— Учора, — госьць шморгнуў носам, хацеў уздыхнуць, тлумачачы тым самым прычыну прыходу, але гаспадар зразумеў усё і без уздыхаў.
— Што, бутэлька трэба?
— Трэба! — з клёкатам у горле адказаў Іван і, стаіўшы дых, пачуў, як пад нагамі дзядзькі Хвядоса зарыпелі масьніцы.
Дзядзька сышоў у прысенак, доўга бразгаў там нейкім жалезьзем, суцішна мацюкаўся і неўзабаве ўвайшоў у сьвятліцу з пляшкай «вэрмуту» ў левай руцэ і касмылём павуціньня па правым вуху.
— На вось, бяры. Глядзі толькі, каб Гарашчэня ня ўбачыў, — згадаўшы Гарашчэню, гаспадар хаты мацюкнуўся, скоса зірнуў у вакно. — Са сьвету зжывае. Дай пахмяліцца, і ўсё...
— Ня ўбачыць! — ужо ад парога азваўся Іван, вылецеў на двор, і, азірнуўшыся на хату Баркоўскіх, рынуўся гародамі, прыстасоўваючы бег да мернага булькаценьня віна ў бутэльцы.
Таго вечару Лябёдка круціў фільм з інтрыгуючай назваю «Памылка Анарэ дэ Бальзака». Ратуючы касавы плян, кінамэханік пусьціў чутку, што ў фільме пакажуць голую бабу, і народу ў клюб набілася як завязаць. Асабліва шмат прыйшло дзятвы. Тыя падшыванцы, што мелі грошы, сядзелі ў залі, астатнія таўкліся на ганку, просячы Мандрычыху пусьціць іх безь білетаў.
— Сёньня не магу. Даўгалёў з праверкай едзе, — казала Мандрычыха, і бычкоўская дзятва, пачуўшы прозьвішча дырэктара раённай кінасеткі, асуджана апускала галовы.
Стоячы разам з падшыванцамі на ганку, Іван прыкметна хваляваўся. Лёшка Мандрык хаця і быў на падпітку, але на нагах трымаўся цьвёрда, і гэта не магло не хваляваць. «Ці хопіць бутэлькі?» — думаў Іван, прыслухоўваючыся да бязладнай Лёшкавай гамонкі. Абкружаны малалеткамі, Лёшка распавядаў ім пра бойкі ў азярышчанскім рэстаране. Доўгія чвэрць гадзіны Іван уважліва слухаў гэтыя аповеды, з насьцярогаю пасьміхаўся, а калі Лёшка, паказваючы, як ён вырубіў нагой азярышчанскага фраера, не ўтрымаўся на нагах і ляснуўся вобзем, з упэўненасьцю ў голасе прашаптаў:
— Хопіць!
На пачатку фільма стужка рвалася ледзь ня кожную хвіліну. Пад час замінак ў залі ўключалі сьвятло, і Іван уціскваў голаў у адтуліну, спрабуючы ўгледзець Машу. Маша сядзела ля сьценкі, і праз амбразуру можна было ўбачыць ёйную руку ды абцягнутыя вэльвэтавымі штанамі калені. Гэтыя калені не давалі Івану спакою. Ён круціў галавой у цеснай нішы, пускаў сьліну на падбародзьдзе, а калі Лябёдка зь Пецькам запускалі праектар, стагнаў і пакутліва моршчыўся.
— Лябёдка, адпусьці тормаз! — крыкнулі з залі пад час чарговага парыву.
Лябёдка прыпаў да амбразуры, спрабуючы разгледзець, хто гэта там такі разумны, і ў гэты момант у лоб яму заехалі яблычным агрызкам. Другі агрызак праляцеў ля Іванавага вуха, і кінамэханік, перакрываючы гамэрню, гойкнуў у адтуліну:
— Чаго ўсхадзіліся?! Фільм трэцяй катэгорыі!
Гледачы былі абражаныя: замест францускага фільму пра мушкетэраў ім круцілі нейкую лухту. У залі сьвісталі, тупалі нагамі, а той—сёй з гледачоў, уголас шкадуючы змарнаваных грошай, сунуўся да выхаду.
«Час!» — мільганула ў Іванавай галаве, і ён, адарваўшыся ад адтуліны, крадком сышоў з кінабудкі. У цемры глядзельнай залі ён міжволі зірнуў у той бок, дзе сядзела Маша, потым — на таўстуна, якога паказвалі на экране, і, набраўшы ў грудзіну паветра, прашаптаў:
— Лёха!
— Навошта ён табе?! — азвалася зь цемры Мандрычыха. — Зноў піць будзеце?
— Будзем! — пачулася ад задніх радоў, і кудлатая Лёшкава галава чорным ценем праплыла па экране.
Зьдзіраючы зубамі мэталёвую галоўку, Лёшка парэзаў сабе губу, але пры гэтым нават не паморшчыўся і прагна глынуў замяшанае на ўласнай крыві «чарніла». Дакладней, нават не глынуў: віно папросту лілося ў ягоную глотку, і коўцік пры гэтым не варушыўся. Падзівіўшыся такому штукарству, Іван пераняў бутэльку, але піць ня стаў — ашчаджаў пітво для сябра.
— Люблю кірнуць, — прамовіў сябра, выціраючы рукавом крывавую пену з вуснаў, — асабліва пад балдою. — Лёшка ўзьняў вочы, і яркі маладзік сьветлымі кропкамі адбіўся ў ягоных зрэнках.
Балдою сябрук называў месяц. Слоўца гэтае ён прывёз з аршанскай зоны, і яно, як і шмат якіх іншых слоў з таго рэпэртуару, намёртва прыліпла да языкоў бычкоўскай дзятвы.
Лёшка плюхнуўся на траву, задаволена адрыгнуў, дастаў папяросу.
— Слухай, хто гэта ўчора мае коры насунуў? — запытаўся ён у Івана, і той, хаця і ведаў, куды заляцеў Лёшкавы чаравік, страсянуў галавою.
— Ну і ваўчары, — прастагнаў сябрук, ізноў прыклаўся да пляшкі, і неўзабаве панурыўся тварам у быльнік.
Читать дальше