— Пакліч яе,— нарэшце парушыў цішыню гаспадар.
Гаспадыня паслухала, падалася ў тую, белую, хату.
Тут, на кухні, ці на самай справе прыцямнела (сонца ўжо зайшло за лес ці нават i за зямлю), ці то гэты змрок здаўся Янку. Ды аж забухала ў вушах, калі пачуў лёгкія крокі.
— Вот, дачка, купцэ-сватэ...— прамовіў гаспадар.— Да цябе прыехалі. Хлеб во даюць. Дык як, возьмем ці не?
Дзядзька таўхнуў каленам: ды падымі ты галаву, зірні на суджаную. Янка, як дзіця, паслухаў, зірнуў на нявесту, i яна ў тую ж хвіліну падняла на яго вочы. Зыркнулі адно на аднаго i тут жа зноў паапускалі галовы. Ён добра не разгледзеў яе, але заўважыў: невысокая, у маці, у белай касынцы i блузцы, што шчыльна аблягае высокія грудзі, танкаватая ў паясніцы i шырокая ў клубах.
Янка чуў: вярнулася гаспадыня i таўхнула дачку ў спіну. Тая легка, амаль нячутна падышла да стала i ўзяла з дзядзькавых рук хлеб у сурвэтцы. Ад яе пачуўся лёгкі пах парфумы — вясковыя дзяўчаты, як ужо ведаў Янка, спажываюць яе рэдка, толькі на вялікае свята. Значыць, Ядвіга рыхтавалася да гэтага дня.
— Ну, то дзякуй табе, князёўначка, што не пагрэбавала, не паганьбіла нас,— устаў дзядзька i пакланіўся Ядвізе.— Калі так, дык садзіся з намі за стол.
Ядвіга сапраўды села — з супрацьлеглага боку. З белай хаты пачуўся прыдушаны смех — відаць, ля дзвярэй тоўпіліся i намагаліся праз шчыліну зазірнуць сюды меншыя дочкі.
— Ой, што ж гэта я, гаспадыня, стаю?! — раптоўна, як апомніўшыся, пачала дакараць сябе Дошчачыха.— Госці з дарогі, прагаладаліся, а я прастарэкваю... Ядзечка, палі гасцям, няхай рукі памыюць, а я на стол падам...
Першы спаласнуў рукі дзядзька, а за ім — i Янка. Калі браў белы вышываны ручнік, дык зноў міжволі зірнуў Ядвізе ў вочы. Заўважыў: яны зыркія, смелыя, а вусны поўныя, прызыўныя, пад кірпатым носам — рэдзенькі светлы пушок.
Хутка Дошчачыха запрасіла ix у белую хату.
Там сцены былі паклеены шпалерамі, была падлога, кафляны стаяк. Абапал сцен стаялі тры драўляныя ложкі, засцеленыя прыгожымі дзяружкамі, на ix ляжалі горкі белых падушак.
— Садзецеся, госцікі,— ветліва запрашала гаспадыня.— Ешце, што пастаўлена. На большае i на лепшае выбачайце.
Селі. Янка зноў апусціў вочы, пазіраў на стол — на гаспадарову высокую прыпацелую пляшку, на міскі з баравічкамі, капустай, квашанінай, тушанай курыцай, на сала i хлеб.
— На сённяшні дзень, пані Антося, гэта ўсё — пip на ўвесь мір! — пахваліў гаспадыню дзядзька Стась.— Большага i лепшага — грэх i чакаць. Не сакрэт, па-заможнаму жывяце.
— Калі працуеш, дык i маеш. Ды яшчэ ўсю зіму, як i ўсе людзі, пасцілі, ашчаджалі... Але для вас, што ні ест, усё — на стол...— Усміхнулася.— Маеш дачку — трымай i ў глячку!
— Ды яно так, пані Антося,— пахітаў галавою дзядзька, глытаючы сліну.— Такая ўжо наша бацькоўская доля: адзін рукаў маю i той аддзяру для сваіх дзяцей...
Гаспадар, седзячы паміж дзядзькам Стасем i жонкаю, моўчкі наліў у чаркі на тонкіх ножках ca сваёй пляшкі.
— Ну, за ваша здароўе ды за тое, што нас ушанавалі...— коратка i проста сказаў ён.
— На здароўечка,— дадала гаспадыня, памачыла толькі вусны.
Янка, закусваючы, цяпер, пры святле, разгледзеў: гэтая Ядвіга — канечне, не раўня Зосі, але i не зусім брыдкая.
Пасля, калі за два разы выпілі яшчэ чарку гарэлкі-самагонкі (кабеты зноў толькі памачылі вусны), старэйшыя мужчыны загаманілі пра вясну, работы ў полі, рыхтуючыся, мусіць, перавесці гутарку пра запоіны i пасаг.
— Можа, дазволіце, пані Антося i панна Ядвіся, закурыць,— нечакана запытаў дзядзька, дастаючы пачак цыгарэт (ён курыў самасад, а вось для сённяшняга вечара раздабыў «куплёнае»).
Дзядзькава просьба была нечаканай для Янкі: амаль усе мужчыны ў Янкавінах у белай хаце не курылі, самае вялікае смалілі на кухні, а то выходзілі (а каго i выганялі) на двор.
«Няўжо хоча фарсануць?»
— Проша, пан Стась,— адказала гаспадыня.
Дзядзька раскрыў пачак, падаў гаспадару (той адмовіўся, бо, як сказаў, не курыць), узяў цыгарэту i прыкурыў. Пусціў клуб дыму.
Першая не вытрымала тытунёвай гаркаты нявеста. Спачатку яна запырхала, а пасля зморшчылася, нібы ёй блажыла, а потым, затуліўшы рот рукою, імтанула з-за стала на двор.
— У нас у хаце ніхто не курыць, дык вот i...— здаецца, разгубіўшыся, пачала апраўдвацца гаспадыня.
— Выбачайце,— нібы засаромеўся дзядзька, наслініў палец i патушыў недакураную цыгарэту. Аднак яе не выкінуў, схаваў у разарваны пачак.— Маю дурную прывычку: абы з'еў чаго — адразу цыгарэту ў рот...
Читать дальше