—Буду, — усміхнуўся, прытуліўся да яе.— Добра ведаеш, якi я багацей...
— Ну, скажы ты мне ласкавае слова якое, — прашаптала яна, калі яны павячэралі, прыбралі стол, памылі посуд, ляглі спаць.
—Што табе сказаць?— спытаў ён.— Ты мне «нешта» сваё скажы...
—Пасля... Спачатку ты скажы, ці любіш мяне.
—Я ж табе гэта ўжо даўно гаварыў, — усміхнуўся ён, пагладзіў яе па валасах, па шыі, — Яшчэ тады, калі думаў замуж узяць.
—А ты яшчэ раз ска жы, — Яніна заплюшчыла вочы, пацалавала яго ў шчаку.
—Ну, так, — усміхнуўся ён, адчуваючы, што дома ўсё добра, што жонка паклікала яго толькі таму, што засумавала. Але ён не мог крыўдзіцца. Прыгарнуў жонку да сябе, пацалаваў.
—Родненькі, забяры ты мяне адгэтуль... Не магу я адна, хачу быць толькі з табою. Як падумаю, што магла б у любую мінуту падысці да цябе, прыхінуцца, сказаць ласкавае слова, дык так стане на душы... Мы ж маладыя, толькі цяпер нам жыць i радавацца...
—Ну, ты ж павінна разумець, — сказаў ён, адчуваючы нейкую перамену ў ёй, гадаючы, ад чаго яна магла быць.
—Розумам то я ўсё разбіраю, — згадзілася Яніна.— Але сэрцам...
—Ну, усё будзе добра, — супакойваў ён, гаворачы тыя словы, якія гаварыў ёй ужо часта, крышку крыўдзячыся, што яна сёння да яго нейкая абыякавая.
—Міленькі! Як добра, што ты ёсць. Што я рабіла б, каб не было цябе?— яна ўзнялася, прылегла на яго плячо i палажыла яму галаву на грудзі.
—Нехта другі быў бы, — пажартаваў ён.
—Што ты гаворыш! Я не хачу i думаць пра гэта, — гаварыла Яніна.— Каб не ты, я была б нешчаслівая. Ну, скажы, Міша, ці ёсць на свеце такія людзі, якія так любяць адно аднаго?
—Відаць, ёсць, — усміхнуўся ён, чакаючы, калі яна нагаворыцца i супакоіцца, дасць волю сваім пачуццям.
—Ох, ты, мае шчасце, гора i бяда. Усё ты маё... Адкуль ты ўзяўся такі? Аж страшна, калі падумаю, што мы ж маглі i не сустрэцца...
—Маглі... Гэта i ёсць тое, дзеля чаго ты выклікала мяне?
—Не, — прамовіла Яніна i адразу неяк пасумнела.
—А што?— зноў усміхнуўся ён: «Што ж яна хацела мне сказаць, акрамя ўсяго гэтага?»
—Ёсць адно такое...
—Ну, скажы, — спакойна папрасіў ён, — хоць я ўсё роўна вельмі рады, што ты выклікала мяне.
—Цяжарная я...— сказала яна i прыціхла.
Ён, пачуўшы гэта, зразумеў, чаму яна так сёння сустрэла яго, нават здзівіўся, як яна здолела дасюль маўчаць пра гэта.
—Жартуеш?— ён захваляваўся, адразу зразумеў, што ўсё гэта для ix значыць, але спытаў яшчэ раз з надзеяю, што, можа, гэта жарт.
—Хто-хто, а я ж ведаю, не магу памыліцца...— сумна прамовіла яна.— Ну, што ты скажаш?
—Не ведаю, — прызнаўся Русовіч, здагадваючыся, што было гэтыя дні на душы ў жонкі.— Надта ж неспадзявана гэта...
—А для мяне...— сказала яна.— Каторую ноч ужо не сплю...
—Мо няхай...— прамовіў ён першае, што прыйшло ў галаву.
—Што ж тады будзе? Як я тут адна?..— сказала я на.— I табе назад вяртацца няма як.
—Што ж тады рабіць? — спытаў ён.— Нешта адно трэба...
—Вось i я не ведаю, — прашаптала Яніна, ткнулася да яго пляча i ўсхліпнула.— Трэба было б, па-добраму, радавацца гэтаму, пра што людзі іншыя век мараць, а для нас з табою цяпер гэта... Баюся я...
—Ну, супакойся, — сказаў ён.— Не ў нас адных такое бывае. Жывуць жа людзі, i мы выжывем. Давай добра падумаем, што рабіць?
—Годны мой! — яна пацалавала яго.— Вось ты так гаворыш, i я спакайнею... Не ведаю, што я рабіла б, каб ты не прыехаў! Адна я... Не вытрымала б!..
—Усё будзе добра...— сказаў ён, адчуваючы новы вялікі клопат i добра не ведаючы, як з ім быць.
...Заснулі яны за апоўнач, калі ўжо даўно вярнулася гаспадыня, палезла па ляжанку печы i суцішылася, калі яны нашапталіся, як жыць далей, заснулі, думаючы, што закончыўся такі клапатлівы ўчарашні дзень, апошні дзень сцюдзёнай зімы, i пачаў брацца новы, сакавіцкі, што павінен быў выдасца болей відным, цёплым i доўгім. Над вясну заўсёды пасля маразоў, мяцеліц i настылага ветру цяплее, вышэе неба, большае сонца i прастарнеюць аблогі.
1974
СПЕЧАНЫЯ ЯБЛЫКІ НА ГАЛІНКАХ
За чатыры гады вайны
Нябёсы ўдосыць нагрэліся...
Рыгор Барадулін
...I гэтая раніца была надта золкая: сцюдзёніла густая, кроплістая, сівая ад холаду раса. Ад яе аб'інелі за ноч сцены ды платы i нібы лёдам пякло ў босыя ногі. Было яшчэ холадна i ад настылага, высокага, аж да неба, густа-белага сырога туману, што напоўз на хутар, у Амшарок, з рэчкі i з Раўка — блізкай вялікай лагчыны.
Казік стаяў за хлявом i — яшчэ амаль сонны — пазяхаў i пазіраў удалечыню, але ні поля, ні Раўка, ні блізкіх, за вярсту, Янковіч, у якіх некалі, да польскай камасацыі[ 1 1 Камасацыя — хутарызацыя.
] жылі яго дзед i бацька, не было з-за туману відаць. Бачыліся толькі зусім побач, за крокаў дваццаць, на выгане іхнія рыжаватай масці даўганогі конь i бела-жоўтая карова, навязаная вяроўкамі за ўбітыя ў зямлю калочкі: цяпер, вайною, усе гаспадары тут, на хутары, пасуць быдла ля дому. Шэрсць у каровы i каня была гэтаксама аб'інелая, a вяроўкі, што цягнуліся па зямлі, дык зусім змакрэлі, абабілі расу вакол калкоў.
Читать дальше