— Дык што, спадары, адкажам Аблвыкамзаху?
— Аблвыкамзах зусім не лічыцца з нашым краем, народам, з намі, воінамі-беларусамі...— гнеўна прамовіў генерал Петрыкевіч — пажылы, мажны, лысаваты, з русявымі валасамі на патыліцы.— Распусціць наша войска — гэта значыць зрабіць нас бездапаможнымі...
— А для чаго вам сіла? — зусім не збянтэжыўся чарнявы.
— А дзеля чаго я столькі гойсаў па Заходнім фронце, генерал Пажарскі — па Паўднёва-Заходнім, а ён,— кіўнуў на Еўзікава,— па Паўночным? Дзеля чаго мы збіралі свае часці? Каб вы паздзекаваліся?
— Калі мы выявілі, што вы...
— Вы цацкаліся толькі...— перапыніў яго генерал.— Вы не бачыце, што мы хочам бараніць свой край ад немцаў, ад легіёнаў Доўбар-Мусніцкага i нават ад Украінскай Народнай рэспублікі...
— Вы абароніцеся? Адны? — ухмыльнуўся чарнявы.
— Калі б нам не заміналі, мы маглі б утварыць вялікае войска,— прамовіў Петрыкевіч.— На франтах не адна сотня тысяч нашых землякоў...
— Не смяшыце мяне! — зноў ухмыльнуўся пасланец Аблвыкамзаха.— Нацыяналізацыя часцей, вывад ix з пазіцый — развал рускай арміі. Многія салдаты ўкраінскай i беларускай нацыянальнасцей збіраюцца пад «сваім» сцягам, каб толькі выскачыць з акопаў i вярнуцца дадому. Асобныя ўкраінскія часці рвуцца на Украіну, вашы — у Мінск. А гэта пагражае Савецкай уладзе. Па-другое, агаляе цэлыя франтавыя ўчасткі, а па-трэцяе, дае прыклад i іншым уцякаць з фронту. Цяпер, як Савецкі ўрад падакляраваў мір, зямлю, заключыў з немцамі перамір'е i спрабуе заключыць мір, многія салдаты, ураджэнцы расійскіх вёсак, пачалі дэзерціраваць. Цэлымі эшалонамі пруць з фронту. Ca зброяй у руках. Вось Аблвыкамзах, параіўшыся з Рэўкомам, з Паўночна-Заходнім камітэтам РСДРП, рашыў: спыніць нацыяналізацыю часцей i забараніць нацыянальныя з'езды. Адпаведныя паперы пасланыя ўжо Вярхоўнаму галоўнакамандуючаму з парадаю аддаць адпаведны загад...
— Як — забараніць нацыянальныя з'езды? — умяшаўся ў гаворку Лашковіч, зусім коратка астрыжаны, у новых масіўных акулярах.— Ды гэта ж парушэнне вашай жа, савецкай «Декларации прав народов России»! А заадно чаго тады вартая заява Мінскага Савета ад 5 верасня аб праве нацый на самавызначэнне?
— Народных праў мы не парушаем,— адказаў па-ранейшаму спакойна чарнявы.— Народ павінен сам рашыць свой лёс. А вось вам, адарванай ад народа жменьцы, мы не дазволім самаўпраўнічаць.
— Нас — жменька? — падхапіўся Петрыкевіч, падскочыў да акна i паказаў рукою на двор.— Там жменька? Не, дарагі! Не жменька! А праз тыдзень, месяц будзе ў сотню разоў болей!
— Вы ix атуманілі...— падняўся i чарнявы.— Значыць, паны, паўтару пастанову Аблвыкамзаха: спыніць адклікаць салдат, часці з фронту, заўтра-паслязаўтра вашы батальёны павінны быць далучаны да 289-га пяхотнага запаснога мінскага палка i падпарадкоўвацца камандзіру гэтай часці. Калі не згодзіцеся, то вашы часці будуць раззброены сілаю, а вас, верхаводаў, мы арыштуем...
Калі чарнявы выйшаў, генерал Петрыкевіч, не выбіраючы слоў, пачаў брудна лаяць, абражаць Ландара i Мяснікова, па яго словах, «прыблудаў i нахабных махляроў».
— Давайце, сябры, суцішым свае эмоцыі,— ціха прамовіў Рак-Міхайлоўскі.— Параімся: што рабіць? Але спачатку няхай Сымон раскажа, што ён прывёз з Петраграда.
Пунсовы генерал заціх, прысеў на падаконніку. Пільна зірнуў на Васілевіча i натапыраны Лашковіч.
— Вось што...— прамовіў Васілевіч, зноў барабанячы пальцамі па чамадане.— Кужэльнага мы змусілі адмовіцца ад палітычнага ультыматума. Цяпер ён не дабіваецца аднаасобнага лідэрства свайго БАКа. Ён згадзіўся саюзіцца з намі, з петраградскімі партыямі Гартнага i Чарвякова. Але на тым-сім ён настойвае непахісна. Да слова, патрабуе наш з'езд, назначаны на 5-е, аб'явіць толькі прыватнаю нарадаю, а з'езд склікаць на 15-е. За гэты час як мага больш правесці нашых канферэнцый у арміях, як мага больш выбраць нашых вайсковых камітэтаў i дэлегатаў воінаў-землякоў на з'езд. Веры, што нам памогуць нашы сяляне, лічыць ён, няма...
— Легка сказаць — адкласці з'езд! — хітнуў галавою Рак-Міхайлоўскі.— Каля паўтысячы людзей прыехала ўжо. Ix жа трэба размясціць, карміць.
— Ну, а якая яго саюзніцкая платформа? — запытаў Лашковіч.
— Увогуле ён — віртуоз,— упершыню ўсміхнуўся Васілевіч.— Спачатку, выступаючы на II Усерасійскім з'ездзе сялянскіх дэпутатаў, а таксама ў дэкларацыях БАКа, ён не прызнаў Савецкай улады ні ў Петраградзе, ні тут, у Мінску. Гаварыў: Аблвыкамзах i Саўнарком — гэта органы франтавыя, а не Беларусі, бо ў ix «няма ні аднаго беларуса», дык якраз БАК мае права на ўладу. Пазаўчора Кужэльны нечакана звязаўся са Сталіным i сказаў таму, што згодзен весці сумесную работу, каб умацаваць у Мінску Савецкую ўладу, дзеля чаго думае правесці тут неўзабаве сялянскі з'езд. Сталін зацікавіўся i прызнаў: згодна з «Дэкларацыяй праў народаў Расіі», беларускі народ мае «безагаворачнае i поўнае права» свайго самавызначэння. Наркамнац згадзіўся, каб склікаць краявы з'езд Беларусі, але з той абавязковай умовай, каб ён быў ад імя i ВАКа, i Савета ў Мінску. Выбранаму на гэтым з'ездзе Савету i павінна належыць краявая ўлада. Статус з'езда i нормы прадстаўніцтва ўзгадніць разам. Партыі Гартнага i Чарвякова згадзіліся на такі саюз альбо кампраміс. Цяпер — слова за намі...
Читать дальше