Калі мы падышлі, якраз дужы паджылы цыган, той, што прыходзіў да нас па ваду, вадзіў на прывязі мядзведзя. Мядзведзь, высокі, у кароткіх чырвоных штоніках, у сіняй камізэльцы i чырвоным капелюшы, танцаваў, куляўся цераз галаву, паказваў вясёлага i журботнага чалавека, а пасля зняў капялюш i пайшоў па крузе, збіраючы ад хутаранцаў плату.
Затым пад гітару спявалі дарослыя цыганы i цыганкі. Калі спявалі гарэзна, весела, падрыгваючы ылячыма i выгінаючыся, здаецца, з імі спяваў, весяліўся i не толькі ўвесь хутар, a i свет, калі ж спявалі журботна, з горыччу, нібы скардзячыся на свой пакутлівы лёс, душа нібы сціскалася, хацелася не толькі сумаваць, але i плакаць, Слухаючы гэтыя песні, я не разумеў ніводнага слова, але ўсё роўна сэрца маё перапаўнялася нейкімі дзіўнымі пачуццямі, што былі яшчэ i ад цёмнага неба, лесу, вогнішча, мне хацелася некуды паляцець птушкаю ці ветрам, пападарожнічаць, каб наталіць нейкую незразумелую смагу.
Калі праспявалі сталыя, у круг выбегла Аза. Босая, але, здаецца, у дзесяці рознакаляровых шырокіх знізу сукенках, з вялікімі завушніцамі. Пад музыку яна так хутка, спрытна танцавала, выгіналася, выштукоўвала тоненькімі ручкамі, што здавалася, у яе няма касцей. Сапраўды, яна была ўжо i тады вялікая артыстка.
...Я люблю матчыны песні, песні ўсіх народаў свету, але заўсёды адчуваю незвычайнае ўзрушэнне, калі пачую цыганскі матыў. Чамусьці душа мая тады захвалюецца, мне захочацца ўволю, без ніякага стрымлівання павесяліцца альбо, наадварот, пасмуткаваць, апынуцца там, дзе кібіткі, цёмныя неба i лес, вогнішча, песні, дзе ты запалонены дзівоснымі летуценнямі, шчыры i ўзрушаны.
1984
Русовіч толькі вярнуўся з работы i не паспеў яшчэ распрануцца, калі пачуў, што нехта звоніць у дзверы.
—Заходзьце, калі ласка! — запрасіў ён.— Не замкнёна.
Дзверы адчыніліся — i зайшла маладая паштарка.
—Вам тэлеграма, — сказала яна, падала сіненькі лісток.- Распішыцеся...— потым дастала з сумачкі невялічкі блакнот i ручку, паклала ўсё гэта на пральную машыну, што стаяла непадалёку пад люстэркам.
Ён спалохаўся, зірнуў на паштарчын вузкі i доўгі, з кірпатым носікам, з самкнёнымі i крышку патрэсканымі ад холаду вуснамі твар i хацеў па ім здагадацца: што ў гэтай тэлеграме? Але гэты малады, свежы i чырванаваты ад марозу твар быў спакойны, можа, толькі крышку незадаволены, што ён так марудзіць. Тады ён дрыготкаю рукою распісаўся, думаючы, што здарылася нешта нядобрае з сям'ёю. Аднойчы ўжо тэлеграма вось так нечакана апавясціла яго пра вялікае гора, i ён з тае пары вельмі баяўся раптоўных позваў...
Паштарка забрала ручку, блакнот i выйшла. Ён, хвалюючыся, адразу не пачаў чытаць, а прабег позіркам па густым радку наклееных слоў, пасля ўжо прачытаў спакойна. Палажыў тэлеграму на пральную машыну, распрануўся i, узяўшы тэлеграму, падаўся ў залю, сеў на канапе, пачаў зноў перачытваць кожнае слова i ўдумвацца ў яго.
«Прыязджай вельмі чакаю Яніна».
Ён усміхнуўся: жонка, відаць, засумавала без яго i вось кліча дадому. Жыве ў далёкай адсюль вёсцы, стамляецца на рабоце, мае шмат клопатаў дома. А вольным часам не ведае, дзе прыткнуцца, з кім пагаварыць.
«Канечне, ёй там нялёгка...— падумаў Русовіч.— Хто-хто, а я добра ведаю. Можа, толькі не трэба расказваць пра гэта ўсім людзям, бо не ўсе разумеюць, не ўсе паспачуваюць. Вось расказваў на тым тыдні, як жывецца жонцы, як ён маркоціцца без яе, дык усе, здаецца, спачувалі, a намеснік дырэктара музея — нізкі, гладкі таўстун — пасміхаўся: «Эх вы, маладыя! Калі што ледзь цяжкаватае, дык i ў слёзы, у нараканне... Вось мы некалі...— i ён расказаў, як ён галадаў, але «выбіваўся» ў людзі.— Трэба во...— ён сашчаміў кулакі, патрос імі, пасуніўся, робячы на твары ваяўнічы выгляд.— Толькі ўперад!..»
Русовіч, успомніўшы гэта, падумаў, што маглі б тады заступіцца за яго супрацоўнікі, што мог бы i сам неяк лепей апраўдацца, бо добра было так гаварыць намесніку: той меў не толькі ўласную чатырохпакаёвую кватэру, але i ладную дачу, збіраў грошы на машыну.
Але пазаўчора i я падсыпаў яму крыху, што а ж здзівіліся мае калегі... Прыйшоў у аддзел намеснік — i ўсё пра машыну, пра бензін, пра гараж... А пасля давай хныкаць, што не хапае крыху грошай, а так узяў бы на днях легкавушку.
«Эх вы, ваяка!— не выцерпеў тады я, устаў, сціснуў кулакі, патрос імі, зрабіў ваяўнічы выгляд.— Жывяце на самай справе толькі марамі пра машыну, гараж, запчасткі, пра ўсякую дробязь... А трэба во як, толькі ўперад!..»
Читать дальше