На кусту парэчкі весела заціўкала сінічка, і пры кожным ціўканні яна порстка круцілася ва ўсе бакі, пераскаквала з месца на месца, яе сіняя грудка мільгала там і тут. Адразу ж узгарэліся Вульчыны вачаняты, яна асцярожна паставіла чыгунок на снег і, крадучыся, паволі пераступаючы крок за крокам, ціха пасувалася да куста, пацешна растапырыўшы кароткія рукі. Яе губы шапталі:
- Сінічка мая!.. Птушанятка!.. Дай жа я цябе спаймаю...
Але дзе ты бачыў! Вяртлявая сінічка пырх - і няма яе... Толькі сіняя пярынка прыліпла да сучка, малюпасенькая, як пушынка. Вулька палажыла яе на далоньку, падзьмула, і тая ўзляцела, як сняжынка, і знікла. Снег падаў густымі пухнатымі хлоп'ямі. Трапіць на шчаку і адразу растае, расплываецца казытлівым халадком. Вулька ўспомніла пра бабку - вот яшчэ зазлуе - і хутка ўзялася за чыгунок. Цяжка яго несці ў адной руцэ. Балюча ўразаецца ў пальцы анучка, у якую завязаны чыгунок. Трэба ўвесь час пераменьваць руку. Вот і пералаз праз плот. На слупах такія прыгожыя пухнатыя шапкі з снегу, як жа не змахнуць іх рукою. Махнеш - і шапка разлятаецца дробным пухам, сціснеш у кулачку гэты пух, і ён ператворыцца ў смешную галачку, сляды пальцаў на ёй. Сунеш у рот - кусачы, кусачы снег, аж заходзяцца зубы. І пальцы робяцца чырвонымі, як гусіныя лапкі. Але над чыгунком яны адходзяць, ад цяпла... Толькі пералезла яна праз плот і пачала знімаць чыгунок з пералаза, як над самай галавой пачула знаёмы голас:
- Дзетухна мая, што гэта нясеш ты такое?
Ледзь не выпаў чыгунок з рук, і Вулька зашаптала сабе пад нос, хутка-хутка:
- Бабка казала... Бабка казала...
А што казала бабка, адразу і не прыпомніш, калі стаіць перад табой гэты дзядзя Касмыль. Сусед жа ён, але яго чамусьці дужа недалюблівала бабка і не раз казала, што ў гэтага чалавека на сэрцы касмылі растуць. Якія там касмылі, добра і не ведала Вулька, але відаць, што страшныя. Тут жа і ўспомніла Вулька:
- Бабка казала, каб я попел вынесла з хаты...
- Дык чаго ж ты далёка так нясеш яго?
- Бабка казала, каб вугальчыкі не параскідала я, каб не трапілі куды ў салому, ды не нарабіла б я пажару, не да-а-ай то Божа... - і, зрабіўшы страшныя вочы, Вулька смела зірнула на дзядзю. Ах, як яна баіцца пажараў з бабкай! Бабка заўсёды і гаворыць пра пажар: «Не да-а-ай Божа!» Вулька яшчэ раз зірнула на твар дзядзі Касмыля і, заўважыўшы, што той не злуецца, абярнула чыгунок і, абпальваючы далонькі, дзьмухаючы на іх, высыпала з яго вугаль і попел.
- Я, дзядзечка, кожны вугальчык нагой затапчу, толькі вы не злуйцеся... - І яна старанна прытоптвала вугалі нагамі і прыслухоўвалася, як шыпелі яны, як танюсенькія струменьчыкі пары вырываліся з-пад ног і знікалі.
- Ты ж глядзі, дзетухна, валенцаў не папалі!
- А яны ў мяне скурай падшыты, - хваліцца Вулька, смела падымаючы і паказваючы пятку валёнка.
- Хітрая ты, Вулька, дзяўчына, - кідае дзядзя Касмыль і, усміхнуўшыся, ідзе сваёй дарогай, выбітай у снезе сцяжынкай па агародзе. Вот і падаўся на свой двор, да свае хаты.
Вулька пастаяла з хвіліну, сумна паглядзела, як згаслі ўсе вугалі, завязала ў анучку цёплы яшчэ чыгунок і, спяшаючыся, пабегла дахаты, усё думаючы аб тым, што ж скажа яна цяпер бабулі. Вот жа неўгамонніца бабка. Тры дні ўзапар выносіць попел з хаты. Дзе гэта відана, каб так часта попел выносіць, толькі хату студзіць. А сёння бабку пагналі немцы ў абоз - вазіць салому. Толькі і паспела яна насыпаць у чыгунок вугалля і неўзаметку шапнуць Вульцы:
- Ты будзь разумніцай і, калі я паеду, занясі чыгунок... у гумно... На ток пастаў, ды падалей ад сцен, каб не здарылася пажару, не да-а-ай то Божа! А сама хуценька бяжы назад, пільнуй хату...
- Нашто вугалле насіць у гумно? - звонка перапытала Вулька.
Бабка аж рукамі замахала на яе:
- Ціха, ціха ты!.. Потым я табе ўсё скажу, разумніца... А цяпер рабі так, як я загадала... Ды калі сустрэнецца табе хто, як будзеш несці, дык ты проста высып попел у снег...
...Вось яна і зрабіла ўсё, як загадала бабка, гэтая хітрая бабка-неўгамонніца...
* * *
Аксіння прыехала позна вечарам. Прама з парога яна падышла да печы і ціхенька пабудзіла ўнучку:
- Вулька, Вулька, устань, вячэраць будзем...
Вулька прыўзнялася на печы і хуценька расказала аб усім: як несла яна чыгунок, як сустрэўся ёй Касмыль, як таптала яна вугельчыкі ў снег.
- Яшчэ сініцу бачыла я... сіняя... сіняя... - соладка пазяхнула Вулька.
- Сініцу... - задуменна паўтарыла Аксіння і, адчуўшы, як пахаладзела раптам сэрца, рашуча зацягнула ражкі хусцінкі, спяшаючыся, затупала да дзвярэй.
Читать дальше