Маці азіраецца, i мы, прыслухаўшыся, чуем, як непадалёку грукоча па карэннях, ляскае бартамі, падтрасаючыся на выбоінах, машына. Прыпыняемся i чакаем яе, бо вельмі хочацца пад'ехаць, хутчэй трапіць у магазін.
Веска наша маленькая, у адну вулачку, у баку ад вялікіх дарог, i аўтобус да нас не заглядвае. Вось i мусім хадзіць у школу ці ў магазін за колькі вёрст у суседняе мястэчка.
Шафёр трапіўся добры, прыпыніў машыну i дазволіў нам пад'ехаць. Мы залезлі ў кузаў, пасталі. Калі паехалі, нас трэсла, кідала, біла бочкаю, якая шалёна качалася, але мы не падпускалі яе да сябе нагамі, радаваліся, што едзем.
Мігам праскочылі лес, рачулку, у якой я збіраўся памыць рукі, i ўехалі ў Налібакі. Мястэчка гэтае вялікае — шырокі пасярэдзіне пляц, тут стаіць высокі помнік, адсюль разыходзіцца многа вуліц, па якіх багата дамоў, садоў, магазінаў. Кожная вуліца мае сваю назву, а дамы пазначаны нумарамі.
Я люблю бываць у гэтым мястэчку, але заўсёды, як i цяпер, калі мы злезлі з машыны i пайшлі, губляюся: здаецца мне яно чужое. Я здзіўляюся, як тут дзеці могуць добра гуляць, у нашай вёсачцы болей волі...
Мы абышлі помнік i пайшлі ўніз, на Пяскі, да сельмага. Маці вітаецца з каторымі жанчынамі, загаворвае, i я вітаюся, усміхаюся, хоць нікога тут не ведаю.
У сельмагу мала людзей, цяпер жнівень — хто сянуе, збірае ягады ці першыя грыбы — часу гуляць няма. Я гляджу на полкі, набітыя адзеннем, i ў мяне разбягаюцца вочы: колькі сукенак, плашчоў, касцюмаў! Тут цяжка i выбраць, i я баюся, што мне трапіць не самае лепшае...
Я пачаў сам углядацца, каб знайсці прыгожы пінжачок. Прайшоўся колькі разоў ля прылаўка i прыпыніўся, дзе вісеў чорненькі касцюм, паказаў яго маці.
— Сама бачыла,— ціха сказала яна,— дарагі вельмі...— прамовіла i паглядзела на шэры, у жоўтыя палосачкі.
Той мне зусім не спадабаўся, здаўся выгаралым, выцвілым, самым горшым на свеце.
Калі маці больш не стала глядзець на яго, я зарадаваўся, што i ёй не спадабаўся гэты касцюм. Яна абышла колькі разоў i нічога не выбрала. Я насцярожыўся: яшчэ скажа, што нічога добрага няма, касцюмы благія, а грошы вялікія, не будзем купляць, перашыем з бацькавага рудога, яшчэ паносіш сёлета. А мне так ужо надакучыла насіць гэтыя цесныя, паношаныя, перашытыя касцюмы...
— Што вы хацелі? — спытала ў мамы магазіншчыца.
— Ды касцюмчык майму кавалеру трэба,— збянтэжылася мама.
— За колькі рублёў?
— Таннейшы які...
— Таннейшы ды пякнейшы,— кажа i ўсміхаецца магазіншчыца, перакладае на прылаўку кіпы адзення i дастае спадыспаду густа-сіні пінжачок.
Маці ўзяла яго, але сказаць што не спяшаецца, аглядае рукавы, падкладку, гузікі.
— Памерай,— кажа потым i надзяе на мяне пінжак, круціць мяне ва ўсе бакі i аглядае.— Здаецца, добра, ciненькі, надта мазацца не будзе, не тое што светлы які. Плечыкі во не паднятыя.
Магазіншчыца ўсміхаецца i падае «мужчынскія» штонікі, я хачу сам узяць ix, але мяне перапыняе маці:
— Не бяры сваімі рукамі.
— Як на яго,— кажа магазіншчыца,— лепшага не падбераце.
— Вымажа за дзень, падзярэ за тыдзень,— цяпер усміхаецца i маці.
— Ды яны, дзеці, такія. У мяне чацвёра, дык не набрацца ні касцюмаў, ні абутку,— згаджаецца магазіншчыца.
Я слухаю ix i не веру, што магу не толькі падраць, але нават выпацкаць такі чысценькі, з прыемным пахам касцюм. Я не прылягу ў ім, прыйду са школы, зніму яго, вычышчу i павешу ў шафу, дома буду бегаць у старым. Я сёлета пастараюся добра вучыцца, лепш, як летась, каб стаць лётчыкам...
Маці дае магазіншчыцы грошы, знімае з мяне пінжак i азіраецца: у магазін заходзіць высокі вусаты мужчына.
— Ой, якія краслатыя штаны табе, хлопец, купілі,— сур'ёзна кажа ён.— Я такіх краслатых не насіў бы.
Я гляджу на яго, разгубліваюся, адчуваю, што вочы мае туманеюць, бо ў ix збіраюцца слёзы.
— Не слухай яго, хлопчык, дзядзька смяецца,— суцяшае мяне магазіншчыца, бярэ пінжак, штаны, абгортвае ix папераю, звязвае вяровачкаю — Харошанькі касцюмчык... Насі на здароўе i вучыся добра.
Я забываюся ад шчасця сказаць якое добрае слова, толькі калі маці штурхнула ў бок, апомніўся, прамовіў: «Дзінькую». . -
Маці папрасіла магазіншчыцу паказаць блакітную хустку, узяла яе, разгледзела, відаць, хацела купіць, бо доўга не аддавала, але нехаця палажыла на прылавак, апраўдалася:
— Тоненькая вельмі...
Мы развіталіся з магазіншчыцай i вусатым дзядзькам-жартуном i выйшлі на двор. Парыла, было душна i ціха; ніводзін лісточак на бярозах не кратаўся, маўчалі, млосна блішчалі драты, вакол стаяла прыглушаная разамлелая ціш. Я прыклаў руку да грудзей i чуў, як радасна тохкае сэрца.
Читать дальше