...Уладзіку заўсёды здавалася, што, перабраўшыся ў горад да кватэр з ваннамі, гарачай вадой і тэлефонамі, набыўшы машыны самай апошняй маркі, яны з братам надта высока ўзняліся над людзьмі. Засталося зусім мала — адно паставіць за пяць тысяч мацеры помнік (не танней — столькі плаціла прафесарша!), і тады можна будзе глядзець на землякоў з вышыні мармуровых прыступак. А выйшла ўсё далёка не так.
Як цяпер жыць?
Відочна пакуль што адно — брату Мікалаю ды зялёнадалінцам яны з Паўлам прама ў вочы глядзець больш не змогуць. Нават прыехаць у родную вёску ў бліжэйшы час не змогуць!
Мне, апавядальніку гэтай сумнай гісторыі, хочацца аж закрычаць у яе заканчэнне:
«Ці яшчэ доўга, скажыце, так будзе на свеце весціся, што часамі, каб дзеці пасталі хоць крыху разумнейшымі, больш чалавечнымі і абладаванымі жыццёвай мудрасцю, вопытам і ведамі, бацькам абавязкова трэба касцьмі легчы?» 1984-1986
Дзіндобры, Ганна! Ты чаго такая знебарачаная? Ах, Езу, яна ўжэ і з кіёчкам! Не паддавайса, дзеўко, бяры прыклад з мяне! Маю і скрылёз і ўдаўленне, але хаджу шчэ на сваіх дваіх! I во, глянь, які цяпер мой рот бліскучы — бы начышчаны на вялікдзень самавар! Як прысталі мае, як прысталі: «Ма-ам, чаго будзеш мэнчыцца без зубоў, на грошы і ўстаўляй сабе новыя!» Ну, я і паслухалася. То першыя дні, як толькі мае з дому, я хутчэй тыя зубы з рота — вон! — ды пад падушку! А во ўжэ прызвычаіласа: хаджу і імі нават.
Толькі не прыса так, Гандзя. Лепш пачакаймо тут аўтобуса — духу ў мяне не хапае. Маем час, зара каторы-небудзь пад'едзе. Э-э, мілая зямлячка, цяпер і хадзіць развучыліса! Нават праз вёску наравяць, каб пракатацца на машыне!..
Во — тут і стоймо. А хлапцоў з чорнымі куфэркамі бяжыць да нас сколькі!.. Мабыць, заняткі ў іхнім інстытуце скончыліса, на аўтобус і яны. А што-о? Няхай народ сабе егдзіць, гэто — нічого. Нават сам Ісус Хрыстос на восліку егдзіў. То цяпер, калі паназаводзілі столькі розных машын? Ды яны не коні, што ў кожнага свой нораў. Бы я электрычнае жалязко — уключыў дый кіруй, куды трэбо!
Машына — штука надто добрая. Але, скажы, Нюшка, во бяда на нашу голаў — цілівізар!
Наш быў стары і зусім кепскі. Прагніло ў ім, мабыць, усё нутро, бо па тым екрані, як уключыш, снег сыпаўсо і карцінкі скакалі. Як нагляджусо, бывало, як нагляджусо, то і мая галава пачынае ўжэ — дзыг! дзыг! дзыг! — а тады шчэ і разбаліцца. Ну, ён — ніжынер, яна — навучаны сатруднік, палучкі прыно-сяць велькія, узялі ды купілі каляровы. Мне там усяроўна, у якіх гальштуках, з якімі кудламі тыя нахально-штрументальныя спевакі выдзіраюццо, але ж маі-ім!..
Ой, мілая, давай выбірацца з гэтага тлуму на край, а то шчэ тут нас растопчуць, бы тых жабаў і, думаеш, заўважаць? Ры-ыхтык!.. А нех на яго, якая цяпер пайшла моладзь рослая — трапіш гэтак во між іх, то як у лес сярод сосен. Ды ўсе статныя, бы тыя дубкі! I то-онкія: пяцёх уварвуцца ў аўтобус, а месца — ані крыху не паменее! Затое языкі-і ў і-іх — не дай ты госпадзі! Раніцой, каля жалезнаго вакзала спрабую выпаўзці з аўтобуса, і адзін такі рызыкант мяне падганяе: «Давай, давай, бабуля, а другі раз бяры з сабой абавязкова парашут!»
Ці наш адгэтуль убачым?.. Здаецца, будзе відаць. Чакаймо во тут, дыхт ля асфальту.
Але пра што гэто я?.. Што машынамі народ наравіць егдзіць абгаварыла... Пра зубы табе расказала... Упамянула і пра парашут... Гэты мой скрылёз, каб на яго ліхо, каб на яго!.. Ага, успомніла!
Скажы ты, Нюрачко, як усё хутко ў гэтым чалавеку ўкараніласо. Вячэраў хто ці не вячэраў, а смак адзін, бо ўся ўвага — на цілівізары. Дроў цяпер не сякуць, сечкі не рэжуць, калаўродка бабы ўсе ночы не круцяць, кудзелі не смокчуць, чаму і не паглядзець на карцінкі. Калі б усё ў іх было ў меру!.. Дзяцей, ведаю, карае яна на кухні — як перадаюць тыя футболы. Але ж не раз сабе думаю: а калі ж мая дачка са сваім мужыком гаворыць, хібо як палягуць? Толькі ж, мілая, які можа быць тады разгавор — абое гэткія ладныя, маладыя!.. Ве-едаем з табой, Гануся, якое тады гаварэнне — самі былі такімі!
Не, на зяця грашыць не стану, дальбо, вельмі спрыяе. Нават ложак паставіў мне акурат супроць таго екрана. Яму ніц не кажу — цярплю. Кожны вечар цягне раней легчы, ды мушу чакаць, покуль уволю наглядзяцца, бо аніяк спадніцы не магу зняць. А як жа ты яе здымеш — з халернаго екрана цёнгле хто-небудзь глядзіць! Ужэ і пасуду перамыю другі раз, а каструлі шчэ і содай добро прашарую, усім шкарпеткі зацырую, а ён, яна, малыя да той бліскучай скрынкі — бы прыклееныя! Добро ведаю: позірк на екрані — з электрыкі ці з таго посфару, што бывае на могліцах, але ж заўша жывы чалавек хаваецца за гэтым, хібо ты станеш перад ім агаляцца? Шукаю сабе новы занятак.
Читать дальше