Ён многа яшчэ гаварыў. Але словы яго праходзілі неяк міма свядомасці Васіля, выклікаючы толькі нейкія цьмяныя думкі, абрыўкі ўспамінаў, няясныя вобразы перажытага, перадуманага. Так, ён узарваў мост... Яго шнур... Пракляты шнур, які прыйшлося замяніць другім, карацейшым. Таму і не паспеў ён адысціся далей... Аскабалкам жалеза яму перабіла плячо, моцна ўдарыла ў грудзі. Колькі часу ён праляжаў там, на мокрым снезе? Ён толькі памятае, як, зірнуўшы ў цёмнае начное неба, ён заўважыў водбліскі халоднага трапяткога святла. Ля чыгункі пускалі ракеты, шукалі кагосьці... Снег падаў густымі, частымі камякамі. Перасільваючы востры боль, ён устаў і пайшоў цераз узлессе, праз маладыя дубняковыя параснікі. Хутка яго праглынуў густы, высокі бор. Толькі пад самую раніцу дабраўся ён, дапоўз да ўскраіны роднай вёскі. Яму не трэба было ісці туды, але ён замярзаў. Зусім абледзянела плячо, ён не мог зняць аўтамата з пляча. Вось і гумно... Змрочная, халодная ёўня... Ахапак саломы. Забыццё... Напалоханыя вочы мацеры... І радасць, і страх на яе такім жа родным, такім жа блізкім твары... «Сыночак мой, сыночак, ці табе ж, маладому, так рана шукаць лютае смерці!..»
Ах, як баліць плячо!.. Пякучы боль прастроміў усё цела. Падхапіўшы пад рукі, вартавыя паставілі яго на ногі. У пакоі стала шумна. Некалькі афіцэраў распраналі шынялі. За сталом ужо сядзеў палкоўнік, і заклапочаны камендант пачціва дакладваў яму аб справах. Чашка гарачай кавы дымілася перад палкоўнікам. Не гледзячы на каменданта, ён выслухоўваў яго рапарт, зрэдку перабіваючы рэзкімі запытаннямі. Тады торгаўся сіняваты шрам на твары палкоўніка, і яго правае века заходзілася ў драбнюткім ціку. Палкоўнік пагладжваў вока доўгімі пальцамі, і чорны персцень на пальцы цьмяна пабліскваў пры свеце газоўкі.
Васіль бачыў гэты пярсцёнак і ўспомніў, як яшчэ ўвосень гэты чалавек у зарэчным сяле тапіў людзей на балоце. Сярод іх былі дзеці... Гэта быў сам камандзір кавалерыйскага эсэсаўскага палка, ці, як празвалі яго партызаны, - «чорны палкоўнік».
Яго думкі спыніла рэзкая каманда. Вартавыя адышліся назад, да сценкі. Пачаўся допыт. Хто? Адкуль? Чаму ўзарваў мост? Дзе штаб? Ах, якія яны ўсе аднолькавыя... Вось вазьмі і палажы перад імі штаб... Брата пашлі на шыбеніцу... Уласнымі рукамі задушы матулю... Радзіму-маці затапчы ў балота, стань на грудзі ёй забруджаным ботам...
Васіль маўчаў, не абзываўся ніводным словам. Чорны пярсцёнак мігцеў перад вачыма і мяняў свой колер, рабіўся шэрым. Палкоўнік ужо крычаў, дзіка, шалёна:
- На калені, бандыт!
Афіцэр выхапіў у часавога вінтоўку, жалезным прыкладам ударыў наводмаш па каленках звязанага чалавека. Глухі стогн прарэзаў хвілінную цішыню, і кісці рук вартавога затрымцелі дробна-дробна. Звязаны чалавек упаў на падлогу, замоўк. У пакой увялі Аксінню. Яна кінулася была да распасцёртай постаці на падлозе, але яе груба адцягнулі назад, да дзвярэй. Прыхіліўшыся да сцяны, яна стаяла і зняможана ківала галавой.
Салдаты выплюхнулі вядро вады на знявечаную постаць чалавека. І калі той паварушыўся, яны выйшлі па камандзе за дзверы. Палкоўнік чакаў. Васіль заўважыў Аксінню. Яго мокры твар сагрэла ледзь прыкметная ўсмешка.
- Ідзі дахаты, матуля, табе не трэба бачыць іх. Не трэба быць тут...
Прыкмеціўшы вартавых, якія стаялі ля маці, ён вінавата сказаў:
- Даруй мне, родная, што праз мяне...
- А-а... загаварыў, па-а-н партызан... - ажывіўся палкоўнік. - Ну што ж, так бы даўно... Можа, што і скажаш талковае...
- Скажу... - суха прашаптаў Васіль, і, прыўзняўшы галаву, - гэта каштавала яму балючых намаганняў, - ён глядзеў на палкоўніка нейкім дзіўным, пасвятлелым позіркам. Скатваліся каплі вады з мокрых валасоў, траплялі на шчокі, на засмяглыя губы. Твар чалавека рабіўся падцягнутым, жорсткім. - Я скажу вам... Гора вам будзе... Смерць вам будзе... Чорная, паганая смерць... І я шкадую толькі, што не мне прыйдзецца біць вас, не мне... Але вам не выйсці жывымі з маёй зямлі, і гніць вы будзеце, як прыдарожныя чэрві, бо наша зямля не захоча прымаць вас, сабак...
Палкоўнік паволі ўзнімаўся на сваім крэсле і, ухапіўшыся рукамі за край стала, цягнуўся да твару Васіля. Косткі пальцаў палкоўніцкіх напяліся і пабялелі, у завілінках сіняга шрама праступіла жывая чырвань, яго голас зрываўся, хрыпеў:
- З кім... га-а-ворыш... ты-ы?
- З сабакам... Але вы горш ад сабак... Вы забіваеце маленькіх дзяцей, вы храбры супраць бяззбройных... Вы... Ну, ну, не храбрыся... Я ж не магу цяпер адказаць табе куляй на кулю, але...
Читать дальше