Васілевіч i Нямкевіч хітнулі галовамі.
— Больш сюды самі, таварышы, не прыходзьце,— дадаў Бампі.— Па-ранейшаму ваш старшы — Саша. Усё, што трэба, скажа альбо возьме ад вас ён.— I які раз паўтарыў сваё любімае: — Згодны?
9.
Сёння, на пачатку сакавіка, зноў на кватэры Баравіка сабраўся разам Выканком Савета Усебеларускага з'езда. Які ўжо раз употай. Цяпер — ад нямецкага камандавання, а заадно і ад суполкі Скуранога, які не толькі цураецца іх, але і пачаў жвава пакручвацца каля немцаў, а заадно ў сакрэце і ад некаторых сваіх новых сяброў з Мінскай думы, губеранскай земскай управы, з Бунда, расійскіх партый.
— Спадары! — абвёў усіх позіркам Янка Аўторак. Як заўсёды, у вайсковай форме без пагонаў, аскетычны. Ён за гэтыя два тыдні яшчэ болей умацаваўся як лідэр.— Як вы ведаеце, бальшавікі і немцы заключылі мір у Бярэсці. Гэта значыць, што нямецкае наступленне на Усход запыняецца: Савецкі ўрад, Ленін дабіліся часу для перадышкі. Мы з вамі не ведаем, колькі будуць гэтыя адмысловыя заручыны, стануць на ногі бальшавікі ці не, але адно мы бачым, адчуваем сваёй скурай добра: як і якой цаной заключаны гэты хаўрус. Каб дабіцца яго, бальшавікі пайшлі на агромністыя страты. Для нас, беларусаў, асабліва жахліва, што Масква і намі, братамі-славянамі, заткнула кайзеру рот, кінула чатыры пятых нашых зямель яму пад ногі на глум і грабеж. На поўначы і ў цэнтры пашай зямлі германскія войскі затрымліваюцца па лініі Расоны — Полацк — Орша — Жлобін, прасунуўшыся на ўсход сям-там больш чым па 250 кіламетраў. Ад Жлобіна лінія фронту паварочвае на ноўдзень-усход да Навазыбкава, пакідаючы ў зоне акупацыі Гомель, Рэчыцкі, Мазырскі, Пінскі і часткова Гомельскі паветы адышлі да Украінскай Народнай Рэспублікі. На астатніх неакупаваных беларускіх паветах — улада Саўнаркома Заходняй вобласці. Такім чынам, ніхто пра Беларусь не думаў і не думае, не клапоціцца, мы, сіраты, уніжаныя і зняважаныя, ахвяры чыіхсьці «вышэйшых інтарэсаў»...
Замаўчаў. Гэтая паўза зрабіла на ўсіх цяжкае ўражанне. Доўга ўсе сядзелі моўчкі; той-сёй апусціў вочы на засланы белай сурвэтаю стол, а той-сёй цікаўна, а заадно і сумна назіраў, як таўчэцца, жаласна зумкае за сонечны дзень ажылая муха каля падвешанай да столі лямпы з невялікім агеньчыкам.
— Як вы і даручылі,— далей павёў казань Аўторак,— мы, Лашкевіч, Еўзікаў і я, учора былі ў начальніка генеральнага штаба Усходняга фронту Гофмана, які браў удзел у Брэсцкай змове. Што мы ўбачылі і адчулі? Сапраўды, як мы і думаем, немцы спрабавалі груба, сілаю адпіхнуць нас ўбок, як летась адпіхнулі штыкамі і бальшавікі. Але калі мы рашуча запратэставалі, калі насцярожыліся ўсе іншыя палітычныя сілы ў Мінску, урэшце калі Германія лёгка дабілася такога выгаднага для сябе міру, яны, здаецца, пачынаюць мяняць тактыку. Нечакана Гофман папрасіў выбачэння ў Народнага сакратарыята за «прыкрую недарэчнасць 25 лютага», заявіў, што і цяпер яны «не маюць захопніцкай хцівасці, найперш хочуць узнавіць лад і спакой, а таксама будуць дабівацца ад Расіі справядлівасці: каб карэнныя насельнікі на акупаваных імі землях маглі самі вырашаць свой лёс і каб гэта не ўспрымалася Масквою як здрада». Так што, сказаў Гофман, глядзіце самі, што і як вам рабіць для сябе. Што пра Доўбар-Мусніцкага, то мы, дадаў ён, стрымаем яго амбіцыі...
Зноў зірнуў кожнаму ў вочы, але ўжо не адрачона, а з увагаю, натхняльна:
— Так што, спадары, сапраўды давайце выйдзем
з дэпрэсіі, з адчаю, крыўды і зноў пачнём рабіць сваё...
— Што і як? — першы з усіх падаў голас Баравік, які вельмі змяніўся за апошні час. Паў духам, перастаў сачыць за сабою. Вось і ў гэтую хвіліну яго пышныя светлыя валасы, якімі ён так ганарыўся, былі не ўкладзеныя, тапырыліся, а не менш фацэтны шэры свэтар быў памяты, з выцягнутымі ніткамі.
— Калі і цяпер, у новую змову за нашымі плячыма, гісторыя дае шанец, то мы мусім спажыць яго спаўна...
— А што такое «спаўна»? — запытаў Баравік.
— Гэта тое, чаго ты хацеў на снежаньскім кангрэсе...
— Калі я тады дабіваўся нашай незалежнасці, то меў на ўвазе, што яе могуць даць бальшавікі, якія гэтак гучна аб'явілі ўсяму свету «Декларацию прав народов России». Але яны...
— Цяпер не іудзеі-марксісты, а культурная нацыя гатова паспрыяць...
— А! Усе яны — набрыдзь, чэрці!
— Ну! — усцепнуў плячыма, неяк паблажліва ўсміхнуўся з Баравіка, якога перамог, Аўторак.— У вас, Тарас, пераважае цяпер не розум, а пачуццё. Яно — цудоўная рэч, але не заўсёды для палітыка. Яно — для паэтаў, мастакоў, артыстаў. Для кабет.
Читать дальше