Займеўшы аднойчы вольны час, ён узяўся напісаць лісты. Адзін быў міністру абароны наконт таго, каб яму выдалі заслужаны ім медаль за ўзяцце Берліну, другі — дзядзьку на Урал. Дзядзька пісаў даўно ўжо, што жыве кепска, з прадуктамі трудна, прасіў дапамогі. Дык пляменнік яму напісаў: кінь ты гэта расейскае жыццё, прыязджай у Беларусь, тут бульбачкі хопіць. Той жа дзень аднёс лісты на пошту.
I вось праз нейкі час прыбягае з ваенкамату пасыльны, прыносіць позву. Карпюк парадаваўся — ці не прыйшоў ад міністра медаль? Прыйшоў да палкоўніка-ваенкама. Той чамусьці глядзіць ваўком, а потым падае аркуш паперы і кажа: «На чытай». Карпюк моўчкі чытае. «Не, ты гучна чытай»,— кажа ваенкам. А там на бланку Міністра абароны Саюза ССР напісана: «Загадваю. Параграф першы. Выклікаць і растлумачыць грамадзяніну Карпюку А. Н. што я ў сваяцтве з ім не знаходжуся і дзядзькам яму не з'яўляюся. Параграф другі. Гродзенскаму аблваенкаму палкоўніку такому-та за нізкі ўзровень палітмасавай работы з асабовым складам аб'яўляю вымову. Міністр абароны маршал Савецкага Саюза Г. Жукаў». — «Ты зразумеў? — пытаецца ваенкам. — Мне праз паўгода на пенсію, хто мне цяпер гэтую вымову зніме? Ці мне без пенсіі ў адстаўку ісці? Во што ты нарабіў, разгільдзяй!»
Прыгнечапы, з сапсутым пастроем Аляксей вярнуўся дадому, дзе яго чакаў ліст ад дзядзькі. Той пісаў хімічным алоўкам на школьнай старонцы: «Дарагі пляменнік, ці ты там з глузду з'ехаў у сваёй Горадні, — які я табе маршал і дзе я табе вазьму гэны медаль? Я і ў войску ні дня не служыў...» З дзядзькам, канешне, адносіны ўлагодзіліся, а прадстаўленне на афіцэрскас званне ў Карпюка ляснула. Карпюк быў у недаўменні: падумаеш, папісаў! Я ж маршала не аблаяў. Дык праз тое да пяцідзесяці год хадзіць радавым? А гэтыя, што ў вайну ні разу па жывым немцу не стрэлілі, ужо маёры запасу. Вунь як той Гаўрушка, што самагон на хутары для камбрыга гнаў. Цяпер ён член бюро гаркама, — абураўся Карпюк. Тады ён яшчэ не прадбачыў, што прыйдзе час, і гэты брыгадны самагоншчык дасца Карпюку ў знакі... [...]
На партыйных і гаспадарчых мерапрыемствах у вобласці з зайздроснай увагай і смакам абмяркоўваліся «ідэалагічныя дыверсіі» гродзенскіх літаратараў. Нават патрабавалі адказу ў сакратара абкама па ідэалогіі А. Ульяновіча, які не ведаў, як апраўдацца, але абяцаў «спусціць штаны» з Карпюка і Быкава. Адна надта кіраўнічая дама, мусіць, хацела апраўдаць Быкава гэткім аргументам: чаго ж вы хочаце ад чалавека, які нават не скончыў ВПШ, бо не член партыі? Да таго ж п'е. На тое ёй пярэчылі: але ж Карпюк скончыў інстытут, нават Вышэйшыя літкурсы і не п'е. Дык куды ж глядзіць абкам КПБ?
Што да выпівання, дык тая дама мела некаторую рацыю — за мной быў такі грэх. Асабліва падчас паездак на розныя пісьменніцкія мерапрыемствы. Аднойчы, памятаю, на пленуме ў Маскве праседзелі з адным маім сябрам увесь дзень у буфеце, дзе, вядома ж, пілі. Але не толькі пілі, а і вельмі актыўна дыскутавалі з двума ўкраінскімі артадоксамі з поваду пераследу Віктара Някрасава.
Спрэчка перайшла ў злосную сварку, і мы сварыліся (і пілі) аж да сканчэння мерапрыемства. Так і не зайшоўшы ў залю.
Тое ж не раз здаралася ў Менску, і Карпюк нават ездзіў да маіх сяброў сварыцца, што яны спойваюць Быкава. З мяне памалу ствараўся вобраз пуставатага абібока і п'янтоса. Я не бурыў той вобраз, я яго падтрымліваў у якасці пэўнай абароны ад таго, што магло спасцігнуць адказнага, разважлівага і цвярозага. I спасцігла не аднаго. У цэнтральных газетах паявіўся артыкул (ці прамова) начальніка Главпура Савецкай Арміі генерала арміі Епішава, у якім ён сярод іншых расійскіх аўтараў (Еўтушэнка, Вазнясенскі, Аксёнаў) бэсціў і Быкава. На чарговым партыйным мерапрыемстве ў Доме афіцэраў, куды запрасілі Карпюка, той сказаў са злосцю: «Калі Епішаў — генерал, дык хай камандуе войскам, а не лезе ў літаратуру». Тая ягоная рэпліка выклікала паніку сярод партыйнага кіраўніцтва Горадні. Як Аляксей у чарговы раз пайшоў у абкам, яго туды не пусцілі. Наспявала штось не зусім звычайнае.
У гэткай атмасферы надышоў 100-гадовы юбілей Леніна, да якога рыхтаваліся, бы да аканчальнай перамогі камунізму. Па гарадах і вёсках ішлі сходы, пленумы, ленінскія сімпозіумы. У Саюзе пісьменнікаў з гэтай нагоды наладзілі ўрачысты пленум, прыехалі і мы з Карпюком. Я пасядзеў крыху і пайшоў — беспартыйныя сябры запрашалі на пачостку. Карпюк запісаўся ў выступоўцы. Толькі што перад тым па краіне прайшоў ленінскі суботнік, рэпартажы з якога друкаваліся ва ўсіх газетах, і Карпюк зрабіў тое тэмай свайго выступлення. У канцы ён сказаў: «Мы ведаем, як у суботніку ўдзельнічаў Уладзімір Ільіч, з кім ён насіў бярвенне. Але з кім насіў бярвенне Леанід Ільіч, таго нам «Правда» не паведаміла. Ці, можа, Брэжнеў не ўдзельнічаў у ленінскім суботніку, — хай нам адкажуць». Марцалеў, які сядзеў у прэзідыуме, аж скалануўся ад тых слоў і ў канцы пленума сказаў, нібы між іншым: «Што да выступлення таварыша Карпюка, дык гэты чалавек пачынае хадзіць па галовах».
Читать дальше