Іншыя тады лічылі, што ў баі цябе абавязкова выручыць гарэлка. Як толькі надараўся выпадак, напіваліся – і мора было ім на калена, а лужа – па вушы.
Пілі ў халадзіну, каб сагрэцца, але я, лежачы побач на тым самым снезе, выразна бачыў, што ім зусім не горача, таксама, як і мне.
Пілі для адвагі. Але такі зух выбываў са строю ад пасланага выбухам кавалка звычайнай цагліны, які знёс яму патыліцу, бо ўладальнік не вельмі дальнабачнай галавы палічыў каску лішняй абузай.
Пры банальнай сутычцы з немцамі выпівакі хутчэй давалі праціўніку мажлівасць застаць сябе знянацку, мелі прытупленую рэакцыю і, вядома ж, часцей цярпелі паражэнне. А калі ты глядзеў на бягучага гітлераўца цераз проразь мушкі ці на крыжавіну гарматнай панарамы лавіў машыну, танк, цябе агортвала атарапеласць ад адной думкі: як здолееш трапіць у гэтае рухомае макавае зернятка, хісткую, расплыўчатую і зусім малюсенькую смяцінку! Да таго ж, у цябе адубелыя пальцы, злева і справа тварылася ліха ведае што, ды яшчэ аднекуль сек кулямёт, абдаючы твае шчокі і вочы калючым крошывам каменю, пяску, ільдзінак і тугімі жгутамі паветра. Яшчэ цяжэй было справіцца з баявой задачай адкрытым для ўсёй вайны зверху, знізу і з бакоў лётчыкам, танкістам, якія, акрамя таго, мусілі адчуваць і кожную шрубачку ці заклёпку складанай машыны!
Ды пры такіх абставінах трапіць у праціўніка нават выдатна вытрэніраванаму, цвярозаму байцу, які яшчэ і добра выспаўся, было не вельмі проста, а што казаць пра тых, у каго перад вачыма дваіцца і траіцца!
Адным словам, ад выпівак і на вайне карысці мелі мала. Там часцей з-за гэтага гінулі. Гэта і лагічна – толькі ў матэматыцы мінус на мінус дае плюс, і дзякуючы менавіта такім ісцінам вынайдзена нават ЭВМ. У звыклым жыцці цудаў такіх не бывае. Затое па якіхсьці д’ябальскіх законах адно з другім можа проста перакрыжавацца. Я не раз сабе думаў: калі, не дай Бог, над краінай зноў навісне пагроза вайны, ад байцоў спатрэбіцца такая свежасць успрыняццяў і яснасць думкі, што выпівох да сучаснай зброі, нашпігаванай электронікай, нельга падпусціць і блізка. Тады каму абараняць краіну?
Але вернемся да суровых дзён.
Ох, і многія жонкі, мацяркі і нявесты не дачакаліся мужоў, сыноў і каханых з вайны з-за той жа праклятай гарэлкі. I калі б наша камандаванне мела тады магчымасць дэталёва, як гэта зараз робяць на шашы сяржанты і афіцэры дзяржаўнай аўтаінспекцыі, разбірацца з усімі выпадкамі, змест некаторых пахаронак быў бы цалкам іншым – я ў гэтым упэўнены. I нарэшце, нікуды нам не дзецца ад той горкай праўды, што сярод нашых лясных вояў бяда гэтая назіралася куды часцей, чым у армейцаў. Дысцыпліну трымаць у лесе было значна цяжэй.
Ледзь не кожны былы партызан назаве вам аперацыі (я заяўляю з поўнай адказнасцю!), якія праваліліся з-за самагонкі. А колькі па гэтай самай прычыне загінула груп падрыўнікоў, сувязных і людзей выпадковых. Ды і «бобікаў» у батальёны Рагулі, Камінскага немцы вербавалі, галоўным чынам, з выпівакаў.
Былі яшчэ і такія, што ў самагонным чадзе цалкам перарадзіліся, засталіся «партызаніць» у лясах і пасля вайны. Не хачу гэты тэкст празмерна раздуваць, таму не прыводжу прыкладаў. Хто не паверыць, няхай распытае старых сялян Наваградчыны, былых Воранаўскага, Радунскага і Сапоцкінскага раёнаў.
Раздзел трэці
Пачатак мірных дзён
Першыя пасляваенныя гады праходзілі ў нас у атмасферы напружанага будаўніцтва таго, што было разбурана, у яднанні сем’яў, раскіданых вайной па ўсім свеце, якіх усясільны біялагічны магніт сцягваў да сваіх каранёў.
Я, цяжка паранены і недалечаны, знайшоў сабе ў той час ціхі закутак – вучобу на факультэце англійскай мовы Гарадзенскага педінстытута. Зрэшты, па-сапраўднаму ціхім той інстытут, як і горад, назваць нельга.
Парадкі былі ўсюды аднолькавыя.
Ішоў я аднойчы па вуліцы Ажэшка, а насустрач – узвод нямецкіх палонных. Усе такія змораныя, апушчаныя, занядбаныя, шэрыя, згорбленыя, як бы і ростам нават меншыя. Дзіва брала: няўжо перада мной – тыя самыя бравыя ваякі, што нават брамку на падворак да нас адчынялі толькі наском бота? Зусім нядаўна ніхто з іх і не думаў павітацца з мясцовым чалавекам. Нават з тымі, з якімі былі ў цесным кантакце. Называлі нас няйначай як «фэрфлюхтэ русэ», «фэрфлюхтэ полен», «фэрштынктэ швайнэ»!
Душа мая на момант загарэлася адчуваннем задаволенасці ад мсцівай перамогі – во як бывае ў жыцці!
Спаткаўшы тут жа свайго блізкага друга – Лёву Клейна, я кіўнуў на палонных ды жартаўліва кінуў:
Читать дальше