«Калі ласка, просім вас, шаноўны госць, да трыбуны!» Той не паспеў зрабіць і пару крокаў, як у зале нехта гыркнуў на ўвесь голас:
«А мы не яго прыехалі слухаць!»
Закрычалі адразу іншыя галасы — абурана, варожа, на ўсю моц. Мужчына з апушчанай галавой застыў перад трыбунай ды, хаваючы твар, набычана стаў адкрываць ды закрываць сваю кніжачку.
«Таварышы, таварышы, што за анархія? Што за хуліганства?! Гэта нетактоўнасць перад нашым госцем! Успакоімся ды пакажам, што ў Скідэлі нашым мы — дысцыплінаваны і культурны народ, і мы такога вечара вартыя. Ну?!. Вось і добра, што дамовіліся! А цяпер давайце ўсе паслухаем таварыша маладога, які спецыяльна да нас...»
Мельчанку гаварыць не далі:
«Ты каго нам су-унеш?»
«Сам яго слухай!»
«Усе прыехалі да Васілька-а!»
«Яго-о давай, і не загаворвай зу-убы нам!»
Бедны Іван Мельчанка ўзяўся людзей ужо ўпрошваць:
«Таварышы скідэльцы, звяртаюся да вас яшчэ раз — не псуйце марку нашага раёна, не ганьбіце наш край буракаводаў! Што за шум і што за гвалт, як у нейкай сінагозе! Чаго вы так усе хвалюецеся? Чаго крычыце? Наш паважаны Міхась Восіпавіч яшчэ возьме слова! Абавязкова возьме — паверце мне! Але выступіць перад вамі Міхась Восіпавіч потым, крыху пацярпіце! Покуль што слова перад вамі тры-маць будзе празаік, бо так прынята на літаратурных сустрэчах — паэтам слова даюць на закуску, калі людзі крыху стомяцца, разумееце? Ну і добра, што вы такія памяркоўныя! А цяпер давайце ўсе разам тут паслухаем...»
Узнялася цэлая бура:
«Васілька -а!»
«Міхася-а з Баброўні!»
«Нашага паэ-эта!»
«Толькі яго хо-очам !»
«Хай нам прачытае «Як я пана перанёс!».
«I — «Эх, гарэліца мая, што ты вычаўпляеш, ты над намі, мужыкамі, літасці не маеш!».
Толькі тады людзі раптоўна супакоіліся, калі ўзняўся сам Касцевіч.
Больш за дваццаць гадоў мінула з тае пары, а Лаўрэну перад вачыма і зараз стаяла тая самая нахіленая ўперад фігурка, якая, не вельмі спяшаючыся, набліжалася да трыбуны. А незнаёмы пісьменнік са сваёй кніжачкай у руках паплёўся на ранейшае месца. Ох, і шкраблі яму душу недзе кошкі ў гэты момант!..
Лаўрэн ні тады яго не шкадаваў, ні цяпер. Так гэтаму выскачку і трэба. I машынка для друкавання, і прасторны светлы кабінет, як у таго ваяводы, у самым цзнтры люднага горада, і «Чайка», якую ён, магчыма, мае,— яшчэ не ўсё. Да яго такім кірмашом людзі збірацца не стануць. Бо Васілёк — чалавек, які мог бы ўпэўнена сказаць, што жыў на свеце і хлеб еў недарма.
Гэтыя ўспаміны напомнілі Лаўрэну, што мае ў кішэні. Ён пачаў шукаць пянёк. Выняў акуляры.
СЫНАЎ ТВОР. НЕЧАКАНАЯ ЗНАХОДКА I РАДАСЦЬ ЗАМОРСКАГА БУЙВАЛА
1
На Мікалаевых паперках стаялі такія словы:
«Размова ў замку
(апавяданне? нарыс? быль? пачатак рамана?)
Паласа альшыны так і гэтак выгібаецца паміж раскіданых без парадку хутароў вёскі Вільчыцы. Пад ценем сакавітай ды ліпкай альховай лістоты нясе свае імклівыя воды рэчка Верацейка. Вільгаць днём хаваецца ад працавітага сонца пад кроны, а вечарам напаўняе прахалодай ваколіцу. Тады з альшыны вылятаюць мільёны камароў. Злыя істоты непакояць пры ўдоі кароў, нападаюць на стомленых за дзень коней, якіх гаспадары, спутаўшы, выпусцілі абгрызаць межы. Днём рэчка — любімае месца гусей і качак. Гэтых птушак тут разводзяць безліч, што наогул характэрна для польскай вёскі.
Хутары Вільчыцы — драўляныя хаты. Дахі больш саламяныя, месцамі на іх — парослая мхом дахоўка. Каля хат — крывыя гумны, скасабочаныя хлявы з заплатамі з лонскага бульбоўніку там, дзе салома прагніла і ашчэрыліся скабы крокваў ды лат. Часам каля хаты да дзічак прысланіліся спарахнелыя калоды вулляў. Агароджаны толькі адзін-два двары, а другія стаяць без платоў, калі не лічыць сям-там агароджы з дзвюх жэрдак.
Гісторыя Вільчыц пачынаецца з часоў Стэфана Баторага. Кароль з войскам не раз праходзіў тут на вайну, а потым надзяліў вільчыцкай зямлёй некалькі шляхцічаў з Мазоўша. Гэтыя прышэльцы, як нанос пасля бурлівай нёманскай павадкі, аселі тут ды сталі апорай панскай улады сярод беларусаў. Але з пакалення ў пакаленне множыліся ды свае землі ўсё больш драбілі. Даўно ўжо тыя шляхцічы — ніякая не апора.
У жыхароў Вільчыц з-пад гнілых падвалін хлявоў выця-каў гной і плаваў размыты дажджом па падворку. У заседжаных мухамі вокнах шыбы былі з кавалачкаў шкла. Вільчыцкі конь не надта бег і ад пугі. Убогі падворак беларускай вёскі са шчарбатымі збанкамі на хварас-цяным плоце мала адрозніваўся ад падворка вільчыцкага. Ды і паміж жыхарамі розніца, можа, была тая, што людзі з Вільчыц называлі сябе ганарліва шляхтай, кожнае свята гурбой хадзілі да касцёла і цураліся суседзяў. Ад такога цурання беларусы не надта бедавалі, бо наіўнае зазнайства былых шляхцічаў, зараз голых і таксама пакрыўджаных урадам Масціцкага, з'яўлялася матэрыялам для жартаў. А калі маці хацела ўпікнуць сына, яму казала: ты — бы той шляхціч!
Читать дальше