Іх угледзеў высакаваты, стройны Лагун у вайсковай гімнасцёрцы, замахаў рукою: хадзіце сюды. А калі прабраліся скрозь гурт узбуджаных, гаманлівых землякоў, дык убачылі: тут, на першым радзе, сядзяць ужо ажыўленыя Бурбіс, Фальскі (абодва яны, прыехаўшы ў Маскву, парвалі з БНР і пачалі супрацоўнічаць з Савецкай уладай), Мятла, Грыневіч, Дыла і іншыя знаёмыя літаратары, артысты, хто рыхтаваў гэтую вечарыну. Сярод іх знайшлося месца і ім.
— Бачыце, колькі сабралася!— усцешыўся Лагун.— А мы асцерагаліся, што мала хто прыйдзе!
Словы гэтыя былі не выпадковыя. Раней, мусячы ўцячы ад вайны і ў Петраград ды Маскву, землякі нібы рассыпаліся па адным, кожны жыў сваімі клопатамі, а вось сёлета, калі пачалі клікаць іх з усіх закануркаў Белнацком ды «Дзянніца», калі самі адчулі, што можна вярнуцца па радзіму, ажывіліся, пачалі гуртавацца, як ластаўкі перад адлётам, і цягнуцца да іх. Да ўсяго гэтага, мусіць, на чужыне засумавалі без роднага слова, песні, да чаго той-сёй некалі адносіўся ці абыякава, ці нават грэбліва.
— Ну што, дзядзька Зміцер, будзем пачынаць? — запытаў Лагун, а пасля як загадчык Белнацкома выйшаў на сцэну.
Гаманлівая зала сціхла, толькі чуліся рэдкія і далёкія пакашліванні, а пасля, лічы, узарвалася ад воплескаў. Малады Лагун, не прывыкшы да такой ува гі, ані збянтэжыўся.
— Таварышы! Землякі! — калі настала цішыня, прамовіў з хваляваннем.— Мы ад імя Белнакома паклікалі вас сюды, у гэты клуб з сімвалічнай назваю, каб разам з усім расійскім народам адзначыць вялікае свята працаўнікоў усяго свету — першую гадавіну Вялікага Кастрычніка. Дазвольце ад усёй душы шчыра павіншаваць вас з гэтай слаўнай падзеяй!
Зала зноў успыхнула воплескамі, нават больш — авацыяй.
У гэты час на сцэну пачалі выходзіць вайскоўцы — аркестранты. Пастроіўшыся, яны грымнулі «Інтэрнацыянал». Усе, хто быў у зале, падняліся і замёрлі ад ужо ўсім знаёмага і блізкага пралетарскага гімна.
Калі аркестранты пайшлі, Лагун зноў выйшаў на сярэдзіну сцэны і сказаў:
— А цяпер, таварышы, папросім сказаць слова вядомага беларускага пісьменніка, рэдактара «Дзянніцы» Зміцера Жылуновіча.
Ён аддаў дачку на калені сёння хораша ўвабранай Надзеі, а сам, узрушаючыся ад авацыі, што была ўжо яму, выйшаў на сцэну і кінуў позірк на залу: у ёй, здаецца, было не меней паўтысячы людзей рознага ўзросту і полу.
— Сябры! — прамовіў, намагаючыся не «французіць», а гаварыць памалу, ясна.— Напраўду, сёння для нас усіх вялікае свята...
Пасля, пазіраючы ўжо не на ўсіх, а на аднаго чалавека — пажылога русявага дзеда з вусамі і барадой,— які сядзеў пасярод залы і слухаў, прыклаўшы руку да вуха, пачаў расказваць, чаму пачалася гэтая вайна, што яна дала, чаму былі лютаўская і кастрычніцкая рэвалюцыя. Як сведка, расказаў, што і як летась рабілася ў Петраградзе, як паволі брала моц Савецкая ўлада і як паволі разгортваўся беларускі нацыянальны рух на савецкай аснове, што і як робяць Белнацком, «Дзянніца», беларускія камуністычныя секцыі, каб хутчэй ім, бежанцам, вярнуцца дахаты.
— Сябры,— сказаў на заканчэнне,— пабадзяўшыся на свеце, паспытаўшы хлеба, долі на чужыне, нельга не палюбіць мацней свой родны кут, не зажадаць, каб у нас там быў не чужы, а свой, уласны дом, свая гаспадарка. Вось пагэтаму мы, хто прыйшоў да гэтай высновы, і дабіваемся, каб была прызнана наша Беларусь, каб яна займела хоць аўтаномію ў складзе Расеі...
Яго апошнія словы аж патанулі ў воплесках.
— Дык няхай жыве Вялікі Кастрычнік! — усклікнуў ён.— І давайце яго другую гадавіну адзначым улад на сваёй змардаванай, але жывой Бацькаўшчыне, у Савецкай Беларусі!
Зноў усе падняліся, наладзілі авацыю. З залы самі па сабе пачуліся галасы:
— Слава Кастрычніку!
— Няхай жыве Савецкая Беларусь!
Пасля на сцэну вывеў хор з беларускай моладзі Мачыхін. Спачатку ўрачыста, яднаючы ўсіх, загучала беларуская «Марсельеза» як іхні нацыянальны гімн, які паслухалі стоячы, а той-сёй і падпяваючы, а пасля былі песні: «Не згаснуць зоркі ў небе», «Чаму яе мне не пець», «Чалавек жонку б'е». Салісты пад акампанемент фартэпіяна праспявалі «Зялёную дубровачку», «Бяду», «Долю». Амаль усе песні спявалі па некалькі разоў, як таго хацелі згаладалыя па родных мелодыях расчуленыя і заплаканыя слухачы. Чыталі і вершы. Бурбіс, Фальскі, а ён, Жылуновіч, прачытаў свой верш, што быў змешчаны ўчора ў «Дзянніцы»: «Да 25 Акцябра».
Пасля, калі вечарынка закончылася, доўга ўсе не разыходзіліся, амаль кожны хацеў прабрацца да іх, людзей з Белнацкома, артыстаў, і паціснуць руку, пацалаваць.
Читать дальше