- А добра, - усміхнецца дзяўчынка.
- Ты б хаця вот дзедаву магілу прыглядзела б.
- А я гляджу.
І сапраўды, прыгожа на дзедавай магіле. Бледныя бяссмертнікі на ёй, жоўты пясочак, тонкі вянок з чырвоных купалак.
Часам нечая рука руйнавала магілку, раскідвала дзёран, таптала вянкі. Ціха плакала тады Ядвіська, не ведаючы, што ж ёй рабіць. Але, як заўсёды, прыходзіў пан Антось, і яны разам папраўлялі магілу, носячы з блізкіх кустоў зялёны дзёран, свежага пяску ад ракі. Часам прыходзілі пад дуб да пана Антося зусім незнаёмыя ёй людзі. Яны нешта глядзелі на яе, нешта казалі аб ёй пану Антосю. Пан Антось усміхаўся і гаварыў:
- То пры ёй можна, яна свая...
Канечне, яна свая, колькі-то разоў заступаўся за яе пан Антось. І яны аб многім чым гаварылі, толькі Ядвіська нічога не разумела ў тых гутарках, ды і што цікавага, калі гавораць між сабою дарослыя людзі - аб хлебе, аб працы, аб чорных днях! Часам прыходзілі сюды і знаёмыя людзі з панскага двара: рабочыя з пільні, з панскага бровара. Яны ўсміхаліся Ядвісьцы, як старыя знаёмыя, і ўсё казалі:
- А ты ж расцеш, Ядвіська. Глядзі, якая вялікая!
І Ядвіська чырванела ад тых слоў і глядзела на сваю рваную спаднічку, якая і сапраўды за лета нібы ўкарацела крыху.
Усё часцей і часцей збіраліся людзі пад дубам. І калі сабралася аднаго разу аж некалькі чалавек, то адбыліся ў той дзень зусім ужо цікавыя падзеі. Проста з захаду сонца праляцела некалькі вялізных птушак. Яны праляцелі аж над самым дубам. Тады дрыжала ўся зямля, упала некалькі галінак з буслава гнязда, і ў вялікім страху разбегліся Ядвіськіны цяляты, нарабіўшы ёй багата клопату. І калі яна кінулася да іх, каб сабраць на месца, то набралася сама вялікага страху. Над самай станцыяй - а яна відаць адсюль як на далоні - узвіліся высока ў неба чорныя клубы дыму з агнём, і нешта страшнае, грымотнае страсянула зямлю і неба, аж асыпаліся адуванчыкі на мяжы, куды ўпала ад страху Ядвіська. А вялікія птушкі ляцелі ўжо назад, яны ляцелі зноў над дубам, і Ядвіська дужа баялася, каб не зачапілі яны буслава гнязда, - дзе ж то будзе тады начаваць ён? Людзі ж пад дубам былі дужа сур'ёзныя, але ж яе, Ядвіську, яны запыталі жартаўліва:
- Ну што, спужалася? Бачыла птушак?
- То ж самалёты, - адказала Ядвіська.
- Так, самалёты...
У графскім двары людзі хадзілі ўзрушаныя, сабіраліся купкамі, спрачаліся, перашэптваліся. Пан Зыгмунт сілком ганяў людзей у касцёл, каб паслухалі святога слова. Ён хадзіў спачатку козырам, да неймавернага бляску нацёр свае рудыя халяўкі, нафабрыў вусы, і яны стаялі каляныя, закручастыя, не раўнуючы, як рогі бугая з панскага статка. Ён задзіраўся з кожным, кідаўся біцца, да крыві збіў старога вартаўніка саду, намерыўся быў нават на цётку Зосю пайсці з кулакамі, усім пагражаў турмой і самымі страшнымі карамі. Але праходзілі дні, і разам з імі праходзіў ваяўнічы настрой пана Зыгмунта. Абвісалі і кудзеліліся вусы, нязграбнымі рабіліся рудыя халяўкі. А аднаго вечара ён вярнуўся да кухні цёткі Зосі ледзь жывым. Адзін толькі гальштук вісеў на шыі ды матляліся абрыўкі камізэлькі, парваныя рукавы пінжака. Людзі, што сабраліся ў кухні, не зварочваючы ніякай увагі на пана Зыгмунта, весела гаварылі пра апошнія навіны - выгодаўцы збілі на мэтлух пана Зыгмунта. А яшчэ большыя навіны - нібыта будзе з усходу войска чырвонае, нібы людзі казалі, што за колькі станцый чуваць, як грымяць на ўсходзе чырвоныя гарматы. Пан Зыгмунт слухаў гэтыя гутаркі, маўчаў, як сцяна, і ўсё выскубваў рудыя валасіны на сваёй шчацэ, відаць, ад злосці скуб іх.
Тады графскія парабкі пашкадавалі яго, жартаўліва параілі:
- Ты б, яснавяльможны пане Зыгмунт, схадзіў бы ў цырульню ды пагаліўся б крыху, за рудой барадой не відаць румянцу ў пана, зачым пану ўласнай рукой псаваць панскае цела...
Як ашпараны варам, падскочыў ён на палатках, узняўся, і, матляючы жылаватымі кулакамі, ён так закрычаў, што аж перапужалася была Ядвіська, якая забралася на печ, каб не замінаць залішне людзям.
- Павешаем, павешаем!.. - крычаў пан Зыгмунт. - Усіх вас на адну асіну... Даўно ведаў я, што прадалі вы Пана Бога і ясную Польшчу, граеце ў дудку бальшавікову... Будзе заўтра войска наша, будзе вам смерць, будзе турма, пазнаеце, што то ёсць за маці Польшча! Бунтаўшчыкі!
Спакойна падышоў да яго стары каваль Андрэй, паважна пасадзіў прамоўцу.
- Цыц, пане Зыгмунт, цыц! Лепш выпі халоднай вады ды паеш капусты з грохам. Зачым так хвалявацца пану, хваляваць такое кволае сэрца, якое так любіць людзей, што не шкадуе для іх нават панскай асіны?..
Читать дальше