Бабуля ад страху амярцвела.
Яна яшчэ і зараз сядзела каля Лаўрэна як спаралізаваная. Па выразу твару пажылой і па тым, як разгублена плямкала бяззубым ротам — акурат бы качаня, якое толькі што вылупілася з яйка,— нельга было разабраць: перажывала з-за таго, што маладзіца яе абразіла, ці разважала — а мо і праўду гулёна сказала. Чалавек яе і на самай справе такі знямоглы, недалэнгаваты — страх нават узглянуць на яго. Не надта і разумны. Не раз і не два на яе руку падымаў. А што яна магла зрабіць? Быў маладым здаровы — як бугай, што не па ім, дык і — у зубы! Яшчэ такому абармоту шлюбавала вернай быць — з-за яго, паганца, свету божага не бачыла і ні аднаго дзіцяці нармальна не магла нарадзіць! Дый «садануць» Ванда можа — гэтай верці-хвостцы нічога не каштуе. Ты скажы, як хутка перарадзілася. Калі зацяжэрыла, суседка пачала яе сарамаціць, чаму сябе дапусціла да такога стану, і Ванда з плачам апраўдвалася: «Цётачка, я не ведала, што так атрымаецца! Эдзік гаварыў, калі рабіць гэта стоячы, то нічога не будзе!» А праз паўтара года так спаганілася — прыскам да вачэй скача.
Пачакаўшы, каб пажылая кабеціна з дзіцём адышла далей, не то суцяшаючы, не то спачуваючы, не то папярэджваючы, сяброўка аб'явіла напарніцы:
У гэтай маладой заразы і брацец, школьнік, не лепшы. З такімі шмэндрыкамі, бы сам, злавіў нядаўна бобіка, звязаў яму ногі і спаліў на грудочку ля балота за жалезным вакзалам. Жыўем спаліў, ці вы можаце даць веры, ці вы ўвогуле чулі пра такое?! Цікава, бачыце, надта гіцлю было глядзець, як жывое мэнчыцца, як корчыцца ад агню і скавыча.— Яна цяжка ўздыхнула: — Ай, чаго будзем патрабаваць ад брата і сястры — бацька ў іх горкі п'яніца! Мінулай зімой жонка пакінула фуфайку на хвіліну дома. Яе Іван апрануў, каб ісці чагосьці на двор. Усадзіў руку ў кішэню, а там — пяць рублёў. Зараз жа забулдыга мэнтнуў у піўную ды прапіў. Лімця вярнулася з падворка, палезла ў фуфайку па грошы, каб сына паслаць у магазін, а там — пуста. Вачам сваім не паверыла — пагрэбала, пагрэбала ў кішэні, пад адзенне заглянула, пад крэслы, туды-сюды, а гуляка адразу: «Што ты ветру ў полі шукаеш! Сашка, відаць, бандыт, падчысціў цябе, жонка, твой Сашка! Ён на гэта здаатны!»
На роднага сына так?! — ажывілася бяззубая.
На ўласнае дзіця, ага! Дальбо, сваімі вушамі чула! Маці адразу за венік ды — свянціць таго Сашку! Але хлопец нават не скрывіўся. Бо прызвычаіўся да такой жызні — сам даўно стаў такім. I ўсё, мілая, было гэта на маіх вачах. Дальбух, праўда!
А ты?
А я як вады ў рот набрала! Каб стары п'яніца не здзяліў мяне чым: што для такога чалавек? Ён жа — звер! Ён жа — матку сваю родную прапіў бы! Потым ужо шапнула беднай Лімці, хто ў яе няшчасную пяцёрку звэндзіў!
Бо-ожа, ці ж так мо-ожна!..
Можна не можна, а так выходзіць! Паглядзела б ты, што ў іх дома робіцца! Голае памяшканне! Парэзаны стол, ложак з трантамі і дзве ці тры крывыя табурэткі. Адна ці дзве лыжкі на сям'ю! Нават лямпачка без абажура ўгары!
То дзіва! П'яніцы рэшатам грошы мераюць, а праспяцца — і рэшато не маюць за што купіць!
— Та-ак яно, кане-ечне. Бедная, бедная Лімця. Бабы на хвіліну змоўклі.
Цяпер толькі ў пад'ездзе чулася ўжо размова маладзіц. Лаўрэнава суседка з-за дзвярэй зычным голасам некаму аб'яўляла:
А на што мне гэты клопат? Хіба я дурная, каб нервы сабе псаваць? Нервовыя клеткі потым не аднаўляюцца!
Такі ж малады голас з ёю згаджаўся:
Праўда вашая! Гэта вам і кожны ўрач скажа, Лілія Уладзіміраўна!
Маладзіц бабулі не слухалі
Старая кабеціна праз хвіліну прадоўжыла:
Але я, мілая, табе скажу — Лімця і сама вінаватая. Чаго было дачку са школы перці адразу замуж? У сённяшніх школах яны ўсё яшчэ дзеці — не тое што бывала раней. Мая ўнучка-дзесяцікласніца ані разу сабе трусікаў не памыла, ложак пасля сябе не заслала. Яна ані разу сама не ўстала — цёнгле мушу на ўрокі будзіць. Ды шчэ ледзьве дабудзішся. А ўжо, па-колішняму,— нявеста! Ты шкадуеш Лімцю? Шкада-то шкада, але ж — сама вінавата! Успомні, тыбо, як нас з табой калісьці бацькі паднімалі. Стараліся навучыць першым чынам шанаваць людзей, навучыць ткаці і прасці, шакаваць чалавечую працу, паважаць старых — і толькі тады пра зяцёў для сябе думалі! А Лімця? Хітранькая, спіхнула дачку і думала — само ўсё зробіцца! А так не бывае!.. Цяпер і пажынае, што пасеяла!
Лаўрэн аж заварушыўся — ой, праўду баба кажа, чыстую праўду! А ўвогуле Лімціна гісторыя здалася гэткай недарэчнай, што чалавеку захацелася ад прыкрасці аж застагнаць, бо нічога ў ёй перамяніць не мог. Не стаў нават высвятляць, што ў гутарцы суседак праўда, а што здагадкі. Толькі ў душы абурыўся:
Читать дальше