Людзі сагіналіся на калені, прыкладаліся лбамі да закапленай воскам халоднай падлогі і заміралі на міг, нібы адчуваючы таемную святасць у гэтым дотыку халоднай царкоўнай падлогі, дзе воск, дзе ладан, дзе бруіцца свежае паветра ад дзвярэй, дзе чутны шэпты парэпаных вуснаў:
- Даруй жа мне, Госпадзі...
Людзі ўставалі і ўглядаліся задумёна ў бляклую пазалоту царскіх дзвярэй, у змрочныя цені, што ляталі па сценах ад жоўтых, танюткіх, са слязою васковай свечак. І твары ў людзей былі посныя, бляклыя, васковыя. Прыслухаліся, як бубніць Лаўрэнаў голас, лавілі паасобныя словы, паасобныя сказы, сачылі за рухам яго рук і калі жагнаўся ён, тады, як па камандзе, узнімаўся лес рук і ціхім шолахам пранасіліся шэпты-словы: «Ва імя Айца і Сына і Святога Духа...»
І пад шолах гэты калыхаліся змрочныя пратасэі, мігцелі жоўтыя, трапяткія, са слязой васкавой гаручыя свечы, і скакалі ад уклонаў цені пад столь, пад блакітны купал, адкуль углядалася адзінае, у адзінстве сваём суровае і варожае вока, вока госпада Саваофа. Пасля Лаўрэна чытаў Яўхім-сухарукі. І калі жагнаўся ён левай рукой, людзі нехаця думалі: «Ці не грэх гэта, - а ці можна ж левай?»
Думалі і жагналіся, праганялі грэшныя думкі, што адрывалі ад слоў евангельскіх, ад пакут божыіх. Слухалі, і ў кожнага былі свае думкі, у кожнага былі свае меркаванні, свае надзеі. І бадай ва ўсіх: «А можа, й вайна хутка скончыцца, дай жа, Божа, дай жа ты, літасцівы...»
Думалі і аўстрыякі аб гэтым, што шчыльнаю купкаю згрудзіліся ля дзвярэй, стаялі з суворымі, настарожанымі тварамі. Тут быў і Язэп з абвіслымі чорнымі вусамі, і чарнавокі Янук, што скоса, нібы засаромеўшыся, пазіраў на людзей, на жанок, на палахлівыя позіркі дзявок, і старэнькія бабкі, каторыя думалі: «Вось жа, як наскія... звычайныя людзі і жагнаюцца нават, і каторыя моляцца нават... І няўжо ж Івана майго загубілі, у акопах застрэлілі... Няўжо ж ворагі ўсе вось такія... Не можа быць... Даруй жа, Божа, мне грэшныя думкі, непатрэбныя словы...»
І торапка жагналіся, торапка шапацелі словы да Бога, торапка падалі слёзы ў каторай, і слёз гэтых было не чуваць. Былі яны слабыя, бяссілыя. Лягчэй слёз тых васковых гаручых - іх чуваць было, як падаюць яны, капаюць перад мядзянымі ўборамі Багародзіцы, падыходзілі людзі тады, у світках, у кажушках - і папраўлялі свечы, выпроствалі і тушылі каторыя. Папраўлялі, жагналіся, адыходзілі на сваё месца і зноў жагналіся. І над усім разляталіся словы - то ціхія і плыўкія, то гучныя, смелыя, то таропкія, заходлівыя - не разбярэш, адкуль яны.
А знадворку ўляталі галасы, звонкія, крыклівыя ды задзірлівыя. Яны часам дзёрзка ўрываліся пад змрочную столь, крывілі ўсмешкай каторыя твары, ды бабка якая, палахліва азірнуўшыся, прасіла Госпада Бога:
- Даруй Ты ім, паганцам, хіба яны разумеюць...
То гуляла на цвінтары моладзь - хлапцы, дзяўчаты. Неўгамонная пісклявая малеча віхрам насілася ля агароджы, ля распрэжаных вазоў, ля панскага саду, што насунуўся на цэркву купкамі клёнаў і ліп ды высокім яловым штакетам.
Гудзелі званы на дванаццаць Евангелляў, дрыжала званіца тады і дрыжала паветра, пахучае, вясновае, пад глыбокім і чорным небам. І захліпаліся сэрцы дзявочыя, сціналіся грудзі. Ды дзе-нідзе па змрочных кутках пішчалі дзяўчаты, рагаталі хлопцы і ўзнімаўся гармідар цэлы. Стары Лаўрэн, які выходзіў, каб падаць знак на званіцу, дакорліва ківаў галавой ды кідаў з ганкаў царкоўных:
- Ах жа і шкнарадзь гэтая... Ні ім месца святое, ні ім слова тое евангельскае... То ж распуста...
Але гаварыў так, абы гаварыць. І, зірнуўшы на зоры - то ж год ураджайным будзе, колькі іх высыпала, - браўся за вяроўку, торгаў яе, знак падаваў на званіцу, каб не праспаў званар, не прапусціў чарговае Евангелле.
Ля дзвярэй Настуля стаяла. Прыслухалася да звону, да слоў евангельскіх, да звонкіх галасоў. Спрабавала маліцца, углядалася ў твар Багародзіцы, да той застыглай усмешкі, з якой пазірала Багародзіца на свайго Сына. І нічога нельга было разгадаць у гэтай усмешцы, абыякавай, нерухомай, халоднай. Таму й на сэрцы было суха, не ішлі словы малітвы, нібы садніла і гарэніла на душы. Стаялі перад алтаром стараста Хвядос, жаўцеў Цыбалаў кажух, і кажух, шырокі ў плячах, прысадзісты, да таго ж шырокі, да таго ж раздаўся ўшыркі, што, здаецца, засціў усіх святых, адціскаў іх сваёй жаўцізной. Ды паблісквала намасленая патыліца Цыбалава, некаторыя валасіны, зліпшыся, стырчмя стаялі на ёй, настырбучыліся.
- Іш, як цялушка языком залізала, зашурпаціла...
І крыўдна стала.
Читать дальше