Як толькі выбухнула германа-польская вайна, прыхільнікі СССР ад здзіўлення раззявілі раты, калі пачулі навіну ад сваіх аўтарытэтаў – былых падпольшчыкаў, што вярнуліся з турмаў Цэнтральнай Польшчы (з Каранова, Вронак). Нядаўнія зняволеныя кэпэзэбоўцы па дарозе дамоў, згодна са сваімі перакананнямі, нават не задумваючыся, кінуліся абараняць Варшаву ад гітлераўцаў і тыдні два прасядзелі ў акопах. Пасля ж падзення польскай сталіцы па дарозе дамоў, у Брэсце, яны назіралі сумесны парад савецкіх ды гітлераўскіх войск з выпадку разгрому польскай арміі.
Не да веры, але ж – рэальны факт!
Хлопцы на ўласныя вочы бачылі, як у цэнтры горада на трыбуне маячылі нямецкія ды савецкія генералы, а перад імі па плошчы валілі танкі ў чарговасці: адзін з крыжам на брані, другі з пяцікутнай зоркай, адзін з крыжам, другі савецкі. Між іншым, у майго сябра Аляксандра Амільяновіча (у 2007 годзе асуджаны ў Польшчы на 4 гады за супрацоўніцтва са Службай бяспекі – рэд.) захаваўся нямецкі фотаальбом з таго часу прафесара Гайнрыха Гофмана пад назвай «Ді гросе дойчэ Фэльдцуг геген Полен» («Паход нямецкіх войск супроць Польшчы»). У ім на фотаздымках выразна відаць, як на трыбуне стаіць фельдмаршал Гудэрыян і галаўкам савецкіх войск у Брэсце Баразянскі са світай, а перад імі валяць стальныя армады дзвюх краін. Альбом я ўбачыў шмат-шмат гадоў пасля вайны. Тады ж у доказ праўдзівасці сваіх слоў былыя падпольшчыкі прынеслі ды з недаўменнем паказвалі аднавяскоўцам нашыя ўлёткі, у якіх была змешчана быццам бы радасная для ўсіх савецкіх людзей вестка. У іх паведамлялася, што ад гэтага часу «дружба народаў Германіі і Савецкага Саюза замацавана крывёю, таму мае ўсе падставы быць вечнай і трывалай».
А як жа трупы гішпанскіх барацьбітоў, што не паспелі нават астынуць?
Як жа нямецкія камуністы, якіх Гітлер кінуў у турмы і канцлагеры?!
Як жа з песняй, якую кэпэзэбоўцы нядаўна спявалі?!
Параход наш ідзе міма прыстані,
Будзем рыбу карміць мы фашыстамі.
Гэта было толькі першае дзіва.
Насуперак усялякай логіцы сяброў Камуністычнай партыі і камсамола Заходняй Беларусі, гэтых летуценнікаў і святых рамантыкаў, прадстаўнікі новай улады бязлітасна адхілілі ад палітычнай ды грамадскай дзейнасці. З такой прычыны, напрыклад, у Народны сход трапіў Міхась Машара, але не знайшлося там месца паэту Максіму Танку.
У былых падпольшчыкаў гэта спарадзіла разгубленасць, а ў тых, хто выхавання меў недастаткова, – азлобленасць, адчай і схільнасць да глупстваў. Толькі гэтым я тлумачу, што некалькі нашых кэсээмзэбоўцаў з Гарадка вывелі з кватэр мясцовых настаўнікаў-палякаў (Брыля, Вэбэра, Яворскага, яшчэ двух чалавек) ды на выгане закалолі штыкамі.
Я не бачыў, як гэта адбывалася. Часамі, калі надыдзе на душу, звяртаюся да паралельнага дакумента.
Перада мной фотаздымак з натуры. Чэхаславацкі майстра зняў, як у 1973 годзе рэакцыя чыніла самасуд у Чылі. Аб’ектыў выразна данёс сцэнку, як два маладыя гіцлі штыкамі колюць пяцярых звязаных інтэлігентаў. Каты з паказной бравадай і з натугай садзяць вастрыё сталі ў жывыя целы, а некалькі ахвяр ужо б’ецца ў перадсмяротных сутаргах на траве.
Мінула ўжо паўстагоддзя, а нявінныя смерці на гарадоцкім выгане ўражваюць бяздушнай жорсткасцю да іх. Выпадак не выходзіць з майго сэрца, а розум падказвае: і там людзей знішчылі ўсяго з-за палітычнай кан’юнктуры.
Тым кэсээмзэбоўцам ніхто з нашай улады за мардэрства не сказаў і кепскага слова. Наадварот, выглядала на тое, што ўчынак такі новай уладзе даспадобы. Але гэта абсалютна нічога не змяніла. З-за прыналежнасці ў мінулым да КСМЗБ і КПЗБ зухаў таго злачынства не ўзялі нават у міліцыю.
Эх, калі б толькі з настаўнікамі быў такі выпадак!
Амаль адначасова злодзей з маёй вёскі Іван Парэмскі забіў паляка, які ўцякаў ад немцаў аж з-пад Варшавы. Іван у ахвяры забраў веласіпед, заплечнік з бедным дарожным пайком. Сцягнуў з няшчаснага нават шкарпэткі, якімі потым хваліўся перад дзяўчатамі.
Падобныя Івану тыпы ў суседняй вёсцы Белявічы застрэлілі Пана – так называлі паляка, які прыстаў да мясцовай дзяўчыны ў прымакі адразу пасля сусветнай вайны.
Не хочацца працягваць ганебны спіс выпадкаў самасуду на класавым, палітычным і нацыянальным грунце, якія адбываліся ў першыя дні гэтак званага вызвалення на тэрыторыі да гэтай пары мірнай Заходняй Беларусі амаль у кожнай вёсцы ці мястэчку. Было такое ўражанне, што новыя ўлады падобныя эксцэсы заахвочваюць. I тым не менш, яны адразу заглухлі на фоне падзей больш значных.
Читать дальше