Праўда.
Таму цяпер, разважаючы гэтак, Лаўрэн як бы і сам станавіўся багацейшым. Ужо рупліва падняў пустыя кубачкі ад марожанага, бязладна пакіданыя дзецьмі, і панёс да урны.
Побач з урнай якраз латалі вуліцу. Тры мужыкі і дзве дзябёлыя бабы з шуфлямі ды каточкамі былі замусоленыя, бы тыя д'яблы ў пекле пры катлах з грэшнікамі, але Лаўрэна гэта ані крыху не здзівіла — хіба ж пры такой рабоце ўсцеражэшся?
Ён спыніўся на хвіліну, паназіраў, як у дужых руках мужчын лёгка хадзілі два сталёвыя каткі, як магутныя бабы спрытна, бытта гуляючы, падсыпалі ім у ямкі смаляніста-чорную, што аж дымілася, масу бітуму.
Насцярожана прыслухаўся.
Па гаворцы вызначыў дакладна — гэткія ж, як і ён, «сакуны» з наднёманскай вёскі. I зарабляюць, напэўна, немалыя грошы — за такую работу, вядома, шкадаваць ім ніхто не будзе...
Лаўрэну ж надта захацелася ўзяць у дзябёлай кабеціны з жылякамі на тоўстых ды загарэлых лытках шуфлю і ўволю пакідаць асфальт, паспытаўшы даўно не адчуваную мускульную радасць. Але выканаць жаданне не адважыўся — не быў пэўны, што людзі прыхільна прымуць яго захцянку. Яшчэ папруць ад сябе, як прыблуду-бобіка. Выгляд вольных ды здаволеных і самавітых вяскоўцаў-землякоў зноў пасяліў у яго душы пустэчу.
Ён уздыхнуў і павалокся ў бок парку. Каб развеяць смутак, ужо каторы раз пастараўся падзівіцца адкрыццём, якое зрабіў для сябе на гродзенскіх вуліцах.
Зараз ён знаходзіўся ў цалкам новым і разоў у пяць большым за даваенны горадзе. Народ цяпер тут жыў пераважна прыезджы — з усіх канцоў свету. Але — от фокус! — усе жыхары мелі няўлоўныя рысы, па якіх адразу пазнаеш гродзенцаў. Лаўрэн сіліўся і сіліўся зразумець, чаму адбываецца такое, але ўцяміць не мог.
Паводле акадэміка Д. С. Ліхачова з'ява тлумачыцца нават вельмі проста.
Кожная мясціна ўплывае на паводзіны і на душы жыхароў. Першым чынам дзеці прыезджых пераймаюць гульні, выхадкі і слоўцы мясцовых аднагодкаў — праз іх незаўважальна даходзіць новае і да саміх бацькоў. А дарослыя — што дзеці, паступова і яны ўспрымаюць нозыя звычкі ды звароты мовы ад мясцовых: гавораць — «егдзіць», «файно», «валкаваць», «ашчэ», ужываюць выразы — «ніц не зробіш», «нігды больш», а чысціня на вуліцах і тратуарах прымушае і цябе для акурка шукаць урну. Тыя самыя вулачкі і закамаркі прымушаюць людзей бегаць і круціцца дакладна гэтак, як бегалі і круціліся па іх сто гадоў таму. Той самы Нёман, тыя ж высокія берагі, пляжы, лес, азёры, дажджы і вецер змушаюць падобным чынам паводзіць сябе летам альбо — зімой.
Ды і выразнай граніцы паміж прыродай і культурай не бывае. Старыя вуліцы ці дамы, цэрквы ці касцёлы прымушаюць кожнага прыезджага хоць і рэдка ўзглянуць на старыя фатаграфіі, памацаць даўнія муры, пацікавіцца, чаму і хто гэта стварыў, прымераць і падагнаць да іх сябе...
Чалавек потым і сам не заўважае, калі ўступіць у духоўную сувязь з тутэйшымі продкамі, стане мясцовым патрыётам і каранным «гродзенцам», што паступова праяўляецца і ў яго вонкавых абрысах.
Вельмі шкада, што ўсяго гэтага не было каму вытлумачыць дзядзьку Лаўрэну. Кіруючы ў парк, бедны ламаў і ламаў галаву над дзіўнай з'явай, губляючыся ў здагадках.
2
Гарадскі парк пачынаўся з дзіцячай пляцоўкі з каруселямі, «чортавым колам» ды гойдалкамі.
Неўзабаве Лаўрэн апынуўся сярод віску і гвалту. Пругкія, зычныя галасы малых, як праз сон, напомнілі яму на імгненне час, калі прывязваў да сука старой грушы вяроўку ды гойдаўся таксама да адурэння, выклікаючы ў брата зайздрасць, калі праз сумёты валокся на старыцу за поплавам пакоўзацца, а вечарам, запаліўшы з бацькам фанар «лятучая мыш», цягалі з-пад страхі сонных вераб'ёў, і пасля цэлы дзень ён і Юзік мелі чым забаўляцца, покуль кот не пералоўліваў іхніх цацак.
Не, сваю долю дзяцінства, мабыць, атрымаў спаўна і ён. Толькі ж гэта было даўно — яшчэ да першай сусветнай вайны, і ўспаміналася ўсё бытта з таго свету.
За пляцоўкай для малых — доўгі шэраг вітрын са свежымі газетамі.
На хутары Лаўрэн не глядзеў у тэлевізар зусім. Не чытаў там і газет, бо вельмі ж не меў часу. Добра ведаў, што кожная навіна рана ці позна да яго дойдзе праз людзей. А на новым месцы — жыць без аднаго і другога не мог.
Уладзік выпісваў мінскага і маскоўскага «фізкультурніка» ды яшчэ — «За рулём»; там Лаўрэн не знаходзіў нічога для сябе цікавага, таму не браў нават у рукі.
Нявестцы паштарка прыносіла часопісы «Тавары поштай», «Мода польска», «Кабета і жыце» ды яшчэ адзін — тоўсты, як добрая кніжка; у ім апісвалі пра выкапаныя чаропкі і косці, пра стрэлы і пікі, пра муры, растворы ды камяні, і чытаць пра ўсё гэта нудзіўся таксама.
Читать дальше