Шпегі агледзеліся: люд у карчомцы падзяляўся на дзве часткі, бы ў ваду налілі алей. У адной палове залы гулі шляхцюкі з кароннага войска, у другой — маскоўскія гусары. І тыя, і другія рабілі выгляд, што не заўважаюць суседзяў — звадзіцца было строга забаронена, пад пагрозай расстрэлу, бо ведала начальства, што гэта за навала. Але як не паганарыцца маладым ваярам, хаўрус перад хаўрусам? Вырвіч сам яшчэ нядаўна такі быў...
Пакуль што ў кожнага хаўруса меўся свой занятак. Шляхцюкі пацяшаліся з падпітага таварыша, які ўгаворваў маладую карчмарку з белым пульхным тварам, на якім гарэў намаляваны чырванілам румянак, ахвяраваць чаравічак з ножкі. З таго чаравічка верны рыцар панны хоча выпіць гарэліцы за яе здароўе. Рыцар быў немалады, нязграбны, як рыдван, і з шарачковай шляхты, пра што сведчыла заплямленая вопратка ды адсутнасць дарагіх сыкгнетаў і дыяментавага гуза на пакамечанай шапцы. У светлых вусах зачапілася капуста.
Карчмарка ўдавана сарамліва пасмейвалася, спрабуючы і адвязацца ад надакучлівага кавалера, якіх яна бачыла кожны вечар тузінамі, і не скрыўдзіць гасцей, бо шляхцюка толькі зачапі, хай ён і бедны, як бізун... Пасячэ, паб’е — і вінаваты не будзе, бо любы суд пастановіць, меў права абараняць ад прасталюдца свой гонар.
Расейскія гусары ў сваім куце падымалі віват за віватам у гонар яе імператарскай вялікасці, нахабна аглядаючыся, ці не пашанцуе заўважыць якую непавагу ды ўсчаць справядлівую бойку... Піва, моцнае, дубельтовае, стаяла на іх стале ў шкляніцы з трыма абручыкамі. Па звычаі, піток павінен быў аб’явіць, да якога абручыка адап’е — і калі памыляўся, яму далівалі да гарла. Але гусары шкляніцу занядбалі разам з півам, аддаючы перавагу гарэлцы і віну са звычайных чарак. Шчасце яшчэ, што зброю, зноў адпаведна загаду, наведнікі карчомкі мусілі пакідаць у вітальні, дзе яе замыкалі ў адмысловы куфар. О то ж Кірыла Тураўскі абураўся б норавамі ў месце, дзе быў біскупам, ды паўтарыў бы залатыя словы: «Гора будзе ўсім тым, хто не трымаўся кніжнай мудрасці і наказаў духоўных бацькоў; гора тым, хто пад гульні і скокі апіваўся віном; гора будзе жалейнікам і гора тым, хто іх слухаў, бо што ўзвялічвае д’ябла — губіць усіх хрысціян», і зноў наракаў бы: «Калі б я раздаваў у царкве медавуху альбо піва, — як жа хутка ішлі б вы сюды, апярэджваючы адзін аднаго; а я ж прамаўляю ў царкве слова Божае, лепшае за піва і медавуху».
Лёднік і Вырвіч прыселі ў самым цёмным куце, замовіўшы поснай поліўкі з грыбамі ды квасу з панцакамі. Папраўдзе, марылася толькі аб тым, каб хутчэй легчы.
Між тым гучны рогат з-за шляхецкага стала засведчыў, што рыцар з капустай у вусах дамогся свайго, і раззлаваная карчмарка ляснула перад ім на стол свой чаравічак. Рагаталі ж таму, што чаравічак, растаптаны ды не вельмі чысты, упрыгожваў не самую малую ножку, і туды можна было заліць, мабыць, дзве кварты... Нават просьбіт, нягледзячы на ап’яненне, западозрыў штось няладнае, не зусім адпаведнае рытуалу «высакародны рыцар п’е з туфліка прыўкраснай дамы»... Але бутэлька ўжо забулькатала, напаўняючы самазваны келіх.
Жалейка плакала, як птушка над раскіданым гняздом, аж хацелася даць стараннаму музыку злоты і выспятак пад азадак, каб вяртаўся да каровак. Тры чумакі ў прапітаных смалою апратках сціпла прытуліліся на лаўцы ля дзвярэй, насцярожана пазіраючы з-пад абстрыжаных пад гаршчок валоссяў, выбеленых сонцам, як лён. Дапілі хуценька келіхі ды пайшлі да сваіх валоў, відаць, збіраючыся заначаваць лепей у саломе на вазах, чым сярод шалёных жаўнераў. Пранціш ды Лёднік паспешліва сыходзілі ў адведзены ім пакойчык, услед ім неслася:
Дружныя залпы стральцы па літвінах пусцілі,
Потым нашых вершнікаў на канях парубілі.
Палеглі слаўны рыцары, Зянкевіч ды Ціхінскі,
Быў жа яшчэ забіта там рыцар Ян Тымінскі.
Ўсе яны служылі ў Ёрдановай роце,
Доўг свой Айчыне аддалі рыцарскі ў годнай цноце.
Ой, запалаюць канцы ў гэтай карчомцы, калі ваякі яшчэ больш паднап’юцца...
Пакой дастаўся шпегам не асобны, у ім ужо нехта спачываў. Здаровы дзяцюк на сенніку ля вакна накрыўся ваўнянай коўдрай аж з галавою. Каля яго стаялі набітыя чымсьці мяхі. Мяркуючы па паху — з сырымі скурамі. Доктар ажно на парозе затрымаўся — бо з дзяцінства не выносіў гэтага паху, таму й па слядах бацькі-гарбара не пайшоў...
Але шукаць іншы прытулак не было моцы, і Чорны Доктар дастаў са сваіх бяздонных кішэняў мяшэчак з нейкай вохкай сухой травой, хуценька расцёр між пальцаў, паднёс да носу... Пранціш нягучна хмыкнуў: хто б мог падумаць, што непераможны фехтавальшчык і маг чуйны, як паненка, якая не расстаецца з нюхацельнай соллю?
Читать дальше