Калі стаў за трыбуну, дык аж разгубіўся: колькі галоў у зале! Як учэпіста пазірае на яго мноства вачэй!
— Я — Сымон Васілевіч, земскі служачы, журналіст. Запрошаны сюды прадстаўляць сваіх землякоў,—загаварыў ён па-беларуску, i гэта запаліла ўвагу да яго.— Мы шчыра вітаем падзенне тыраніі, мы страсна хочам, каб наша грамадства, наш лад абнавіліся. Але я мушу сказаць: дэкларацыя новага ўрада на слых гучная, прыгожая, а на справе сапраўды, мякка кажучы, стрыманая...
Перавёў дыханне. Адчуў: не хапае духу, каб ясна разважаць i гаварыць. Пыхнула гарачыня, ад яе, мусіць, зачырванеліся шчокі. Забалеў жывот. Мусіць, ад моцнага хвалявання.
Зала слухала; Васілевіч, каб узяць сябе ў рукі, намагаўся не пазіраць на ўсіх, a выхапіў позіркам старога лысага чалавека, які сядзеў на першым радзе сярод старых, сівых альбо i гэтакіх жа лысых людзей і, прыклаўшы руку да вуха ды паўразявіўшы рот, «еў» яго вачыма.
— Некаторыя тут гаварылі: цяпер нам найперш трэба еднасць, спакой, мірная праца,— зноў загаварыў ён.— Хто ж супраць? Канечне, усё гэта трэба.
Але за які кошт гэта будзе набывацца? Мы, нацыянальныя меншасці, чакалі ад рэвалюцыі, ад новага ўрада не толькі спачування, але i большага. Ды ў дэкларацыі сказана вельмі мала i туманна пра нацыянальнае пытанне. Нават пра тое, ці здымуць урэшце ганебную забарону, скажам, з нашай роднай мовы... A ці можна лічыць рэвалюцыю прагрэсіўнай, калі яна не дбае пра прыгнечаныя народы, хоча па-ранейшаму трымаць ix у няволі, рабстве, даводзячы да асіміляцыі альбо вымірання?!
— Брава! — крыкнуў з залы Шуляк.
— Я думаю, пасланцы нашых суседзяў i братоў, якія сядзяць у гэтай зале (рускія, украінцы, палякі, літоўцы, латышы, яўрэі i іншыя), разумеюць мяне...
— Брава! — ужо выкрыкнуў з залы Пятлюра.
Услед за воклічамі Васілевіча перапынілі. Воплескамі. Спачатку ён аж разгубіўся: можа, зганяюць з трыбуны? Пасля ўбачыў: не, даволі значны людскі гурт якраз падтрымлівае. Хоць многія, як i ўвесь прэзідыум, сядзяць абыякавыя, нават акамянелыя.
— Вы што — хочаце разарваць Расію на часткі? — падаў у цішыні голас госць, Шчэпкін.
— Я жадаю Расіі i яе слаўнаму народу толькі дабра,— Васілевіч надзіва не збянтэжыўся, не збіўся.—Але я хачу, каб мой бацька, я людзьмі зваліся, каб быў шчаслівы ўвесь мой працавіты, шчыры i сціплы народ...
— Які гэта яшчэ ваш асобны народ?
— Беларусы.
— Не ведаю такой краіны з такім народам...
— Калі не было, дык цяпер павінна з'явіцца. I рэвалюцыя, калі яна сапраўды будзе рэвалюцыяй, павінна памагчы нам, шматмільённаму народу, у гэтым...— адказаў Васілевіч.
Яго зноў ухвалілі воплескамі. Праўда, адны i тыя ж людзі.
— Цяпер вельмі модны тэзіс: воля, роўнасць i братэрства,— сказаў на заканчэнне Васілевіч.— Дык вось я за тое, каб гэты тэзіс быў не на словах, a i ў жыцці! Веру, што ў новыя кіруючыя органы ў Мінску i ў краі павінны трапіць i мы, мясцовыя. Ніхто ж не стане i цяпер сцвярджаць, што мы народжаныя быць толькі парабкамі, карміцелямі сваіх гаспадароў... [ 6 6 Ca зборніка «Из истории установления Советской власти в Белоруссии и образования БССР», Мн., 1954, т. 4, с. 29, пра гэты сход i наступныя дні, падзеі ў Мінску: «Во всех выборах резко проявлялось стремление разграничить представительство по национальным группам населения (русские, поляки, евреи, белорусы). Далей гэтае выданне будзе называцца скарочана: «Из истории...»
] Адпаведна, мы i самі цяцер павінны актыўней падключацца да палітычнай дзейнасці...
Калі вяртаўся на сваё месца, дык тыя пажылыя мужчыны i маладыя хлопцы, якія ляскалі яму, падхопліваліся, паціскалі рукі.
— Малайчына! — пахваліў яго сёння i Муха, моцна паціснуў за калена (можа, каб ніхто не ўбачыў яго ўхвалення).— Я нават не спадзяваўся, што ты так удала выступіш...
Васілевіч быў п'яны ад сходу, ад свайго выступлення. Шчаслівы. Як ніколі ў жыцці. Нават верыў: тое, пра што ён сказаў, не толькі многім шчыра запала ў сэрца, але i збудзецца. Шчырыя, эмацыянальныя людзі па-свойму нешчаслівыя, але i па-свойму вераць ва ўдачу, маюць радасць.
Пасля выступалі іншыя. Эсэр Шумскі вітаў падзенне манархіі, пафасна, але i вельмі заблытана гаварыў пра сялян i іхнія клопаты; Пятлюра вітаў Часовы ўрад, але заадно падтрымаў i Васілевіча; Бжэзіньскі таксама ўхваліў новую ўладу i шмат гаварыў пра далейшы польскі лёс, пра Васілевічава выступленне не сказаў ні слова; акцябрыст Сядых усхвалявана i страсна лашчыў пачутую сёння дэкларацыю, а пад канец прамовы рэзка лупцаваў Пятлюру, Бжэзіньскага i Васілевіча за «перевес личного чувства над общественным», за «местничество», за «неумение или нежелание в этот ответственный момент чувствовать общую боль, прилагать честно и самоотверженно все силы для общего блага».
Читать дальше