— Слухай, а чаму, калі мы забіралі цябе з Манпелье, на тваёй скроні дзве такія таненькія касы былі заплеценыя?
Лёднік не раззлаваўся — і яму было не да ўмоўнасцяў, адказаў павольна і ціха:
— У аднаго горнага племені гэта спосаб адганяць злых духаў і ўвогуле няшчасці... На знак удзячнасці мне заплялі. Я паўпрытомны быў...
Пранціш здагадваўся, што падзякавала Лёдніку адна з рабынь. Бутрым пацвердзіў, уздыхнуўшы:
— Спадзяюся, хоць хтось з тых няшчасных, у ашыйніках, займеў волю...
Пан Вырвіч хмыкнуў:
— То ж яны да тае волі імкнуліся, ніводная за табой не пайшла. Такіх, як Раіна... — голас на імені памерлай нявесты здрыгануўся, — сярод панскіх наложніцаў няшмат. Не ўсім воля патрэбная. Чалавеку шчасце — тое, да чаго ён звык. Часам гэта ашыйнік і ланцуг. «Усё лекі, усё атрута...» Сам казаў. Цёмныя людзі ніякім злачынствам не абурацца, калі ім патлумачаць, што гэта правільна, нармальна... Толькі высакародным дадзена бачыць сапраўдную карціну свету і супрацьстаяць несправядлівасці!
— Цёмныя, кажаш? — ціха азваўся Лёднік. — Значыць, бедныя, непісьменныя? Я ведаў жабракоў, якія не вывучылі ў жыцці ніводнай літары. Але згубі побач з такім залаты талер — ён падбярэ і табе верне, нават калі ўвесь свет будзе з яго смяяцца за такі ўчынак. А вось табе нашыя адукаваныя магнаты... У часы Жыгімонта Старога здарылася знаменне: «слонце так ся было затмило, же на ножовое тылце тылко его видати было рогами на заход». І ўсчалася страшная вайна. Два магнаты павінны былі бараніць княства — Станіслаў Гаштольд і Януш Радзівіл па мянушцы Amor Polonia... А яны між сабою варагавалі. Дзе ўладанні аднаго — побач уладанні другога, б’юцца за межы... Галоўныя пасады дзяржавы — зноў два прэтэндэнты...
Пранціш разумеў, што Лёднік проста хоча адцягнуць увагу, прабавіць час... Што ім цяпер да магнацкіх звадаў?
— І вось напалі адначасова татары і маскоўцы. Ваявода трокскі Гаштольд апынуўся са сваім аддзелам у Крэўскім замку, які трапіў у аблогу... Адзін спадзеў быў на ваяводу віленскага Яна Радзівіла, той мусіў даслаць дапамогу, сабраць рушэнне... Але Радзівіл спецыяльна затрымаў у сябе каралеўскія лісты, што належала разаслаць шляхце. І Гаштольд мусіў адбівацца адзін... Каб потым ужо нацкаваць на Радзівілаў каралеву Бону, быццам прыўлашчылі каралеўскія землі ў Белавежскай пушчы.
— Вырвічы пакаленнямі змагаліся ў войсках князя Астрожскага, — перабіў Пранціш. — Мой пан бацька распавядаў, як Радзівілы ды Гаштольды праваслаўных Астрожскіх перад каралём абгаворвалі, ад улады адцяснялі... І што? За ўладу князі чалавечыя біліся заўсёды, яшчэ ў часы рымскіх цэзараў ды фараонаў. Але кожны шляхціц, прымаючы меч, прысягае, што будзе абараняць бязвінных. Ты таксама Гіпакрату кляўся і не вагаўся, калі выбіраў паміж вечным рабствам і калечаннем людзей...
— І тут не ўсё проста... — Лёднік стараўся дыхаць неглыбока. — Там, у дэ Варда, мне даводзілася адстойваць, аплочваць самай страшнай цаной свой лапік волі... Да прыкладу, я адмаўляўся рыхтаваць афрадызіякі, што выклікаюць юр. А аднойчы мяне змушалі рабіць спарон...
У прыцемку відаць было, як Лёднік перахрысціўся.
— Я, вядома, заявіў, што лепш сам памру, чым вазьму на сябе страшны грэх забойства ненароджанага дзіцяці.
— Ну і правільна! — горача падтрымаў Пранціш. Баўтрамей абцёр рукавом спацелы ад задухі твар. Круглыя вокны таксама, здаецца, усе запацелі, нагадваючы памутнелыя вочы паміраючай пачвары.
— Зацяжарала адна з нявольніцаў. Яна не стала чакаць, што ўчыняць з ёй гаспадары — знішчаць, калі страціць прывабнасць, ці прыдумаюць бязбожныя эксперыменты над ёй і дзіцем, і пазбавілася ад плоду сама. Пакуль яе знайшлі, сцякла крывёй.
Лёднік зноў перахрысціўся, прамармытаўшы кароткую малітву. Голас яго загучаў зусім глуха:
— Нават ведаючы, што будзе, я ўсё роўна не пагадзіўся б учыніць смяротны грэх. Але мая адмова забіла дзве чалавечыя істоты. З падобным сутыкаюцца ўсе лекары, асабліва — павітухі. Саламея магла б табе распавесці шмат жахлівых гісторый, Вырвіч, пра сваіх пацыентак, — голас Баўтрамея ўсё цішэў, да шэпту. — Мы з жонкай ніколі не парушалі хрысціянскіх запаветаў. Але сваёй цвёрдасцю аддалі многіх на смерць і ганьбу, і з гэтым трэба было жыць.
— Раіна ніколі б не згадзілася забіць сваё дзіця... Нават калі б яно было ад Батысты... Ці ад якога... іншага гвалтаўніка, — словы нібыта не слухаліся Вырвіча. — А я нават не паспрабаваў яе адшукаць. І тады, калі яна з’явілася да нас у Ліёне... Схапіць бы, змусіць застацца, абвянчацца... У нас было б хоць трохі шчасця! А я так і не зразумеў, чаго больш адчуваў да яе — шкадобы альбо кахання... І ці не падобная мая любоў да чыстай вады, у якой калісьці расчынілі кроплю атраманту? Дамешку не відаць — але ён ёсць... Паблажлівы, гідкі, грэблівы... Нездарма ж Раіна збегла...
Читать дальше