Ён паднёс пану Зыгмунту конаўку халоднай вады.
Адной рукой клаў на зямлю Андрэй стаенных панскіх жарабкоў. З вялікім страхам пазіраў на гэтую руку пан Зыгмунт. А што, як плясне гэтая рука меднай конаўкай ды па яго, пана Зыгмунта, ілбе!
Але Андрэй мірна прасіў:
- Ну пі ж, не шкадуй панскай вадзіцы!
І пан Зыгмунт пакорна піў, абмачыўшы рудыя вусы, рудую шчаціну барады. Аж ляскалі аб медную конаўку зубы пана ад страху, і ўвесь яго твар, блудлівыя вочы, зліплыя ад вады вусы нагадвалі мокрую пацучыную морду. Пан Зыгмунт тросся ад страху.
А перад самай раніцай усчалася вялікая беганіна ў садзе, у парку, каля графскага дома. Нават Ядвіся, якой боязна было адной заставацца ў хаце, накінула кажушок на плечы і прыбегла да панскага ганка. Людзей тут было, людзей! Батракі ўсе, рабочыя з пільні, нават прыбеглі людзі з Выгодаў. Тыя дык проста з косамі. На паркавай алеі, што вяла на дарогу, стаяла некалькі запрэжаных панскіх карэт. Вакол іх мітусіліся людзі. Ля параднай брамы стаялі пан Антось з ружжом, каваль Андрэй з вялізнымі жалезнымі абцугамі. Ён размахваў імі перад галоўным графскім фурманам. Той мармытаў нешта і нехаця распрагаў коні. З панскіх асветленых пакояў, апіраючыся на плячо пана Зыгмунта, выйшаў сам граф. Пан Зыгмунт нёс яго парасон і невялічкі куфэрак. Граф стаў на ганку. Быў ён бледны, узрушаны. І ніяк не мог пачаць слова, аж тросся ўвесь. Пашавеліць, пашавеліць языком - і нічога не выходзіць. Толькі і ўдалося яму праказаць:
- Вон, галганы... Пастраляю...
І не паспелі адказаць яму, пачаў хіліцца граф, і каб не падтрымаў яго пан Зыгмунт, то бразнуўся б ён пластам на каменныя сходкі ганка. Пан Зыгмунт асцярожна апусціў яго на ганак, нечага зняў шапку, потым палажыў тут жа графскі парасон і куфэрак і бачком, бачком падаўся з ганка, за дом, у густыя паркавыя алеі, падалей ад людзей. Усе падышлі да ганка. Каваль Андрэй, агледзеўшы графа, спакойна праказаў да ўсіх:
- Стары пан загадаў усім доўга жыць... Ну што ж, то і добра зрабіў, нам клопату меней...
Некаторыя знялі шапкі. Што ні гавары, усё ж нябожчык. А другія сказалі, што хоць і нябожчык, але вялікім сабакам быў у жыцці, і калі б сам не памёр, то не грэх і дапамагчы яму ў гэтай важнай справе.
Графскіх коней распрэглі. Маладую графіню з нашчадкамі адвялі назад у дом, туды ж адвялі і ўсіх графскіх нахлебнікаў. Калі адчынялі парадныя дзверы, адтуль кінуўся агромністы графскі пёс, мышасты, у плямінах. З шалёным брэхам кінуўся ён на каваля Андрэя. Той жалезнымі абцугамі як дасць яму паміж воч, толькі і вякнуў пёс панскі і грузна пакаціўся па ганкавых сходках, аж пад самыя ногі Ядвісі.
Аж ускрыкнула ад страху Ядвіська, ногі замлелі, не скрануцца ёй з месца. Але пёс ляжаў нерухома, і, прыглядзеўшыся да яго, радасная, усхваляваная Ядвіська аж запляскала ў ладкі:
- Той! Ён жа самы, што мяне пакусаў тады! І ён здох! І ён нежывы ўжо, не будзе кідацца на людзей!
Рагаталі навокал людзі. Некаторыя гаварылі, з засмучэннем пазіраючы на яе, на Ядвіську:
- А можа, ёй гэта будзе к лепшаму, што так перапужалася і цяпер... Мо на папраўку пойдзе...
Да самай раніцы не ўціхала праца ля панскага дома і ў доме. Нябожчыка графа занеслі ў адзін з пакояў, палажылі яго там на лаве на апошні адпачынак. Уносіліся панскія рэчы з карэт, рабілі ім падлік, адносілі ў пакой. Да графскіх нахлебнікаў прыставілі варту, каб не нарабілі чаго, не падпалілі б ад злосці маёнтка.
А раніцой прыйшла Чырвоная Армія. І хоць напрацаваліся за ноч людзі і не паспалі як след, але ўсе як адзін выйшлі на вуліцу, на панскі двор, каб вітаць людзей, якіх так даўно чакалі, пра якіх гаварылі раней толькі ў шэптах, ціхенька, боязна азіраючыся навокал: а ці няма поблізу якога панскага сабакі.
Пан Антось, каваль Андрэй ды і ўсе, што былі тут, цалаваліся з чырвонаармейцамі, запрашалі ў хаты да сябе, на добрыя пачастункі. Багата тут было работы цётцы Зосі. Батракі забілі вялікага панскага парсюка. Іхнія жонкі ўсе рабілі каўбасы. А цётка Зося смажыла іх, смажыла гусей, індыкоў. Завіхаючыся ля печы, яна паклікала Ядвіську і сказала ёй, каб яна скінула сваю зрэбную спаднічку. Цётка Зося дастала адну сваю святочную сукенку, сінюю такую, у чырвоныя кветкі, дала яе апрануцца Ядвісі. Сукенка была задоўгай, і цётка Зося ўкараціла падол, падшыўшы яго на жывую нітку. Цётка падшывала, а Ядвісі наказала пільнаваць каўбасы на патэльні. Але дзе ты іх угледзіш, калі такія чырвоныя кветкі ды блакітныя гарошыны на сіняй сукенцы. Аднаго чаду колькі было, аж прыбег перапужаны Андрэй, накінуўся на іх:
Читать дальше