Усё-ткі наклалі лапу расейцы на Жалезнага Змея... Панятоўскі ў чарговы раз не вытрымаў уціску сваёй уладнай былой каханкі. Зусім як шкаляр, што напачатку смела адмаўляецца адкрыць злоснаму настаўніку імёны таварышаў, якія ўзялі ўдзел у пракудзе, але варта пабачыць розгу — і, пагарджаючы сабою, усіх выдае.
А тады плача ды крыўдуе на несправядлівасць лёсу.
Вырвіч чакаў, што зараз Гагарын загадае вывесці Вадзянога Змея ў Прыпяць, і, цалкам магчыма, для гэтага зноў спатрэбяцца яны з Лёднікам. А яны абавязкова нешта прыдумаюць, каб уцячы... Але расеец, нягледзячы на мяккую, дзіцячую знешнасць, быў зусім не дурань, а жорсткасці і хітрасці меў не менш, чым той жа падскарбій. Нават свавольная панна Дамініка Гараўская наўрад такога зацугляе. Дазволь паплысці Жалезнаму Змею — хто ведае, на якія хітрыкі здатныя ягоныя стваральнікі. Дый няма чаго дэманстраваць людзям пачвару — разнясуць чуткі на ўвесь свет-павет...
— Выцягвайце свой карабель на бераг, што можна — адкруціце, каб змясціўся на воз...
А вось і вялізныя калёсы загрукаталі па падземным ходзе... І дзе толькі такія здабылі?
Дарэмна Пфальцман верашчаў, што ягонае стварэнне будзе загубленае, ламаць — не будаваць... Жаўнеры ды паднявольныя мясцовыя мужыкі з вялікім задавальненнем накінуліся на Вадзянога Змея... Нямчук лямантаваў, лаяўся па-нямецку, а тады, пабачыўшы дарэмнасць пратэстаў, учапіўся ў Гагарына з ліслівымі роспытамі. Калі яе вялікасць Кацярына зацікавілася вынаходніцтвам, дык, напэўна, з уласцівай ёй шчодрасцю расплоціцца за яго?
Геру Якубу Пфальцману, відавочна, было ўсё роўна, хто з уладароў скарыстаецца з ягоных уменняў, абы плацілі ды не пагражалі забіць.
Вадзянога Змея пагрузілі на калёсы. Нешта ў чорным тураўскім возеры з палёгкай вільнула хвастом: нарэшце прыбралі гэтую жалезную бурбалку, якую ні з’есці, ні пакусаць, а тлуму вакол яе — хоць не ўсплывай ніколі...
Вечар у Тураве пах дымам. Дым пагойдваўся над комінамі, быццам пер’і на шлемах волатаў-рыцараў, што так доўга збіраліся ў крыжовы паход, аж паспелі ўрасці ў зямлю... А зямля тут была шчодра напоеная крывёй, якую хто толькі ні праліваў. У 1654-м войскі Аляксея Цішайшага так усё вынішчылі, што, паводле ліста тураўскага падстарасты Хведара Ляўковіча, «не толькі ў дамах сялянскіх, што змаглі адшукаць, забралі, але, сялян у лясах знаходзячы, некаторых насмерць пазамучвалі...» А калі Януш Радзівіл горад узяў — хто ацалеў, таксама пашкадаваў, што жывы застаўся... Як жа — здрайцы, з казакамі хаўрусаваліся, на Сеч паўцякалі...
Пасля ўсіх падзеяў з чатырох соцень дымоў у мястэчку засталося трохі больш за сотню... А колькі яшчэ войнаў ды звадаў тут прапаўзалі вогненнымі цмокамі! Карацей, краявіды ўрачыстасцю не ўражвалі, хоць менавіта тут, у вежы на замчышчы, Кірыла Тураўскі, Златавуст, успяваў Госпада і хараство створанага ім свету.
Затое Вырвіч быў вельмі рады, што нарэшце яны з Бутрымам бачаць неба, няхай і зацягнутае цёмнымі нізкімі хмарамі, і доўгія гадзіны пад вадой здаваліся начным блёкатам. З мануфактуры іх выпусцілі. Вядома, нельга было спадзявацца, што за пасвечанымі ў таямніцу, а асабліва доктарам-вынаходнікам, не сочаць і дадуць з’ехаць. Затое з імі былі шаблі. Пранціш нібыта адчуваў, як радуецца ягоны верны прадзедаўскі Гіпацэнтаўр, а Бутрым цягнуў у скураной сумцы на баку Альбукасісаў шлем і нават пяшчотна пагладжваў сумку рукою. Эксперыментатар...
Тураўская карчма з ганарыстай назвай «Лондан», дзе яны апынуліся, калі й нагадвала чэрава Жалезнага Змея, дык хіба тым, што тут таксама было цяжка дыхаць: смурод гарэлкі, тушанай капусты, часныку ды разгарачаных целаў так густа замешаны, што, здавалася, сякеру ўтрымае... З усяе музыкі — толькі дудка, якая выводзіла таненька ды жаласна даўнюю мелодыю, за якой угадваліся кранальныя словы, якія звычайна пяюцца на вяселлі сіраціны:
Рада б я ўстаці
К сваяму дзіцяці,
Благаслаўленнейка даці.
Чорная смага
На губах пала,
Не магу прэгукаці.
Жоўтыя пясочкі
Засыпалі вочкі —
Не магу прэглянуці.
Сырая зямля
На сэрцу легла —
Не магу прэдыхаці.
Дубовыя дошкі
Сціснулі ножкі —
Не магу пахадзіці.
Дубовыя цвечкі
Сціснулі плечкі —
Не магу ўстаці.
Што ж, і ў Лондане, дзе Пранціш з Бутрымам пабывалі, музыкі-жабракі на вуліцах умелі жаласна граць... Праўда, пры гэтым так і цэлілі зрэзаць кашалёк. А тут худзючы падлетак у сялянскай світцы гэтак старанна дзьмуў у свой нязвычны для карчмы немудрагелісты інструмент, так спалохана касавурыўся на наведнікаў, што не трэба было распытваць, як сюды трапіў. Граў сабе пастушок у полі, каровак цешыў. Карчмар выпадкова пачуў, ацаніў самавука, ну й дамовіўся з бацькамі ці гаспадарамі, што заробіць малец троху грошай, замяніўшы прыхварэлых музыкаў, бо не траціцца ж карчмару на больш самавітых майстроў. Што ж, таленты ў гэтым свеце над сабою не ўладныя, хто-небудзь іх абавязкова рана ці позна прадасць.
Читать дальше