Алесь, падзякаваўшы дзяўчыне за прывод, пастукаў. Тут жа ляпанне машынкі супынілася.
— Зараз. Хвіліначку! — пачуўся Юраў голас.
Алесь пацягнуў на сябе дзверы, адчыніў — сюды хлынула святло ад лямпы, што чамусьці стаяла на падлозе. Анямеў. Запыніўся i з жахам пазіраў у маленькі пакой: лічы, пасярод яго вісеў уверх нагамі Юры. На складзеных адна да адной босых нагах быў мяккі — відаць, скураны i абшыты шэрсцю — ашыйнік, да вўшак ашыйніка былі прывязаны пастронкі. Яны ж былі зачэплены аж на столі — да жалезных крукоў. Паласатыя піжамныя штаны аб'ехалі Юру на худыя, тонкія калені, агаліўшы непрывабныя галёнкі. Пальцы ног, здаецца, аж пасінелі. У ix, канечне ж, цяпер было мала крыві.
«Што з ім? — жахнуўся Алесь.— Сабраўся вешацца? Нагамі ўгору?! Але не, толькі што ж ляпаў на машынцы...»
Юры гайдануўся, павярнуўся. Алесь зірнуў на яго твар. Шчокі, лоб былі чырвоныя, нібы аплылі ад натугі. Юравы рукі ўсё яшчэ абвісалі, даставалі амаль да падлогі. А на ей, справа ад лямпы, стаяла пішучая машынка.
Калі Алесь перавёў дыханне — дзякуй богу, жывы! — Юры адчапіў каля сцяны ад пятлі ручку (а ручка была ад лябёдкі, што стаяла пры сцяне) i пакруціў. Лябёдка пачала круціцца, нагортваць пастронкі — Юравы ногі апусціліся ўніз. Вось ён лёг на спіну, сеў, расшпіліў на ашыйніку моцныя гаплікі i зняў ашыйнік з ног. Стаў. Хіснуўся. Узяў з блізкага стала акуляры з пазалочанымі дужкамі, начапіў на таўставаты i крышку кірпаты нос. Пазіраў і, здаецца, яшчэ не толькі не мог пазнаць, але i ўбачыць; цёмныя зрэнкі ў карычневых кругах былі пашыраныя. Цела яго за гэтыя два гады прыкметна папаўнела, позірк паглыбеў, на скронях заявілася сівізна.
— Ну i Юры! — паківаў галавою.— Ну напалохаў!
— А, гэта ты, Дзед! — усміхнуўся той.— Здароў.
Даволі ж даўно не бачыліся, але не кінуўся насустрач, не абняў, a толькі падаў руку.
— Ты што — рыхтуешся ў цыркачы? — запытаў Алесь, азіраючы лябёдку.— Ці гэта такая пачная гімнастыка?
— Найноўшая метода...— здаецца, крышку збянтэжыўся гаспадар, хоць збянтэжыць яго ўвогуле было цяжка.— Калі падвесішся за ногі, дык уся кроў прылівае да галавы, добра «харчуе» мозг. Тады іначай бачыш свет. Больш ярка i эмацыянальна...
— Заўсёды ты, Юра, у палоне нейкіх метод, тэорый i канцэпцый...— усміхнуўся Алесь.— А што, калі раптам сальецца ўся кроў у галаву i не адхлыне? Раней, як помню, ты, каб больш пісаць, не браў нi кроплі гарэлкі, піў шмат моцнай кавы, перад сном — прастаквашу.
— Тое — не тое...— усміхнуўся i Юры.— Кава ўзбуджае, псуе сэрца, прастакваша — кішэчнік... А ты не змяніўся! Як быў юнак, так i застаўся ім. Толькі яшчэ схудзеў. Відаць, трапіў ужо ў нечыя сеці, дзетак плойму завёў, аддаўся сям'і...
Юры — жартаўнік. «Шустрачок», як кажа Сямён, ці «цынік», як думае Васіль. Вось пацешыўся. Сам не жаніўся, бо бярог сябе для навукі i крытыкі, i заўсёды пакепліваў з жанатых.
— Я не жыву ні па якой методзе, але яшчэ не жаніўся...
— Калі суд?
— Паслязаўтра.
— Даскакаўся! Па-дурному!
— Ну чаму «па-дурному»? — незалюбіў Алесь.
— Па-дурному, малец,— паблажліва паўтарыў Юры, стараючыся не пазіраць у вочы.— Ты мог бы са сваёю працавітасцю горы перавярнуць, а так змарнуеш попусту свой дар. З турмы выйдзеш з пакалечанаю душою. Неўрастэнікам альбо самаадрачэнцам.
— Пераначуем — тады новае i пачуем...
— Бач, не баіцца! Не каецца!
— Я ж не флюгер, Юры. Ды ў нашы гады трэба ўяго мець ясную i перакананую веру...
— О! — кпліва ўсклікнуў той.— Баец! Рэдкі экземпляр сярод вас, вясковых настаўнікаў... А я, малец, лічыў: пужанулі крыху — ты ў шчыліну. Як клоп. Як i іншыя.
Пазней, калі селі за стол i пілі пададзеную пакаёўкаю гарбату, елі пячэнне, Алесь запытаў:
— Чаму ты, Юры, едзеш у Пецярбург?
— Ты адкуль ведаеш? — здзівіўся той.— Бачыўся тут з Сямёнам?
— Ды сустрэліся нядаўна выпадкова ў кнігарні.
— Які ён? — усміхнуўся гаспадар.— Разгублены? Ашалелы? Кляў i шальмаваў мяне на чым свет стаіць?
— Не,— прамовіў Алесь, стараючыся як мага больш пазіраць у вочы, але Юры ix хаваў, адводзіў.— Пры развазе.
— Ды кінь ты жартаваць, малец,— перапыніў яго Юры.— Не было, няма i не будзе ў яго развагі... Ён — хворы чалавек. Псіх, а то яшчэ i горш.
— Сямён — не хворы. Ён шчыры, непасрэдны, захоплены ідэямі.
— Расказаў пра пашу перапалку? Пра мой адкрыты ліст?
— Расказаў.
— Ну i як ты ацаніў усё тое?
— Выбачай, Юры, але ты паводзішся, мякка кажучы, дзіўна...
— У чым? — той прыплюшчыў вочы.
— Ва ўсім.
— Не, малец. Гэта вы з Сямёнам паводзіцеся, мякка кажучы, дзіўна, а не я...— неспадзявана ўзгарэўся Юры.— Аслеплі, пашалелі ад любові да вёскі, сялян ды веры ў іхнія «вялікія сілы»! Набралі сабе ў галаву: сялянскія вершаскладальнікі Купала i Колас — класікі ўжо!
Читать дальше