— Спачатку мучыўся, цяпер прывык, ачарсцвеў.
— I я неяк адзервянела, звыклася з удоўскаю доляю — работа ды работа.
— А вы ж, відаць, маладзейшая за мяне? — спытаў ён, зірнуў на яе, гэтак сама са спачуваннем i лагодаю.
— Мне трыццаць тры.
— Сама жыць, а мы ў гэтыя гады...
— Што зробіш, калі так Бог даў, — сказала яна.
— Бог гэты... Да аднаго дык i дужа добры, а да другога ўвесь час спіною...
— Мне дык век не шанцуе... — паскардзілася Маня. — Не хочацца i расказваць...
— Так, бывае... — мармытнуў ён, закурыў i выйшаў на двор, каб дыміць там.
З акна Маня бачыла, як ён сустрэўся ў двары з яе сынам, загаварыў з ім. Сын гэтаксама нешта расказваў, паказваў рукамі, смяяўся.
Пасля кватарант вярнуўся да ганка i падняў лазы, ускінуў ix на плячо. Пайшоў на вуліцу, сын падаўся за ім. Яна, каб лепш бачыць, перайшла хату, прыпала да другога акна, што глядзела на вёску.
Кватарант адзеў на ногі лазы i лёгка, як кот, палез на слуп; сын стаяў i глядзеў разявіўшы рот, так, што ў яе зашчымела сэрца: мужчына мужчынскае любіць...
Салавей злез са слупа, пачаў адзяваць лазы на ногі яе сыну. Яна затрывожылася, пазірала, як сын няўмела, чапляючы лазамі то за свае ногі, то за зямлю, падышоў да слупа, лез на яго i спаўзаў долу. Тады Салавей падперазаў яго сваім поясам, прыхапіў i слуп, падняў малога i рукою прыціснуў лазы да слупа. Сын палез наверх, азіраўся ўніз i смяяўся. Такі ён быў задаволены, шчаслівы.
Калі крыху падняўся, зноў глянуў на зямлю, спыніўся i спалохаўся. Яна затрывожылася, што зваліцца яшчэ ды пакалечыцца. Сын закрычаў. Яна выскачыла з хаты. Але сын ужо стаяў на зямлі. Салавей адвязваў ад яго ног лазы, супакойваў.
— Скруціш галаву, калі такі дападны! — сярдзіта сказала сыну, хоць, мусіць, яе гэтая сярдзітасць была залішне мяккай.
— Нічога, — усміхнуўся Салавей, разумеючы яе. — Спачатку i сталыя вышыні баяцца. Але ўсе хочуць яе. Добра там?
— Ага, — кіўнуў галавою малы, пазіраючы на кватаранта.
— Будзеш электрыкам? — усміхнуўся той.
— Угу.
— Чаго ж галасіў тады? — усміхнулася i Маня, узяла сына за руку i павяла ў хату.
Следам за імі, усміхаючыся, падаўся Салавей.
Гэтым вечарам ён не пайшоў у вёску, рана лёг на канапе i чытаў. Ix раздзяляла тонкая шырма, i яна чула, як ён загарнуў кнігу, патушыў лямпу, уздыхнуў. Яна гэтаксама не спала, думала i пра Сцяпана, i пра свайго кватаранта, i яе аж палохала: пра чужога чалавека думала больш. Разважала, што благая была ў яго жонка: яна, Маня, каб быў у яе добры чалавек, — берагла б яго, калацілася б за ім, як за дзіцем...
«Што ён добрага бачыць? Лазіць па слупах, цягаецца па чужых хатах. Хто пусціць, а хто i не пусціць, каторы добры пачастуе, a другі абы-як. Глядзі ў чужую міску. Але што я пра яго?.. Чужы чалавек...»
...Назаўтра i паслязаўтра кватарант яе не прыйшоў вячэраць i начаваць. Яна ўжо моўчкі бедавала, што не ўтрымаўся i зляцеў ca слупа, пакалечыўся. Перабрацца на другую кватэру не мог: яна глядзела добра — што мела, тое i ставіла на стол, не павінен быў пакрыўдзіцца, ды рэчы яго засталіся, каб пераходзіў, то забраў бы. Яна ўжо хацела схадзіць да Януковых хлопцаў, якія штовечар прыходзілі дадому, спытацца, дзе падзеўся яе Салавей. Нават выйшла ўжо за вароты свайго двара, але вярнулася, паслала спытаць сына i гэтаксама вярнула яго: падумала, што скажуць на гэта людзі...
Варта было папрасіць мужчыну выкасіць дзялянку травы, з'ездзіць з ім у лес ці папрасіць закалоць свінню, як пра гэта ведала ўся веска. Аднойчы нават, калі частавала брыгадзіра, суседку Ядзю злавіла ля акна — стаяла i падцікоўвала... А цяпер во запляліся гутаркі пра яе i Франака...
«Ды, відаць, начуе недзе ў сяброў», — падумала яна i старалася забыцца пра яго, але ноччу не спала, уздрыгвала, калі рыпелі вароты, якія, відаць, матляў вецер...
3.
Прыйшоў Салавей праз тры дні, у суботу. Спачатку памыўся ў Януковай лазні, выпіў там з хлопцамі, тады паказаўся ўжо. Ад вячэры адмовіўся, загаворваў, жартаваў з яе сынам, браўся вывучыць яго за электрыка.
— Будзе лазіць па слупах, i ад яго жонка ўцячэ, — пасміхалася Маня.
— Тады не ідзі па маіх слядах, малец, — гаварыў ён, i яна заўважыла: вып'е — смешна плюскае вачамі.
— Лепш вучыся, малец. Скора ў школу?
— Ды сёлета, — сказала Маня.
— I мая скора пойдзе...
— Растуць дзеці, — уздыхнула яна.
— Яны растуць, а мы старэем.
— На гэтым i зямля трымаецца, — сказала Маня. — Некалі i мы маладыя былі.
— Ну, мы яшчэ... — Локаць саслізнуў са стала, i ён боўтнуў галавою ўніз, ледзь не зваліўся з лавы. — Але мне трэба спаць. Калі можна, пасцялі мне, гаспадынька, на сене. У хаце будзе душна, ды яшчэ ты гэтую печ напаліла.
Читать дальше