Спала, падклаўшы пад падушку рукі, i Яніна. Ляжала на ложку ў халаце, босая. Відаць, доўга — пакуль не прыйшоў вячэрні аўтобус — чакала яго, замаркоцілася, прыхінулася на неразабранай пасцелі i заснула.
Русовіч нагнуўся, пацалаваў яе ў шчаку. Яна імгненна зморшчылася, а пасля падхапілася, абцягнула на круглаватыя калені халат, ca сполахам залыпала соннымі вачыма. Тонкімі пальцамі працерла ix, нібы не ўзрадавалася, што ён прыехаў, села i не пазірала на яго. Ён заўважыў, што павастрэў яе прыгожы шыракаваты твар, патанчэла шыя, не аблягае, a вісіць на ёй халат. Здаецца, нядаўна яна была паўнейшая.
—На чым ты прыехаў?— спытала яна, папраўляючы валасы, i была ў гэтую хвіліну свойская, блізкая ды родная, адно, што ў ёй нязвыклае, гэта тое, што яна не ўсхліпнула: звычайна, як толькі ён пасля тыднёвай ростані вернецца дадому, дык яна заплача ад радасці.
—На легкавушцы. Уласнік адзін падкінуў.
—А я во чакала i заснула...— сказала яна, чамусьці не падышла i не прытулілася, а падалася да стала, дзе пад газетай былі талеркі з грыбамі, салам i яйкамі — тлушч застьў, пабялеў, хлеб прысох; мелася i яго любімая яда — тоненька накрышаная капуста, пасоленая i аблітая маянэзам.
—Дзякую, дарагая! — ён падышоў, прыхіліў яе i пацалаваў.
—Калі ўспомніў, — з крыўдаю папікнула яна, але прытулілася.— Забыўся ўжо пра нас, не спяшаешся дадому... Табе там, канечне, весялей. Ды, можа, якую i маладзейшую ды прыгажэйшую знайшоў?..
—Па-твойму, м не ў галаве толькі адны дзяўчаты...
—Бог цябе ведае...— жонка ўжо зусім адышла ад сну, прамовіла крышку з рэўнасцю, а пасля, як адумаўшыся, каб не пакрыўдзіць, пажартавала: — Ох, бацька, глядзі, падскочу калі неўспадзеўкі, праверу, як ты там паводзішся...
—Правер, — усміхнуўся ён, ведаючы, што яна ніколі не паедзе яго правяраць.
—Ці скора ўжо будзе якая кватэра?— сур'ёзна спытала яна, села на ложак, i ён сеў ля яе.
—Праз год, кажуць.
—I летась i сёлета было «праз год»...
—Што ж я зраблю?
—I гаспадыня не хоча ўзяць з дзіцём?
—Нe.
—Анька змучвае мяне, Міша, — паскардзілася Яніна на дачку.— Неслух, любіць гуляць на дварэ. Выпускаючы, накажу ж дзесяць, можа, разоў: гуляй ля дому, нікуды не адыходзься. Дык не слухае. То з вясковымі дзецьмі куды збяжыць, то на сані да каго ўсчэпіцца i з'едзе куды — усе ж бяруць: «дакторчына дачка, без бацькі во...» Злуюся калі, а то i пацягну якім матузом, прыстрашу: прыедзе бацька, раскажу ўсё, дык дасць! Не баіцца, пацвельваецца, што «тата біць не будзе, а будзе гуляць». Так што не толькі гуляй, a i прыстраш гэты раз крыху: табе радасць, тыдзень не бачыўшы, пагуляць, а мне потым небалазе...
Ён усміхнуўся: як ты будзеш крычаць, калі дачка такая прыгожая, слаўная, пазірае i смяецца, а то i папросіцца на рукі, абаўе шыю i шчабеча: «Мой татка!»
—Але не магу я без яе... Як падумаю, што трэба аддаць яе бацькам, каб пераехаць да цябе i быць у горадзе, дык плачу... Лепш буду я з ёю тут чакаць цябе...
—I я чакаю суботы, каб паехаць да вас, пабыць з вамі...
—Ну, ладна, Міша, — супакоілася жонка.— Давай паставім сала ў печ, пагрэем. Ды i цішэй гавары, а то Аньку разбудзім, — прамовіла, абняла яго за шыю.— Не магу я так, паасобку, болей, дарагі... Не магу...
—Ну, мацуйся, — папрасіў ён, — не ўсё ж легка даецца. Ніхто нам не паможа, што самі зробім, тое i будзем мець.
—Табе добра так гаварыць...
—I мне нялёгка, — прамовіў ён, — але думаю, што даб'ёмся свайго i стане лягчэй. Абы мы з табой разумелі ўсё гэта i трымаліся.
—Можа, i твая праўда...- Яніна прылашчылася, пацалавала.- Мне з табою лёгка, з табою я спакойная i нічагусенькі не баюся. Калі адна тут, дык ўсяго надумаюся... A з табою я веру, што ўсё добра будзе...
Русовіч пацалаваў жонку, Яніна тулілася да яго i, мусіць, ужо радавалася, што ён прыехаў, i зноў, як раней, ціхенька заплакала ад пяшчоты.
—Паглядзі, што я табе прывёз, — сказаў ён, раскрыў сумку i падаў пакункі, якія купіў на днях.
Жонка, пакуль ён распранаўся, выцерла слёзы, разгарнула паперу з пакункаў, убачыла хустку, завязала яе i падышла да люстэрка, паглядзелася, азірнулася, каб i ён паглядзеў на яе. Цяпер яна здавалася прыгожаю як ніколі. Русовіч глядзеў i радаваўся.
—Дзякую, — Яніна цмокнула яго ў шчаку, разгледзела другія пакункі.— Ну, во i добра, што шаравары Аньцы ўзяў. Зусім падрала тыя, сёння латала ix. Смяецца гаспадыня: у горад прагнеце, а латанае носіце. Не разумее, што я кожную капеечку берагу... I ты, мусіць, заплаціў за кватэру, сталаваўся, патраціўся на падарункі, то будзеш на дарогу прасіць у мяне...
Читать дальше