Рэзкі пах зёлак усё-ткі трохі перабіваў смурод з мяхоў. Бутрым ціха прачытаў вечаровую малітву, падзякаваўшы Госпаду, прасвятой Багародзіцы і ўсім святым за шчаслівае выбаўленне з падводнага палону, і зваліўся на сяннік, як нежывы. Мудраваць над Альбукасісавай прыладай у яго сіл не засталося. Пранціш таксама ўпаў на свой ложак... Усё-ткі не кожны дзень вяртаешся з апраметнай.
— Ну што, панове шпегі, выбавілі якога-небудзь цмока з пячоры?
Прыўзняўшыся з сенніка ля вакна, на суседзяў па пакоі паглядаў Герман Ватман, і ягоныя вочы, што ўмелі бачыць у цемры, нібыта свяціліся чырванню, як у пякельных істотаў.
РАЗДЗЕЛ ДЗЯСЯТЫ
Тое-сёе пра вар’яцтвы Гіменея
У самы страшны момант бойкі паміж войскамі Кромвеля і ангельскага караля, пад посвіст ядраў і куль, ля дрэва, мо сасны, мо якога ясеня, сядзеў і ў чаканні пацыентаў чытаў кнігу лейб-медык Уільям Гарвей, які адкрыў асаблівасці кровазвароту.
А чаго баяцца чалавеку, які першым у свеце зразумеў, як працуе сэрца?
Хіба што невукаў, якія разграмілі дом «раяліста», заадно знішчыўшы ягоныя калекцыі і рукапіс паталагічнай анатоміі.
Як бы шляхцюк з Падняводдзя Пранціш Вырвіч хацеў часам мець гэткую самаўладу! Вакол цябе б’юцца, віюцца, ірвуцца, а ты чытаеш навуковы трактат... Найчасцей жа Вырвіча адразу зацягвала ў вір, і ягоная шабля зацята абараняла справядлівасць...
Ну, тое, што на той момант падавалася справядлівасцю.
З другога боку, ён жа шляхціц, а не клісцірнік, як згаданы Гарвей ці Баўтрамей Лёднік, і не птушка-воран-падлаед... Вырвіч не раз за такімі птахамі назіраў: крыкі, стрэлы, кроў хлешча, а чорны ды дзюбаты «нігрэда» сочыць сабе спакойненька з дрэва, калі ж для яго справа знойдзецца. Гэта толькі ў казках ды замовах воран — лекар. Нянька Агата Пранцішавыя дзіцячыя раненні лячыла замовай: «Гэх ты, воран-орлам, дзюбкаю выбівай, гэты боль кіпцямі выдзірай... »
У казцы воран мог прынесці жывой ды мёртвай вады, а то і косці памерлага брата героя, якія кідаў у чароўны калодзеж, і нябожчык ажываў... Далібог, такі птах заслугоўвае чорнай доктарскай мантыі! Да таго ж дакладна лепей за двухногіх прафесараў ведае, як зладжанае чалавечае сэрца ды мазгі, і ў дадатак — якія яны на смак...
Вырвіч адвёў позірк ад злавеснай птушкі, якая вось ужо хвілінаў дзесяць вывучала яго то адным, то другі вокам, седзячы на голай ліпе прысады перад маёнткам аднаго з прыдворных князя Багінскага. Нібыта і падобная да тых варонаў, што жылі ў далёкім Ліёне, дзе іх лічылі дзецьмі бога Луга, але ўсё, што трапляе сюды, на Беларусь, як прадметы, упушчаныя на дно лужыны, мяняе абрысы і колеры, прыстасоўваецца да тутэйшай змрочнай рэчаіснасці.
Белыя калоны маёнтка былі занадта вялікія для сціплага аднапавярховага будынка, крытага пазелянелай чарапіцай. Гэтыя калоны з мармуровым ганкам і балюстрадай выглядалі навюткімі, нядаўна дабудаванымі да старасвецкай сумленнай хаціны. Ясна, з тых самых прычын, па якіх два бедныя шляхцюкі, скінуўшыся, купілі на дваіх адну пару самых дарагіх ботаў, і цяпер, едучы на возе, звешваюць з яго кожны па назе, а босыя ногі падкурчваюць пад сябе.
Пранціш скасавурыўся на Лёдніка: той, як і ягоны калега Гарвей, захоўваў ільдзяны спакой адпаведна прозвішчу. Гартаў сабе свой нататнік, апусціўшы нос, дакладна падобны да дзюбы ворана...
А Вырвіч ніяк не мог змусіць сябе ўдаваць абыякавасць, так яго злавала ўсё, што адбывалася ў апошнія дні. Гэты падлючы Ватман, наваяўлены граф Пянткоўскі, выслухаўшы падрабязны даклад пра вадзянога змея, заявіў, што князь Багінскі павінен чуць асабіста! І звёз шпегаў з Турава пад водбліскі ладнага пажару, які ўчыніўся ўсё-ткі ў карчме «Лёндан». Хутчэй за ўсё, з дапамогай людзей Ватмана, якія паспрыялі бойцы паміж жаўнерамі. Калі ў мястэчку пажар, тут не да таго, каб сачыць за пастаяльцамі карчмы.
Хаця б удалося выспацца, пакуль да раніцы трэсліся ў возе, прыкрытыя саломай ды анучамі...
І вось — зноў невядомасць. Кінулі, як жабракоў, пад дзвярыма... Вакол блытаюцца жаўнеры Багінскага. У князя ўласнае войска на тысячы тры, і тут, мусіць, цэлы полк... Воран на ліпе зыркае насмешна і не думае ляцець па жывую ваду.
— Яснавяльможны князь ласкава запрашае вашамосцяў у дом!
Прынамсі, звяртаюцца згодна палітэсу... Па чырвоным дыване і ў печку
не ганебна зайсці.
У доме было тлумна, як і належыць падчас пастою войска. Калі Багінскі не адсыпле гаспадару будынка залатых, давядзецца небараку ў пазыкі ісці, каб пасля такога гасцявання радавае гняздо аднавіць.
Читать дальше