалі за хлеў, Казік зірнуў на суседскія хаты: яны былі ўжо без стрэх, з чорнымі кроквамі i латамі, што густа дымеліся, a мясцінамі, дзе былі на ix сучкі, гарэлі чырвона-жоўтымі агеньчыкамі. Чорныя, як галавешкі, стаялі i сцены, сіне дымелі. Дрыжала вакол ix нагрэтае паветра. Казік пазіраў i бачыў, як абрынуліся кроквы дома Навіцкіх, паехалі долу, задымелі i пырснулі іскрамі.
За лесам у чыстае блакітнае неба поўз чорны дым — гарэў увесь хутар. А можа, дымеліся яшчэ i Пруды ды Крычаты.
— Хатачка мая! — зноў не вытрывала, дала волю слязам маці.— Кароўка мая, жытачка наша!.. Дзе-е-э-тачкі мае!..
Заплакаў за маці i Казік, адчуў: згарыць вось-вось іхняя такая ўтульная хата, а ix некуды звязуць. Стаяць вунь на дарозе ў мястэчка нагружаныя клункамі падводы суседзяў. Сталыя мужчыны самотна пазіралі на ix i на іхнюю палаючую хату, стаялі ля вазоў, а кабеты i дзеці сядзелі на клунках. Сядзеў на звязанай вузлом дзяружцы i светлавалосы Паланевічаў Стасік, але ён быў цяпер маўклівы, заплаканы i на Казіка, здаецца, нават не зірнуў.
Ля калёс на траве, гаворачы i моцна смеючыся, сядзела трое маладых немцаў-салдат, трымаючы між ног аўтаматы, i ля ix — моўчкі двое паліцыянтаў. Ba ўсіх былі да каленяў аброшаны боты i спацелыя, з цёмнымі рагамі твары...
Цяпер, як выехалі на дарогу, было відаць, што гарэлі i Янковічы: вісеў над імі дым аж да неба. Спачатку паднімаўся слупкамі ад кожнай хаты, а тады — вышэй — зліваўся ў вялікую чорную хмару, што распаўзалася па ўсім небе, захіляла сонца.
Бацька пад'ехаў да Грыгарцэвічавага воза — немцы i паліцыянты паўсхопліваліся, закрычалі пярэднім ехаць. Невялікі абоз крануўся. Немцы паўскоквалі на першыя вазы, распіхваючы дзяцей, пазвешвалі ногі, трымаючы ў руках аўтаматы. Калі памкнуўся ўсесціся на пярэдні воз паліцыянт Шыдлоўскі, то два немцы, смеючыся, сапхнулі яго з калёс, штурхнулі ў паясніцу нагамі. Шыдлоўскі паляцеў долу, на абочыну, упаў на калені, хуценька падхапіўся i ўсміхнуўся. Але смяяўся не хочучы, з сорамам. Болей ні на які воз не палез, пачакаў старога немца, які гэтаксама падышоў да дарогі, i пасунуўся побач за ім ззаду калёс, на якіх сядзеў Казік.
Нечакана ляснуў кароткі стрэл — i запішчаў парсюк, як стрэлілі яшчэ раз, завішчаў i меншы падсвінак тонкім голасам. Што там на двары болей рабілася, не было відаць з-за хаты.
Тут, з гэтага боку, бачылася, як ухапілася агнём страха не толькі на хаце, але ўжо i на гумне ды на дрывотні, пацягнулася ўвысь доўгімі агнянымі языкамі, бачылася, як адыходзіць далей ад хаты афіцэр, адкочваюць ад платоў матацыклы салдаты. Як адапхнулі ix, падскочылі да каровы, якая ўцякала, скачучы пярэднімі снутанымі нагамі. Але салдаты, абапёршыся на яе поўныя бакі, хутка злавілі яе за рогі.
—Божа мой, божа!— галасіла маці.— Дзе ж твае, божачка, вочы, дзе тваё добра сэрца? Што ж ты дапускаеш ужо каторы год на свеце? Азвярэлі людзі i ўдзень i ўночы страляюць, б'юць, палохаюць... Колькі ж можна ўжо жыць у страху, што заб'юць, абяруць да ніткі? Дакуль будзе гэтая вайна, калі будзе ёй які канец?
Бацька, угнуўшы галаву, ішоў збоку, трымаў у руцэ лейцы i маўчаў. Прыплюшчыў толькі вочы i часта азіраўся на хату, на якой бачыліся ўжо чорныя латы, высокі чырвоны комін. Твар бацькаў як скамянеў, здаецца, ні крывінкі на ім, ні дабраты, адна зацятасць, крыўда i злосць.
—Мёд пакідала дзецям на лякарства — не ўзялі...— прамовіла маці.— Кажух вісеў пры запечку, дзяруг колькі пакінулі...
—Я пра сярпы, касу ды вяроўкі забыўся...— нарэшце загаварыў бацька.
—А картофлю, што была ў кладоўцы, узяў?
Читать дальше