— Здарова, гаспадыня! — бойка прывітаўся ён, i яна ўбачыла, што не такі госць пажылы ўжо: проста ходзіць, апусціўшы галаву i згорбіўшыся, няголены, брудны, а так яму недзе гадоў, як i ёй, — за трыццаць. Каб быў светлавалосы, болей дробны на твары, то маладзей выглядаў бы, а то мае буйны нос, вялікі лоб, чорныя валасы, ад таго i старэйшым здаецца.
— Вазьмі, гаспадынька, на кватэру, — калі яна адказала на прывітанне, сказаў ён. — Пажыву з тыдзень, не болей.
— Ды цесна ў нас... — Ёй i адмовіць было цяжка, i запрашаць не хацелася.
— Пакояў мне тваіх не трэба... — ён гаварыў басавітым голасам, раз-пораз акідваючы яе ўсю позіркам, не саромеўся. — Спаць магу на падлозе або ў гумне на сене, калі маеш. Зварыш сабе раніцай ці вечарам — i мне міску якога булёну дасі. Мне абы гарачае. Заплачу, колькі скажаш.
— Мне не шкода, — засаромелася яна. — Жывіце...
— Ну, то дзякую, — узрадаваўся ён. — Сходзім зараз з хлопцамі на рэчку, памыемся, бо чорныя, што чэрці. Тады прыйду, шукаць ужо жытла нікуды не пайду. Заходзіў тут да адных — нават слухаць не захацелі.
— Я i праўду булёну зараз пастаўлю, засмажу цыбуляю, — сказала яна, збянтэжыўшыся яго позірку.
— Ды глядзіце самі, — ён назваў яе на «вы», i яна падумала: агледзеўся, падумаў, што яна старэйшая.
«Няўжо я так нямолада выглядаю?» — падумала яна i ўспомніла, што пасля смерці мужа, мусіць, добра i не глядзелася ў люстэрка. A ў верасні будзе ўжо шостая восень, як няма яе Сцяпана...
— Ну, я пайду, — здаецца, заўважыўшы яе гэтую сарамлівасць, сказаў электрык, паставіў пад лаўку свой чамаданчык i выйшаў з хаты.
«Шосты год... — Маня села на крэсла, невідушча зірнула ў акно на двор, забылася пра незнаёмца, падумала пра сваё. — Я толькі два леты пажыла са Сцяпанам. Год да войска i год, калі вярнуўся з салдатаў. Чакала тры гады... I цяпер колькі ўжо чакаю, але не дачакаюся...»
Яна паднялася, стрымалася, не заплакала, хоць вочы i павільгатнелі, пайшла на гарод i накапала маладой ранняй бульбы. Паскрэбла яе, прамыла, расклала на двары агеньчык i паставіла варыць на ім булён. Успомніла пра вясковага кладаўшчыка Франака, той сёлета пачаў ужо не толькі заляцацца да яе, але i лезці сляпіцаю. Сёння нават кабеты на лузе жартамі рабілі намёкі, ці не «сышліся» яны, расказвалі, што ўчора паднімала лямант Вікця, Франакава жонка...
Маня выйшла з хаты, дала есці свінням, пастаяла ля ix: зусім не хочуць браць паранай лебяды, варочаюць лычамі ў карыце, шукаюць бульбіны ці якой скарынкі, выкідваюць траву долу. Калі сцебане дубцом па вушах, то перастаюць наравіцца, усё глытаюць. Паблізу хадзілі куры i стараліся гэтаксама што-небудзь ухапіць з карыта. Маня не ўзлавалася на ix: сёлета добра несліся — хапала яек i сабе, i было на продаж. I цяпер пад ложкам стаіць поўнае рэшата ix, трэ было б завезці ў горад, прадаць i купіць сала: старое выходзіць, ды i нясмачнае ўжо, нейкае ёлкае, а да новага яшчэ далёка.
Карова яшчэ не скора павінна была прыйсці з пашы, таму Маня рашыла схадзіць на аселіцу, у свой гарод, — паглядзець, ці не пара зноў яго прапалоць, нашчыпаць шчаўя. Наўмысна, як i яе суседзі, зрабіла гарод далей ад дома, бо ля хаты i свае, i чужыя куры не дадуць ні ўзысці, ні завязацца якому зярнятку — выграбуць, здзяўбуць. Ды тут i свінні, калі ўварвуцца, златошаць.
...Гуркі, памідоры, морква ды капуста буялі, цёмна зелянеліся, i яна палюбавалася, парадавалася, што хутка будзе многа ўсякай гародніны, пайшла да градкі са шчаўем.
Толькі нагнулася яго нашчыпаць, як пачула крокі. Азірнулася: ішла суседка Ядзя — замужняя кабета амаль яе гадоў, маці пяцярых дзяцей.
— Во якія ў цябе ладныя грады! — Ядзя не падалася ў свой гарод, а прыйшла сюды, акідвала зайздросным позіркам кожную лапінку.
— Цьфу, цьфу! — усміхнулася Маня. — Прагаворыш...
— Ай, забабоны! — махнула рукою тая, адставіла поўны жывот: хадзіла шостым дзіцем. — Кватаранту прыйшла шчаўя нарваць? Кісленькага захацеў?
Маня не здзівілася, што Ядзя ўжо ведае пра тое, што яна ўзяла на кватэру электрыка: тая ўсё пра ўсіх у вёсцы знае. Яна ўсміхнулася i паківала толькі галавою.
— Можа, зарвецца язык Франакавай Вікці, не будзе страшыць, што прыйдзе i памалоціць твае вокны... — загаварыла Ядзя. — Хоць яе дурны поп хрысціў, будзе мянташыць, што ты наўмысна, з хітрынкай кватаранта ўзяла...
— Мне ад гэтага ні холадна, ні горача, — сказала Маня, адчуваючы на душы вялікую непрыемнасць ад гэтых плётак, i, каб не гаварыць пра гэта больш, сказала Ядзі: — Ну, я пайду: булён на агеньчыку варыцца.
Читать дальше