Калі б я, прыехаўшы дадому на канікулы з віленскай гімназіі, барані Божа, загаварыў па-польску, бацька стукнуў бы мяне па вуху, а маці кінула б:
– Дай, Нічыпар, яму лепш, дальбо, дай! I добро адмер, а то хутко забудзе, як граблі называюцца!
Атрымаў бы ад бацькі і за непашану да старых.
Днямі я назіраў сцэнку на гарадзенскай вуліцы, яна прымусіла задумацца.
Літаральна на маіх вачах нейкі фургон урэзаўся ў «Волгу». Яна машына моцная, нічога з ёю не сталася, толькі мужчына выпусціў руль ды расцягнуўся на сядзенні. Самавіты, пажылы, з нездаровым карычневым тварам спрацаванага чалавека, са шматлікімі ордэнскімі планкамі на лацкане пінжака, ён выклікаў пашану і спачуванне.
Збегліся людзі і скамянелі ад жаху.
Дзве пяцікласніцы з марозівам у руках зазірнулі ў «Волгу». Убачанае здалося надта смешным. Адна адной кінула:
– Гы, стары хрыч!
І, падскокваючы на адной назе, хіхікаючы, паляцелі далей. Толькі цяпер я раптам разгадаў загадку, чаму перад школьнікамі нашаму брату ўсё цяжэй выступаць. Яны вось гэтаксама бяздумна смяюцца з твайго твора якраз у тым месцы, дзе трэба плакаць ці сумаваць.
Душэўная глухата сучасных вучняў і гэтых дзвюх пестаў – вынік выхавання. Далей я паспрабую паказаць, як да гэтага дайшло. Цяпер толькі сцвярджаю: равесніцы пяцікласніц пяцьдзесят гадоў таму былі куды больш чалавечнымі. Менавіта таму дзесяткі тысяч палонных, акружэнцаў, цывільных, што ў вайну трапілі на Гарадзеншчыне ў бяду, атрымалі падтрымку харчаваннем, лекамі і сямейным цяплом, хоць мясцовым кабетам часта даводзілася за гэта адплочваць жыццём.
Са свайго вопыту ведаю напэўна: такія марожніцы на ахвярнасць не здольныя. Затое пачні апавядаць, як мацяркі калісьці вучылі дзяўчынак жыць, у гэтым творы не хопіць месца.
А ўсе тыя правілы як для хлопчыкаў, так і для дзяўчатак, падмацаваныя прыказкамі, народнымі рамёствамі, нацыянальнай сімволікай, казкамі і легендамі, каламбурамі і жартамі, загадкамі і лічылкамі, маладому парастку давалі стрыжань, нацыянальную ўтульнасць, непаўторны каларыт, душэўную ўпэўненасць, адчуванне чалавечай годнасці ды служылі спрыяльным полем, надзейным гарантам для самасцвярджэння і росту.
Мне ўжо не раз даводзілася сцвярджаць, што беларускія вёскі тагачаснай Польшчы душой былі на Усходзе. У апошнія часы адтуль даходзілі дзікія чуткі пра несправядлівасць, якая пануе ў СССР, пра голад, турмы і лагеры, але ніхто ім не верыў. Лічылася, паны, заразы, фабрыкуюць байкі, бо ім няўсёдка. У нашых людзей панавала непахісная, цвёрдая вера ў СССР: жывуць, бяды не ведаючы… Там малочныя рэчкі плывуць. Чырвоная Армія – самая магутная ў свеце. Дзякуючы такім умовам, савецкі чалавек стаў самы разумны, сумленны ды справядлівы. Вось-вось Сталін успомніць пра нас, пакрыўджаных у Польшчы беларусаў, далучыць Заходнюю Беларусь да Усходняй, тады і мы зажывём шчасліва.
Святое ды наіўнае пакланенне міфам давала людзям моцы цярпець нацыянальны прыгнёт санацыйнай улады, падагравала надзею ды надавала сілы на змаганне за свае правы.
У глыбокай канспірацыі існавалі Камуністычная партыя і камсамол Заходняй Беларусі. Падпольныя камуністы былі людзьмі гуманнымі (нездарма Сталін потым так іх нішчыў!), яны гэтае змаганне ўзначальвалі, землякам унушалі пашану да іншых нацыяў ды нянавісць да «чумы XX стагоддзя» – фашызму з яго лідэрамі: Гітлерам, Мусаліні, Франко і Салазарам. Як члены гэтай арганізацыі адстойвалі свае ідэалы, я апісаў у «Маёй Джамалунгме», таму размалёўваць яшчэ раз не стану. І вось настаў верасень 1939 года – доўгачаканы дзень «вызвалення». Амаль адразу і ў нас пачалося ламанне хрыбта ўсяму здароваму, назапашанаму чалавецтвам за мінулыя стагоддзі. Пайшло разбурэнне шляхоў натуральнага развіцця народнай культуры. Пачалося разбурэнне сумленнасці і народнай дэмакратыі.
Адным словам, якраз з таго часу пачалося абыдленне майго народа, скуткі якога адчуваем яшчэ і сёння. Гэтая хвароба доўга будзе даваць аб сабе знаць. Як адбыўся той гвалтоўны працэс, мне давялося назіраць вачыма дарослага чалавека, паспытаць усе жахі, горыч, на ўласнай скуры прасачыць яго стадыі.
Апісваць падзеі пачну па парадку.
І радасць, і недаўменне
Паўтараю, злачынствы на Прынёманшчыне пачаліся адразу пасля “вызвалення”, хоць тады гэта мала хто яшчэ і зразумеў. Толькі цяпер, калі думкі і ўспаміны адстояліся, а цэнзура адменена, з вышыні мінулых дзён пра той гвалт над людзьмі магу гаварыць упэўнена.
Читать дальше