А я ўсё не верыў сваім вушам. I «таварыш Карпюк», і «камуніст Карпюк», і «Аляксей Нічыпаравіч». I чаму перад выступленнямі не заходзіў да яго (бытта мяне пусцілі б у гэты самы кабінет на пятым паверсе!). I тое, што Машэраў на ўласныя вочы аглядаў на Беласточчыне наш хутар...
Раптам я адчуў, як устрапянулася мая душа. Як кожная клетачка мая напаўняецца сілай. Як вырастаюць ў мяне крылы!
Гэта была за шмат-шмат гадоў, за тысячагоддзі мая першая перамога над хлуснёй!
Гэта быў мой даўночаканы трыумф!
А сказаць мне было што. Я пра гэта думаў і перадумаў усе апошнія месяцы, тыдні, дні, гадзіны, а яны цягнуліся надта марудна. Таму цяпер, не чуючы пад сабой ног, я ўсхапіўся ды пачаў больш-менш спакойна і ўпэўнена гаварыць:
– Га, чаму сябе так паводзіў? Бо іншыя, Пётр Міронавіч, любяць за вугламі брахаць, а калі выйдуць на трыбуну, то гавораць ужо зусім-зусім іншае. Гэта, па-вашаму, правільна? Так сябе павінны сапраўдныя людзі паводзіць? Па-мойму, калі ты маеш што, то з гэтым і на народ выходзь ды гавары, а не брашы за вугламі. Я сябе паводзіў паводле такой менавіта этыкі. Што, мажліва, памыляўся часамі? Мабыць, і вельмі памыляўся. Аднак я Вас, Пётр Міронавіч, і вас, шаноўныя члены Бюро ЦК КПБ, тут спытаюся: які грамадзянін, камуніст і чалавек лепшы: ці той, хто да ісціны даходзіць цераз пошукі ды памылкі, ці той, хто ўспрымае яе, гэту ісціну – адзіную і непаўторную, – як завучаны ўрок?
Сказаў я гэта, бы адрэзаў, і сеў. Ды сам нават здзівіўся, што бразнуў такой удалай думкай.
Выпаліў проста і хітра!
Але ж і ўдалося мне! Ні «апостал» вайсковец, ні Міцкевіч, ні Баранаў, вядома, для мяне не «шаноўныя», але чорт іх бяры, хай абліжуцца!
Толькі, Божа мой, што пачалося пасля мной сказанага!
– А-а, то вы так ісціну шукалі?! – па-маладому зноў ускочыў на ногі Машэраў ды не без сімпатыі пачаў мяне касціць. – Перад кім вы яе шукалі, перад абывацелямі? А ці ведаеце, людзі гэтыя вам апладзіруюць, падхіхікваюць, а затым сюды прыходзяць, сядаюць во на гэтае крэсла ды рознае свінства на вас валяць! Так, так, не здзіўляйцеся, я вам праўду гавару, – валяць! А вы – зноў усё свае! Так камуністы сябе паводзяць?
Машэраў, як вядома, звычкі лезці па словы ў кішэні не меў. Яны і на гэты раз ліліся з яго патокам. Касціў мяне гэтак мінут з трыццаць, успамінаючы факты з маёй біяграфіі, са спатканняў, з чаго я зрабіў сабе выснову: служба даносаў у беларускім ЦК партыі стаіць на вышыні.
За першым сакратаром ЦК узялі слова Кузьмін, Аксёнаў, але і ў іх адчуваліся тыя самыя добразычлівыя ноткі.
Адным словам, пытанне маё на Бюро ЦК КПБ разбіралася амаль тры гадзіны, а час праляцеў, як адно імгненне. Выходзіў я з кабінета, бы на крылах.
У прыёмнай перадавалася ўсё тая ж класічная музыка, і ўпершыню ў жыцці я адчуў яе магутнае хараство.
З апарата плылі не гукі, а нейкія гаючыя лекі, якія хтосьці далікатна ліў на маю збалелую душу, і яна на вачах набірала сілы і спакою.
I дарогі мне паказваць не трэба было. Але я выходзіць не спяшаўся, бо надта цёпла і прыемна ззяла электрычнасць, весела і прыязна свяціўся жоўты лак мэблі, стралялі радасныя прамені ад крышталю на стале ды кінулася мне ў вочы надзвычай густоўная прычоска з каштанавых валасоў дзяўчыны, якую, мабыць, выбіралі на рэспубліканскім конкурсе прыгажунь – аж вачэй нельга было ад яе адвесці!
Нарэшце, выйшаў я ў калідор і свабодна пакрочыў, а грудзі мае поўніліся ўсё тым самым пачуццём перамогі.
Эх, як прыемна было адчуваць такое!
Як прыемна было жыць!
Людзі, я вас усіх люблю і зноў усіх вітаю!
... Між іншым, вярнуўшыся дамоў, у наступны дзень я ў добрым настроі зайшоў ва універмаг. Зайшоў проста так, як ходзяць у лес, каб пабыць аднаму. Стаю перад прылаўкам. Гляджу на тавар і зусім яго не бачу, а проста бытую сам з сабой ды ўсё перажываю ўчарашняе здарэнне ў Менску на пятым паверсе галоўнага партыйнага дома, захапляючыся такім дасціпным сваім адказам. Заадно дзіўлюся: як сумясціць Машэрава, з яго ўзроўнем мыслення, з узроўнем і норавамі яго паплечнікаў, якія падпявалі яму на бюро, бы флюгеры. Успомнілася: у жыцці падобную з’яву я ўжо назіраў і гэтаксама тады дзівіўся сумяшчэнню Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Васіля Казлова і міністра НКУС Лаўрэнція Цанавы. Ад таго, што абодва –Машэраў і Казлоў – працавалі з такімі нікчэмнасцямі і не толькі іх цярпелі, а, найхутчэй, лічылі сваімі паплечнікамі, вобразы аднаго і другога блеклі.
Раптам чую, мяне нехта далікатна бярэ ззаду за локці, па-сяброўску іх націскае, а знаёмы голас на вуха кажа:
Читать дальше