— А датуль, пакуль будуць у моцы ўладныя гэтага свету,— паныла адказаў Сямён,— Але няхай i яны надта не радуюцца за сваю моц. Хоць i перамаглі ў нядаўнюю рэвалюцыю, але сядзяць на бочцы з порахам. Цяпер, пасля перамогі, наш цар-бацюшка ўсё больш i больш усталёўвае не лад ды гармонію, а аднастайныя звычкі. Паняцці дабра i зла — тое, за што самыя светлыя розумы ваявалі стагоддзямі — усё больш i больш змешваюцца з паняццямі «трэба» i «не трэба». А што дае звычка? Яна не толькі прытупляе, але яна i размывае думку, пачуццё, топча чалавечую душу, мізэрніць асобу. Яна, урэшце, запыпяе барацьбу, цягу да сапраўднага, лепшага. Уся ж гісторыя з гэтай барацьбы, цягі! I калі шмат якія народы не маюць гісторыі, дык таму, што не мелі барацьбы, жылі ў спакоі, па разліку, на звычцы... Ці не так?
Алесь зноў прамаўчаў.
— Вось цяпер 1914 год,— горка спавядаўся Сямён.— Як кажуць, найвышэйшая вяршыня для чалавека. Для яго навукі, эканомікі, ваеннай тэхнікі, думкі. Але свет, наша імперыя, як ніколі, шырокімі крокамі ідуць i да пасрэднасці. Бо яна ўсё больш i больш афармляецца. I не абы-якая. А гуртавая. Яна ненавідзіць усё рэзкае, адметнае, яна хоча быць агульнаю. Яна засмоктвае асоб, што глыбока разумеюць, шмат адчуваюць ды хочуць нешта змяніць, i заадно ўжо выхоўвае пакаленні ў духу пасрэднасці... Як у нас кажуць пра асобу адметную, неспакойную? «Ён робіць тое, што ніхто не робіць!» ці «Ён не робіць тое, што ўсе робяць!». Для такой маралі вялікага розуму, пачуцця не трэба. Шчыры, сумленны, неспакойны змагар супраць зла, звычак — значыць, ты дзівак альбо адшчапенец, экстрэміст, а то i вораг «веры, цара i Айчыны». Будзь, як i ўсе,— ты малайчына, разумны чалавек! Воля перад царом, урадам — адно, воля перад грамадою, звычкамі, норавамі, мёртвай сілаю раўнадушнасці, двурушніцтвам, прыстасавальніцтвам, пасрэднасцю — іншае. Можна змусіць i цара, i яго ўрад раскілзаць, папусціць лейцы, як ужо i змусілі тое-сёе аблегчыць пасля 1905-га, але вось паадолець звычку амаль няможна. Во тая акаменьвае. Як валун. Хочаш ці не хочаш, але трэба ей падпарадкоўвацца. А гэта яшчэ болей дробніць, мізэрыць густы, інтарэсы, марнуе людскую энергію, зацягвае цінаю «добропорядочности». Розумы, душы бяднеюць. Заяўляюцца падобныя статкавыя тыпы... Таму ты, іншы, не трэба!
— Няўжо няможна пераадолець звычку?
— Бадай, не. Цяпер. Ты зірні, што цяпер робіцца. Карупцыя, крадзеж, апатыя, разбэшчанасць. Падзенне культуры. Паэзія адарвалася ад зямлі, ад чалавека, захліснулася ў віне, дыме, у дэкадэнцкіх выкрунтасах, проза таксама разгубілася, тэатр з Чэхавым трымаўся, а цяпер размываецца. А якая цяпер музыка, танцы, мода! A кіно! Усюды высмейваецца жывое, самабытнае, вылучаецца нешта безаблічнае. Здаровы голас высміхоўваецца, цкуецца...
— Ці не перабольшваеш ты, Сямён? — усміхнуўся Алесь.— Ці не згушчаеш фарбы?
— Не ведаю,— уздыхнуў той.— Я, Саша, разгубіўся... Бачу: свет быў доўга i ёсць неўладкаваны. Было шмат падзей, перамен, але толку, здаецца, мала. Усё марна, самападман i самасуцяшэнпе. Адно расчараванне за адным...
...Увечар, развітаўшыся з Сямёнам, Алесь падаўся да Юрыя. Пакуль ён быў на волі, а Юры — тут, у Мінску, дык варта было сустрэцца.
Патрэбную хату ён знайшоў хутка — адразу за рэчкаю, паблізу Траецкай гары. Гэты невысокі i не вельмі прасторны драўляны домік абкружалі плот з высокаю, як i ў некаторых вёсках, брамаю, старыя вішні, бэз — зялёныя, пахкія. Падышоўшы да сянец, убачыў: гэтая, ад вуліцы, палавіна хаты цёмная, а другая, ад гародчыка, асветленая.
«Два гады ўжо не бачыліся,— падумаў.— Які ён цяпер? Па-ранейшаму шустры, хударлявы ці папаўнеў, пасаліднеў?»
На Алесеў званок ніхто доўга не адклікаўся. Толькі праз колькі хвілін дзверы хаты прачыніліся. Але не насцеж — былі ўзяты па ланцужок.
— Хто там? — пачуўся дзявочы голас.
— Гэта — Нямкевіч,— адказаў ён,— Быбачайце, а Юры дома?
— Дома,— пачуўся адказ. Тут жа дзверы адчыніліся зусім, i ён у сенцах-верандзе ўбачыў маладую дзяўчыну. Ці тутэйшую пакаёўку, ці кватарантку — Юры быў у бацькоў (маці — настаўніца, бацька пры жыцці — ювелір) адзін.— Заходзьце. Распранайцеся. Я пайду далажу Юрыю Барысавічу.
— Выбачайце,— зноў перапрасіў дзяўчыну (здаецца, пакаёўку).— Калі ласка, не дакладвайце. Я хачу зайсці знянацку. Можна?
Тая паціснула плечыкамі, павагалася. Дазволіла. Пачала памагаць яму распранацца. I праз колькі хвілін паказала, куды ісці. Мінулі цёмны пакой — відаць, гасціную (тут стаяла канапа, шафка на пасуду, стол), пасля — залу (тут таксама была канапа, стол, а на падлозе ляжаў яшчэ дыван ды абапал сцен стаялі шафы з кнігамі). У залу скупа, праз няшчыльна зачыненыя дзверы, падала святло з супрацьлеглага пакоя. З яго чулася ляпанне машынкі. Там, мусіць, быў Юраў кабінет.
Читать дальше