У залі зноў зайграла музыка. Гэтым разам Юрка Бадуноў завёў «Ладу» — улюбёную песьню Юркі Гуля. Падпяваючы сьпеваку Мулярману, Юрка немым голасам гаркнуў: — Л—лада! — і клюбныя шыбы дробна зазьвінелі ад грукату ягоных чаравікаў.
...Усе, хто стаяў на ганку, даўно ўжо былі ў клюбе, і толькі Іван дагэтуль не рашаўся ўвайсьці, а калі нарэшце ступіў на парог, да вушэй ягоных даляцеў адчайны вокліч ленінградкі:
— Адчапіцеся, вы п'яны!
Музыка абарвалася, пачуўся зычны пляскач, і Маша, зачырванелая і ўсхваляваная, зьявілася ля дзьвярэй. На міг яна спыніла свой пагляд на Іване, пагардліва хмыкнула і ўжо нясьпешным крокам пайшла да матацыкла.
Усё гэта доўжылася імгненьне, Іван не адразу і ўцяміў, што, уласна кажучы, адбылося, добрую хвіліну глядзеў усьлед дзяўчыне, аж пакуль яго не піхнулі ў сьпіну. Штуршок быў ніштаваты, але ён устаяў на нагах, затое той, хто штурхаў, чарговым разам зачапіўся за прыступкі і ляснуўся вобзем. Матацыкл чхнуў, Лёшка Мандрык гучна вылаяўся, а Іван зачаравана паглядзеў у цемру.
— Я кароль зоны... — прамармытаў Лёшка Мандрык, калі матацыкл суціх за паваротам.
«Кароль зоны» падняўся на ногі, лізнуў садраную далонь, а ўбачыўшы перад сабой былога кампаньёна, узрадавана выгукнуў:
— Ваня, кораш!
Лёшкавыя скрываўленыя пальцы ўхапіліся за штрыфель пінжака, прабегліся па Іванавай шчацэ, і Йван, піхнуўшы былога кампаньёна ў грудзіну, са злосьцю вылаяўся.
Такое абыходжаньне засмуціла Мандрыка.
— Ты што, казёл, не пазнаеш? А можа западло лічыш, га? — правая, непараненая рука кампаньёна палезла ў кішэню шырокіх штаноў, а Іван, адчуўшы, што Лёшка палез па нож, прыязным голасам вымавіў:
— Я тут віна прывёз... прынясу зараз...
Цьмянае месячнае сьвятло высьвечвала няроўны, напалову сьцёрты надпіс: «Посторонним лицам вход воспрещён!» Надпіс гэты зрабіў некалькі гадоў таму кінамэханік Лябёдка, падкрэсьліваючы тым самым, што заходзіць у кінабудку мелі права толькі абраныя асобы. Асобы тыя цэлымі днямі сядзелі ў кінабудцы, гуляючы ў карты, п'ючы гарэлку, а Юрка Гуль зь бібліятэкаркай Забаронькай там і ночы бавілі, выкарыстоўваючы пры гэтым падзерты матрац, што ляжаў у куце.
Перакінуўшы з рукі на руку сетку з «чарнілам», Іван узяўся за ручку дзьвярэй, пацягнуў на сябе, ды нечакана замёр, прыслухоўваючыся да галасоў за дзьвярыма.
— Чувіха — я маўчу... — прамаўляў Лёшка Мандрык, штохвілі чыркаючы запалкамі.
Памаўчаўшы, Лёшка з глухім прысьвістам выпусьціў дым з роту і, мацюкнуўшыся, працягваў:
— Я да яе падыходжу... кладу руку на калена... а яна не варушыцца...
Пасьля гэтых слоў рыпнула крэсла, і кінамэханік Лябёдка сіпла і недаверліва выдыхнуў:
— Ідзі ты!
— Бля буду... — азваўся Лёшка і зноўку чыркнуў запалкай. — Вяду, значыцца, вышэй і раптам чую — у яе панчохі на падвязках.
— Гы—гы—гы, — гамзата рыкнуў Лябёдка й захоплена запытаўся: — А яна?
— Не варушыцца! — гаркнуў апавядальнік. І Йван, усутыч наблізіўшыся да дзьвярэй, з трывогай падумаў: «Пра каго гэта ён?» Пад нагой рыпнула дошка, ён застыў на месцы, а Лёшка Мандрык, з шумам выпусьціўшы дым, прамовіў:
— Калі ўжо гэты фраер прыйдзе?
Кроў хваляй прыліла да твару. Іван пастаяў хвілю, узважваючы Лёшкавы словы, патупаў дзеля прыліку, нясьмела ўвайшоў у кінабудку.
Пілі ўтрох — Іван, Лёшка і кінамэханік Лябёдка, які тым часам ужо праспаўся і прагнуў пахмяліцца. Чакалі яшчэ Юрку Гуля, ды той не прыйшоў — цягаўся, відаць, недзе зь Нінкай Забаронькай.
Лёшку разьвезла пасьля першай шклянкі — балазе ён ужо быў добра падпіты. Вочы Лёшкавы ашклянелі, зь ніжняй губы зьвісла празрыстая нітка сьліны, а галава пачала сутаргава торгацца ў розныя бакі. Такі несамавіты Лёшкаў выгляд надаў Івану сьмеласьці, і ён, як бы між іншым, запытаўся ў былога кампаньёна, навошта той чапляўся да гарадзкой дзяўчыны. У адказ Лёшка ўзьняў на Івана ашклянелыя вочы, з працяглымі паўзамі выдыхнуў:
— Ты што... мяне... за казла лічыш?
Жылаватая Лёшкава рука балюча сьціснула запясьце, і Івану не заставалася нічога іншага, як схапіцца за пляшку. Булькаценьне віна як быццам ацьвярэзіла кампаньёна. Ён утаропіўся на мутны струмень, яшчэ раз згадаў казла, але гэтым разам без усялякае злосьці, і прагнай рукою пацягнуўся па шклянку.
«Кароль зоны» ўжо адпачываў, паклаўшы голаў на край перамотачнага стала, калі ў дзьверы загрукалі і знадворку пачуўся зычны лямант Мандрычыхі:
— Лёша, ты тут?
— Ту—ут ён, — азваўся Лябёдка, дапіў «чарніла» і пад роспачны грукат і лямант знадворку пайшоў адчыняць.
Читать дальше