Зарыпелі, расчыніліся вароты, за акном заківалася галава каня, пачуўся знаёмы голас Аляксея: «Тпр-р-ру!» Загрукала сухое звонкае паленне. Вера замітусілася. Хуценька нацягнула сукенку, абула боты, накінула паліто i выбегла на ганак.
Замецены снегам, з пабялелымі бровамі, Аляксей складаў пад паветкаю дровы. Твар аж пабурэў ад сцюжы, а вочы ўсміхаліся ветліва i добра.
— Вы толькі скіньце, Аляксей Іванавіч, а я сама складу,— сказала Вера і, правальваючыся ў мяккім снезе, зайшла пад паветку.
— А хто ж вас лячыць будзе ад запалення? Зараз жа ідзіце ў хату.
Але Вера не паслухалася. Яна голымі рукамі брала настылыя плашкі i клала ў паленніцу. Пальчаткі, прывезеныя з дому, шкадавала.
— Вера Рыгораўна, старэйшых трэба слухацца i не замінаць ім,— знарок сурова сказаў Аляксей.— Ha пімы вы так i не разжыліся? Што ж вы сабе думаеце? А як ударыць сорак, а?
— Можа, як абыдуся... I дзе ix узяць, не ведаю.
— A ў каго вы пыталіся?
— Hi ў кога.
— Які нумар носіце?
— Трыццаць шосты. А што?
— Значыць, пімы трэба трыццаць восьмы. Пакуль абуем, бяжыце хутчэй у хату i не замінайце, калі ласка.
— Хіба i абуваць уваходзіць у вашы абавязкі?
— Уваходзіць.— Ён узяў Веру за плечы i далікатна выправіў з-пад паветкі.
— У мяне паліцца ляжанка. Заходзьце пагрэцца. Абавязкова.
— А з канём можна? Яму ж таксама холадна,— пажартаваў Аляксей.
— Можна i з канём,— з ганка сказала Вера i пайшла ў хату. Згарнула галавешкі, падгрэбла жар, але больш не села да ляжанкі. Праз акно пазірала, як спрытна Аляксей парадкуе дровы. I зрабілася шкада яго. Настылы, абсівераны, робіць нялёгкую работу.
Пад сэрцам трымцела нейкая тоненькая струна, самі сціскаліся пальцы. Вера чакала. А навошта? Што яна скажа? Лавіла сябе, што хоча бачыцца, гаварыць з ім, i адразу ж апраўдвалася: «Параюся пра драмгурток. Ён жа ўсё ведае, усё ўмее. Можа, згодзіцца памагчы. Я ж бачыла сцэну толькі з залы, а як там усё робіцца, i не ўяўляю».
Аляксей склаў дровы, падцягнуў церассядзельнік i завярнуў каня. Вера сиалохалася, што так i паедзе, i пастукала ў шыбіну. Аляксей кіўнуў галавою, закінуў лейцы на калок ад прызбы, абабіў рукавіцамі з вялікіх падшытых валёнак снег, патупаў па ўсходцах i ціха пастукаў. Вера адчыніла насустрач дзверы.
— Праходзьце, калі ласка, я ж вас сама паклікала.
Аляксей спыніўся на дзяружцы, пасланай у парозе.
— Не, дзякуй. Насляджу вам. A калі паклікалі, слухаю.
Вера зага'дзя падрыхтавала першы сказ:
— Хацела з вамі параіцца, а можа, i папрасіць дапамогі.
Аляксей паблажліва ўсміхаўся, нібы гаварыў з маленькай дзяўчынкай.
— Калі здолею — памагу. Такі ўжо мой лёс, каму-небудзь памагаць. Што ў вас за клопат?
— Разумееце, на педсавеце мне даручылі драмгурток. А я ж нічагусенькі не ведаю i не ўмею. Спектаклі бачыла толькі некалькі разоў...
— Гэта тое, што тут неабходна дзецям i вам.
— Добра вам казаць. Я не ўяўляю нават, з чаго пачынаць.
— Усё пачынаюць спачатку.
— Вам легка жартаваць. А што мне рабіць? Хочацца нечага цікавага.
— Падбярыце цікавую п'есу, пастановачную, з незвычайным сюжэтам, касцюмамі, эфектамі, захапіце дзяцей i пачынайце рэпеціраваць. Калі дазволіце, памагу аформіць. Тэатральную кухню трохі ведаю. Калі вучыўся, вечарамі часам зарабляў у тэатры. Быў рабочым сцэны, памагаў дэкаратарам i бутафорам... Хоць i цяжка будзе, але можна закаціць такі спектакль, што ўсе ахнуць. Бярыцеся, Вера Рыгораўна.
Вера адразу павесялела i засмяялася:
— A факірам вы часам не былі? Вы, здаецца, усё ўмееце i ўсё ведаеце.
— Вы хочаце сказаць — тыповы дылетант... Не, факірам i дрэсіроўшчыкам тыграў быць не даводзілася... Прабачце, трэба ехаць. Галоўнае, не хвалюйцеся.— I ён узяўся за клямку.
— Калі з вамі можна параіцца падрабязней?
— У любы час пасля работы.
Яна падышла да Аляксея, кранулася яго рукі, паглядзела ў вочы i ціха сказала:
— Прыходзьце сёння. У мяне толькі чатыры ўрокі. Буду чакаць,— i кіўнула галавою, нібы пыталася згоды.
Аляксей нічога не сказаў, выйшаў, сеў на сані, зацярушаныя карою, хвастануў ляйчынаю каня i заспяшаўся да школы.
Вера некалькі хвілін стаяла ў зняменні, думала — прыйдзе ці не прыйдзе, паможа ці не? Хацелася, каб прыйшоў, каб параіў, памог. Адчувала, што прыемна быць з ім, слухаць яго, i бянтэжылася пры ім, была трохі скаваная i ненатуральная.
У ляжанцы датлелі, укрыліся белым трапяткім попелам галавешкі. Вера пабіла ix кароткім жалезным прутам, засунула юшку, прыхінулася да гарачага боку ляжанкі i зноў адчула адзіноту, уявіла заснежаныя таежныя прасторы, завірушныя стэпы i тоненькую рабінку на голай уральскай скале. Тугі, казыткі камячок падкаціўся да горла. За вокнамі падаў i шапацеў густы снег.
Читать дальше