Торапка бег Сяргей, аж засопся. Бег і крычаў:
- Паймаў жа, браткі, дальбог, паймаў...
І твар яго быў радасны, светлы. Нібы іскрылася радасць гэтая з яго, цвіла на ім. Ля Алтэравай хаты прыпыніў крыху бег. На ганках Алтэр стаяў, даставаў папяросу, прыкурыць цэліўся. Пачуўшы голас Сяргея, паклікаў яго:
- Дык нясі хіба да мяне, калі паймаў... Што там, мірона, а мо сома падцэліў?
- Ужо ж паймаў...
З крам каторыя падбеглі: Еўніха, руды Абрум, Чырвонец падышоў, манапольшчык - зацікавіліся, у чым-та чалавеку пашанцавала.
- Лявона паймаў...
- Што ты вярзеш, якога Лявона?
- Ды нашага ж, Ражка... Дзён з дванаццаць, бадай, як загінуў, дык вот пад самай каражынай... Паехаў па шнур я, ставіў там... Гляджу, пад каражынай тапельнік ляжыць, я за яго...
- Слухай ты, Сяргей, табе я гавару... Ідзі ты, чалавеча, ад маёй хаты... Добры ты чалавек, і не скажу худога слова пра цябе, а толькі ідзі, братка, ідзі... не стой... - рукамі замахаў Алтэр, а сам хуценька ў хату, нават папяросу на ганку пакінуў. За Алтэрам і ўсе - ціхенька, ціхенька ды падаліся хто куды, па сваіх справах. Толькі Чырвонец застаўся, запытаў:
- І што ты з ім думаеш рабіць?
- Як што? Начальству ж трэба сказаць, няхай парадак дадуць, да закона чалавека прывядуць. - І сам рукамі разводзіў. - Ну й народ, ну й людзі. Вот табе, беднаму чалавеку, і памры, дык і пабягуць усе, у вочы табе зірнуць пабаяцца, вочы твае прыплюшчыць...
Пайшоў паціху па старасту, па ўрадніка. Хутка ўзялі панятых, паклікалі старога фельшара, на бераг пайшлі. У чоўне, выцягнутым на пясок, ляжаў разбухлы, пачарнелы труп. Ужо нос пачаў аслізацца, зацягнуліся мутнаю тванню вочы, непамерна ўздуўся жывот.
- Уга, раздабрэў як ты, пане Лявон, гэтак жа вады набраўся... - уздумаў пажартаваць Хвядос, але ніхто на яго жарт не адказваў. Скінулі шапкі, стаялі моўчкі. Стары фельшар абышоў разы са два, агледзеў збольшага.
- Патоп, тыдні са два, як патоп. А прычыны якія, дзе ты даведаешся, віду ніякага ў чалавека, калі то пад ваду трапіў. Дзён з дванаццаць...
- Ды гэта мы бачым, што ён патоп, не з неба ўпаў, а з вады выцягнулі...
- А што б вы хацелі больш?
- Ды нічога, - буркнуў ураднік, - трэба вот пратакол скласці.
- А вот і шапка, - заўважыў Сяргей, - там жа з ім разам знайшоў. Ён пад каражынай, а шапка ў руцэ, так і прыбіла яе вадой пад карэнні разам з рукой. Так і трымаў у руцэ шапку Лявон... І калі ўжо даставаў з вады яго, дык шапка з пальцаў выслізнулася, дастаў ледзь...
- Нешта ж не яго быццам і шапка, штосьці не бачылі такой... У яго ж была салдацкая, звычайная лапавушка, зімоўка... Дзе ён дастаць мог такую, бачыш, з зайца...
- Ану, давай шапку сюды, мне яе, брат, да дакументаў. Разам і здамо, з пратаколам разам.
Мірон, якому выпала быць за панятога сягоння, прыгледзеўшыся пільна да шапкі, аж войкнуў быў нешта, але схамянуўся.
- Чаго гэта ты?
- Ікаўка, бачыце, напала... - а пра сябе: «Дальбог жа, Сідара-лесніка шапка, шчэ залетась зайца забіў і пашыў потым. Адылі ліха яго ведае, чаго б гэта яна да Лявона патрапіла. Дый ці мала шапак тых. А ты патрапіся языком - да чалавека чапіцца будуць, трывожыць дарэмна: што ды як... Ліха яго ведае, чыя гэта шапка...»
Паказалася шапка падазронай і старасту, ды прамаўчаў - вялікі-то клопат.
А сам ураднік, калі адвезлі Лявона ў капліцу на клодаўі, каб пахаваць раніцой, сеў на буланага свайго ды падаўся ў фальварак, да самога Мацвея Юльевіча. Запрогшы каня ў лінейку для ўпраўляючага, ездзілі абодва на кардон да Сідара. І ў выніку паездкі той трапілі ў кішэню ўраднікаву аж цэлых дзве пяцёркі залатыя. Гэта ад упраўляючага. Але сякія-такія гаспадарчыя разлікі меў ураднік і ў дачыненні да Сідара.
- Што-што, а пара подсвінкаў будзе, даўно ўжо баба назаляе: набудзь ды набудзь ёй подсвінкаў добрых, каб курносыя былі... А подсвінкі ў яго важнецкія. І пасека нішто ў яго, у халеры. Паспрабуй-ка адмоўся цяпер начальства пачаставаць мёдам тым лесавым. Уга!..
І ў вясёлым настроі ўраднік доўга карпеў над пратаколам. Каб сказаць, дужа тая грамата ў яго ўелася, не сказаў бы. Але і не ў грамаце справа была - трэба было як найлепей, ямчэй дакумент гэты скласці. І ўрэшце склаў-такі, падпісаўся, прачытаў:
«Сяго чысла мела месца здарэнне ў мястэчку. Сяргей, ён жа рыбалка, ад'ехаўшы раніцой на воды, заўважыў на водах гэтых нейкае іншароднае цела, онае ў сапраўднасці аказалася целам, прыналежным селяніну гэтага ж мястэчка Лявону Ражку, трыццаці шасці год ад роду, які дванаццаць дзён назад патоп ноччу ў вышэйпаказаных водах, не меўшы магчымасці адтуль выбрацца. Панятыя, оных стараста паклікаў на прадмет сведак і навучна-медыцынскага агляду, устанавілі, што оны труп - цела памянёнага Ражка - сапраўды патоп без усякіх адзнак жыцця, гэта значыцца на трупе. А як ён патоп: ці шляхам самавольнага пагружэння ў ваду і немагчымасці адтуль выбрацца на сухі бераг, альбо ўпаў па неасцярожнасці ў памянёныя воды і зноў-такі не мог адтуль выбрацца, ці трапіў туды па чыёй-небудзь злой волі - гэтага ўжо ні панятыя, ні я - ураднік - устанавіць дасканала не змаглі. А таму і дадзены мной загад, каб адвезці на клодаўе ў капліцу і каб пахаваць яго зараз жа па прычынах няўхільных клапот нашых па абароне здароўя ўверанага мне насельніцтва. Аб чым і складзены гэты пратакол».
Читать дальше