Салавей выйшаў наперад. На ім — суконная зялёная гімнасцёрка з вялікімі кішэнямі на грудзях, на галаве — салдацкая шапка. Шапку ён зняў, абвёў поглядам натоўп.
— Таварышы! — упершыню пачулі гэтае слова мужчыны i кабеты. Так раней ніхто да ix не звяртаўся. Людзі глуха загулі.
— Таварышы,— паўтараў Салавей.— Не ўсе, мабыць, яшчэ чулі, што Часовы ўрад скінуты. У Петраградзе ўладу ўзялі рабочыя i сяляне, створаны Савет рабочых i салдацкіх дэпутатаў. Тут пыталіся, хто такія бальшавікі i чаго яны хочуць. Міру хочуць, справядлівасці i дабра тым, хто гне спіну на фабрыкантаў i паноў. Няма цяпер болей ні паноў, ні фабрыкантаў.
— А дзе ж яны дзеліся? Хіба чорт на хворму схапіў? — выкрыкнула з натоўпу нейкая кабета.
— Ага, дзеткі, ix ніякая трасца не бярэ. Камандаваюць. A прыляціць панаў зяцёк, Урангель той, зноў мужчынам азадкі спаласуе,— падтрымала яе старая жанчына.
— Таварышы бабы,— падняўся Малаковіч,— памаўчыце трохі, дайце сказаць чалавеку.
— Папрывыкалі языкамі, як церніцамі, ляскаць,— загуў глухі бас.
Усталявалася цішыня. Салавей загаварыў зноў:
— Цяпер у нас Савецкая ўласць. ІІІто гэта значыць? Збіраюцца разам рабочыя, сяляне i салдаты i савет дзержаць, як i што лепей зрабіць. Знайшоў савет месца цару з царанятамі i часовым міністрам знайшоў, знойдзе i гэтаму барону Урангелю. Так што можаце быць спакойныя, таварышы жанчыны! Але голымі рукамі паноў не возьмеш. Каму ахвота аддаваць нажытае мужыцкім мазалём? Так што рэвалюцыя перамагла, а барацьба толькі пачынаецца — з панамі, царскімі афіцэрамі i засцянковаю шляхтай. Калі ў каго ёсць ЯКЗ.Я зброя, трымайце яе, а няма — прыдбайце. Яна нам яшчэ спатрэбіцца. А зараз, таварышы, я прачытаю першыя законы нашага рабочага i сялянска-салдацкага правіцельства.— Ён разгарнуў даволі вялікую газеціну, склаў яе, каб зручней было трымаць, i пачаў голасна чытаць:— «Дэкрэт аб міры, прыняты аднагалосна на паседжанні Усерасійскага з'езда Саветаў рабочых, салдацкіх i сялянскіх дэпутатаў 26 кастрычніка 1917 года.
Рабочы i сялянскі ўрад, створаны рэвалюцыяй 24-25 кастрычніка i які абапіраецца на Саветы рабочых, салдацкіх i сялянскіх дэпутатаў, прапануе ўсім народам, што ваююць, i ix урадам пачаць неадкладна перагаворы аб справядлівым дэмакратычным міры».
— Якім, якім, ты кажаш, міры? — перабіў высокі мужчына з люлькаю ў зубах.— Можа, гэта хочуць нас пад германца аддаць.
— Не, дзядзька Кандрат, дэ-ма-кра-тыч-ны, гэта такі, каб народу добра было,— супакоіў яго Аляксандр.— Далей пра ўсё напісана.
Ён дачытаў дэкрэт да канца. Натоўп загуў, закалыхаўся. Запрычыталі кабеты:
— А дай жа, божачка, каб гэтае ўбіўства кончылася! Можа ж, i мой сыночак вернецца, абы жывенькі толькі быў.
— Татка прыйдзе, татка прыйдзе,— падкідала на руках дзяўчынку маладзіца з вачамі, поўнымі слёз.
Загаманілі мужчыны.
— Чуў, замірэнне на тры месяцы, а там дагаворацца саўсім не ваяваць.
— Башкавітыя гэтыя бальшавікі. Бач, як складна апісалі.
— Хоць i не ўсё адразу зразумееш, а, відаць, праўда чыстая.
Калі трохі ўгаманіліся, Салавей загаварыў зноў.
— I яшчэ, таварышы, адзін самы важны для нас, сялян, дэкрэт. «Дэкрэт аб зямлі,— пачаў чытаць ён,— з'езда Саветаў рабочых i салдацкіх дэпутатаў, прыняты на паседжанні 26 кастрычніка ў дзве гадзіны ночы. Першае! — ён памаўчаў. У натоўпе стала так ціха, быццам перад воласцю нікога i не было.— Уласнасць паноў на зямлю адмяняецца неадкладна без усялякага выкупу. Другое! — яшчэ мацней выгукнуў Салавей.— Панскія маёнткі, так, як i ўсе землі ўдзельныя, манастырскія, царкоўныя, з усім ix жывым i мёртвым інвентаром, сядзібнымі будынкамі i ўсімі прыладамі пераходзяць у распараджэнне валасных зямельных камітэтаў i павятовых Саветаў сялянскіх дэпутатаў, аж да Устаноўчага сходу...»
Ён чытаў пра тое, што забараняецца псаваць панскую маёмасць, якая цяпер належыць усяму народу, што права прыватнай уласнасці на зямлю адмяняецца назаўсёды, што зямлю нельга ні прадаваць, ні купляць, ні аддаваць у арэнду, што зямля пераходзіць у карыстанне ўсіх тых, хто працуе на ёй. I закончыў:
— «Зямля радавых сялян i радавых казакоў не канфіскуецца. Старшыня Савета народных камісараў Уладзімір Ульянаў (Ленін), 26 кастрычніка 1917 года».
Скалануўся, загуў натоўп, загаманілі ўсе разам.
— Калі будзем дзяліць?
— Па колькі на душу прыпадзе?
— Панскіх коней трэба раздаць!
— От праўда! Каб хоць дроў навазіць.
— А чым карміць будзеш?
— I сена забяром!
Малаковіч гхаляпаў далонню па стале.
Читать дальше