— Я не супраць,— прамовіў Васілевіч.— Але...
— Не дае спакою гістарычная памяць? — перапыніў, усміхнуўся Міхайлаў.— Баліць душа за занядбаную родную мову, культуру.
— А ты што — абыякавы да сваёй мовы i культуры?
— Не.
— А чаму я павінен быць абыякавы да роднага?
— Я не падбіваю цябе адракацца ад таго, што дарагое тваёй душы. Я заклікаю не затуляцца ў свой куток толькі ca сваім асабістым болем, а дбаць пра ўсіхныя клопаты...
— Але ты згодзен, што мы маем права...
— Згодзен,—усміхнуўся Міхайлаў, прадчуваючы яго запытанне.— Але, паўтараю, побач з нацыянальнымі вы павінны шырэй вылучаць i класавыя, сацыяльныя лозунгі. Нават больш — якраз ix выносіць на першае месца. Іначай, павер, будзе чакаць ці тупік, ці крах...
— Не ведаю,— сказаў Васілевіч.— Але каб ты, Міша, бачыў, як усё ажывілася, паднялося i тут пасля 1905-га! За нейкіх дзесяць гадоў свежага паветра не толькі ажыла, але зноў закаласілася наша мова i культура — песеннае i танцавальнае мастацтва, тэатр, літаратура, выдавецкая справа! Не толькі мы, інтэлігенцыя, але i ўвесь наш народ пачаў адчуваць сябе людзьмі. I перадавыя людзі Расіі не толькі прызналі, але i падтрымалі нас. Ды з гэтай вайною Мікалай Другі зноў замкнуў нашу душу на замок... Захацелі задыхаць? Ды на ўсе грудзі?! Не, не дазволю!
Міхайлаў не зводзіў з яго спагадных вачэй (яны за гэты час пацяплелі i палагоднелі), а пасля паклаў невялікую бледную, але дужую руку яму на плячук i прамовіў:
— Зразумей, Сямён: пакуль мы не стурым цара з трона, не разгонім яго ўрад, не пачнём мяняць сістэму, датуль на новае, на палёгку не спадзявайся... Цяпер нам трэба разам хістаць царызм. I як мага дружней ды напорысцей!
Васілевіч прамаўчаў, у душы з усім згаджаючыся, a Міхайлаў запытаў з усмешкаю:
— Падзяляеш мае сацыял-дэмакратычныя погляды?
— А ты — сапраўды сацыял-дэмакрат? — запытаў ён.
— Адказвай на мае пытанне...
— Ды не пярэчу,— усміхнуўся.— Бо ўскладаю на рэвалюцыю самыя светлыя надзеі...
...У Мінску, на ўжо цемнаватым пероне Брэсцкага вакзала, як заўважыў Васілевіч, каля ix пачаў ацірацца малады хлопец у капелюшы i паношанай студэнцкай куртцы, з насцярогай зыркаючы на Васілевіча. Калі Міхайлаў паказаў яму нейкі хітры супакаяльны знак, дык той наблізіўся i, праходзячы побач, перасцярог шэптам:
— Не заходзьце на вакзал i хутчэй знікайце адгэтуль, таварыш Міхайлаў. На вакзале шмат шпікоў. Некаторыя маюць вашыя фотаздымкі.
Прамовіў i шмыгнуў у пасажырскі натоўп. Каб паспрыяць свайму спадарожніку i разумнаму, лагоднаму чалавеку ўцячы ад шпікоў, Васілевіч узяў яго пад руку, захіліў i пайшоў побач.
«Невыпадкова сочаць за ім...— падумаў.— Падпольны дзеяч, агітатар і, можа, ідэолаг. I, здаецца, значнага рангу».
— Дзякую, Сямён,— сказаў Міхайлаў. Усміхнуўся: — Сам не разумею, чаму мяне так палюбілі шпікі. Так i просяцца-набіваюцца ў «целаахоўнікі»...
— Ды, відаць, ёсць каго i за што «ахоўваць»...— пажартаваў i Васілевіч.
— Не. Перабольшваюць значэнне маёй персоны...
— А можа, недаацэньваюць?
— Не, Сямён. Я просты смяротны...
5.
Без прыгод i нечаканасцей, жартуючы, Васілевіч i Міхайлаў дайшлі да будынка Чырвонага Крыжа на рагу Каломенскай i Падгорнай вуліц. Тут яны цёпла развіталіся; Міхайлаў падаўся сваёй дарогай, a Васілевіч шпарка пашыбаваў на Захараўскую вуліцу, а па ёй — да дома пад нумарам 18.
Гэты дом — а ён стаяў крыху воддаль за касцёлам святых Сымона i Алены — апошні час, з 1915 года, стаў прыцягальнаю мясцінкаю, аддухай i вабным святлом ды цяплом для ўсёй свядомай мінскай беларускай інтэлігенцыі. Гэты дом так i называлі «Беларуская хатка», «Галоўны беларускі штаб».
Сябры, блізкія па духу людзі — пісьменнікі, акцёры i артысты, настаўнікі, вучоныя, асобныя службоўцы, усе, хто жыў у Мінску альбо пераехаў сюды на самым пачатку вайны i не падаўся ў бежанцы ў глыб Расіі,— пастаянна сустракаліся, ладзілі вечарынкі, канцэрты для сябе i для мінчукоў.
Паперадзе немцаў з польскімі бежанцамі хлынула i агромністая людская рака з Гродзенскай, Віленскай i кавалка Мінскай губерній. Kaгo з ix вывезлі ў тыл Расіі, а каго пакінулі тут — у Мінску, у Мінскай i Магілёўскай губернях.
Ясна, нялёгка кожнаму бежанцу — чалавеку, адарванаму ад роднага кутка, свайго жытла, ад гаспадаркі альбо службы. Ясна, было нявесела польскім уцекачам. Ды ўсё ж сярод ix пракідвалася нямала багатых i ўплывовых, i яны не пакідалі ў бядзе суродзічаў. Заадно пра ix болей дбаў i царскі ўрад. Бежанцам-беларусам, хоць яны знаходзіліся на сваёй зямлі, было цяжэй. Сярод ix не мелася шмат люду з добраю капейкаю, знатнага, пра ix гэтак не клапаціўся Петраград, дык які ўжо раз за гісторыю працавітыя, спакойныя, а то i без'языкія беларускія сяляне, лічы, былі кінуты на самавыжыванне.
Читать дальше