«Не ўжывёмся мы з ёю...— пабедавала тады Яніна.— Не будзем слухацца яе — будзе гудзець кожны дзень, як чмель. Падмалодзім яе хату — прагоніць... I веска добрая, i людзі талковыя, але, мусіць, не прыжывёмся мы тут. Сваей жа хаты няма за што яшчэ купіць, саўгас толькі праз пяць гадоў думае вялікі дом ставіць, дык прыйдзецца некуды пераязджаць. Ці ў другую вёску, ці ў горад нават... Едзь, можа, пакуль што ты адзін куды, уладкуйся на работу, апытай кватэру, а я з Анькаю пакуль што тут застануся, параблю яшчэ на медпункце ды буду чакаць, калі нас забярэш да сябе».
...Прыехалі ў райцэнтр позна. Калі выйшаў з вагона, Русовіч зноў убачыў знаёмы гарадок — вузенькі пры пероне скверык, збоку яго — жалезныя вароты, праз якія трэба ісці ў горад, пустыя скрынкі з-пад піва, што былі складзены ля сцяны буфета. За варотамі разлягалася шырокая белая плошча. Збоку на ёй стаяла паблізу таксі. Шафёр сядзеў у машыне i курыў.
—Падвязі, сябра, у Вішнёўку, — папрасіў вадзіцеля Русовіч.
—Не, не, — замахаў той рукою.— Езджу толькі па горадзе. Туды дарога благая.
Расхваляваны Русовіч хацеў ужо зайсці ў кулінарную лаўку i купіць шклянку соку, як убачыў: прыпынілася паблізу плошчы бурачковая легкавушка, i з яе вылез высокі, плячысты, у шапцы-вязанцы, у штанах-джынсах чарнабровы мужчына, ляпнуў дзверцамі, каб яны добра зачыніліся, i падаўся ў кулінарыю.
—Здароў, сябра! — дагнаўшы, наўмысна весела прывітаўся з ім Русовіч.
—Салют!— той спачатку азірнуўся, прыплюшчыў вялікія выпуклыя вочы, пакручваючы на пальцы ключы ад машыиы.— Не ведаю...
—Падкінь у Вішнёўку, — папрасіў Русовіч.— Дваццаць вёрст. Але во як трэба, — i ён правёў пальцам сабе па шыі.
Уласнік плюснуў вачыма, згарнуў ключы, укінуў ix у кішэню, але нічога не сказаў.
—Чырвонец даю... Нy, прашу.
—Трэба жонку з работы забраць, — нарэшце прамо віў ён.— Byнь тая, тоўсценькая.
—Накідаю траяк...— сказаў Русовіч, адчуваючы, што таго можна ўгаварыць.
—Стой тут, — буркнуў шафёр, — пайду параюся з ёю. Сам ведаеш, баба...
Уласнік доўга стаяў ля буфета, піў паціхеньку сок, смяяўся з поўненькаю прыгожаю жонкаю ў белым халаце, з залатымі пярсцёнкамі на пальцы, тая i слухала, i, здаецца, нешта злосна гаварыла, раз за разам кідала позіркі сюды, на двор.
—Ну, паехалі, —выйшаў нарэшце i сказаў сваё слова ўласнік.— Толькі ўсё наперад...
—Будзе, — згадзіўся радасны Русовіч.
—Яно так лепей... Дарога добрая? — павесялеўшы, запытаў той.
—Ды, лічы, асфальт! — падбадзёрыў Русовіч.
—Глядзі, каб машыну не пасадзіць.
—Не бойся, — заспакоіў яго Русовіч, прысаджваючыся побач i даючы грошы.
—Знаеш, машына!.. З неба не звалілася...— той, здавалася, не спяшаўся браць грошы, доўга праціраў анучкаю шкло, прымушаў патрымаць ix у выцягнутай руцэ, а пасля ўжо ўзяў, зірнуў i сунуў ix у кішэню курткі. Пасля паехаў памалу, за горадам аб'язджаў кожную грудку ды ямінку, усё цмокаў: — Вот табе i асфальт! Такая коўзь: можа закруціць, скінуць у канаву.
—Не скіне, — супакойваў яго Русовіч.
—Але добра во свайго каня мець!..— усміхнуўся той пасля, бачачы, што Русовіч маўчыць.
—Ды няблага, — у тон яму адказаў Русовіч.
—Збіраеш гэтаксама? — разгаварыўся уласнік.
—Збіраю...
—I дом свой маеш?
—Маю. Чатыры пакоі, хлеў, гумно i лазню...— чамусьці задзірыста, успамінаючы намесніка іхняга музея, сказаў Русовіч.— Сёлета падвал яшчэ вымурую, гараж, цагляную будку сабаку зляплю.
—Ого! — здзівіўся той, зірнуў з павагаю.— Куркуль ты! Не дзіва, што так во раскідваешся. Другі ноч сядзеў бы на вакзале, але за дваццаць вёрст не даў бы столькі. А ты...— гаварыў ён i зайздраснавата круціў галавою.— Малады яшчэ, a ўжо такі забяспечаны.
—Самае важнае ёсць...— усміхнуўся Русовіч.— Не трэба шукаць.
—Ды канечне, — згадзіўся ўласнік.— Дзіва што!
...Ля жончынай кватэры, ля зацягнутага фіранкаю акна Русовіч прыпыніўся, узрадаваўся, што ў пакойчыку яшчэ гарэла святло. Адчуваючы хваляванне, радасць, што ён блізка ля сваіх мілых жанчынак, ціха зайшоў у сенцы, а тады на кухню, чуючы знаёмы прыемны пах хаты — пах печы i свежа вымытай падлогі. Зірнуў на тапчан — гаспадыні не было, пайшла, відаць, да суседзяў глядзець тэлевізар.
Ён ціха адчыніў дзверы, зайшоў у жончын пакой i з замілаваннем убачыў, што дачка Анька, раскрытая, у кашульцы, цмокаючы вуснамі, спала ў калысцы, што стаяла непадалёку гарачага стаяка. Вакол яго на абвіслым шнуры сушыліся калготкі ды сукеначкі. Яму яшчэ бліжэй дыхнула знаёмым дамашнім пахам, водарам розных лякарстваў, без чаго яму было самотна ў горадзе...
Читать дальше