— Куды ты пабег, нягоднік? — і Йван, якому зусім не выпадала сустракацца зь дзяўчынаю ў такім нязручным месцы, сьпехам прыхаваўся за куст.
Дзяўчына бегла, спрытна пераскокваючы праз лаўжы, і, відаць, так і не заўважыла б Івана, калі б сам ён не заварушыўся ў кустах, зьбіваючы з лобу пякучых лясных мурашоў.
— А—а... гэта вы... — пралепятала прыгажуня, згледзеўшы скурчаную Іванаву постаць, сарамліва адвяла вочы, пабегла, чапляючыся караценькай спадніцай за альховыя галіны, а Іван, вылезшы з мурашніку, шчыра пашкадаваў, што ня можа праваліцца скрозь зямлю, ратуючыся ад ганьбы.
Ён выцягнуў з кустоў валізу, страсянуў, спраўджваючы, ці не пабіліся купленыя ў Віцебску чатыры пляшкі віна, і ў той самы міг адчуў, як штосьці цёплае і мяккае кранулася пяткі. Гэта кот Маркіз, наставіўшы хвост дудой, цёрся пысай аб ягоны чаравік, прымусіўшы Івана спачатку пудліва падскочыць, потым аддзьмуцца і, нарэшце, падхапіць ката пад пахі і зь вясёлым адчаем рушыць на дарогу.
Дзіўныя рэчы чыніліся з Іванам. Дагэтуль ён аббягаў дзяўчын за кілямэтар, а тут выйшаў на прасёлак, прычакаў, калі прыгажуня выйдзе з кустоў, і, не зьміргнуўшы вокам, уручыў ёй вуркатлівага ўлюбёнца.
Дзяўчына ўзяла ката, кіўком галавы падзякавала Івану, а хлопец, якому праглася новых подзьвігаў, скіраваў хаду да таўшчэзнай сумкі, што стаяла пры дарозе.
— Ой, што вы... Зараз дзядзька Коля прыедзе... Мама з жанчынамі на вёску пайшла... — пралепятала дзяўчына, але Іван быў няўмольным.
Ён падышоў да сумкі, ухапіўся за ручкі і, адарваўшы сумку ад зямлі, пашкадаваў аб сваім учынку. Сумка, якую ён наважыўся паднесьці, важыла ня меней, як два пуды.
— А вы што... у Гатаве жывяце? — запыталася дзяўчына, калі Іван, хістаючыся і керхаючы, зрабіў колькі крокаў.
Крыўднейшае пытаньне цяжка было і прыдумаць. Іван панурыў вочы, выпусьціў з рук сваю пашарпаную валізу, потым сумку і з рашучасьцю ў голасе выдыхнуў:
— У Баранавічах, Берасьцейскай вобласьці. — Пасьля чаго абабіў нагавіцы і акрыялым голасам дадаў: — Хутка вобласьць да нас перанясуць. Берасьце да мяжы блізка.
Ён хацеў яшчэ сказаць, што ў Баранавічах хутка пусьцяць тралейбус, але дзяўчына войкнула і паказала пальцам на валізу. У паветры запахла сьпіртным, а жоўты пясок пад валізаю набрыняў чырвоным віном.
— Усё з—за мяне, — прамовіла дзяўчына, азірнулася і голас ейны набыў адценьне адчаю: — Зьбег, зьбег, нягоднік.
Іван схамянуўся, кінуўся ў той бок, куды паказала дзяўчына, і доўга гойсаў там у пошуках ката, аж пакуль дзяўчына не паклікала яго радасным воклічам:
— Вярнуўся!
— Ведаеце, ён у мяне ў кватэры жыў, — паведаміла спадарожніца, калі Іван вылез з альховых нетраў, — вераб'ёў толькі праз акно бачыў, а тут... — ня скончыўшы фразы, дзяўчына змоўкла, прыслухалася і, кіўнуўшы ў бок Гатава, прамовіла: — Дзядзька Коля едзе.
Дзесьці на вёсцы ажываў, глуха чхаючы маторам, матацыкл калгаснага брыгадзіра Баркоўскага.
«Абавязкова пра шапік спытае, ці яшчэ пра якую халеру», — падумаў Іван і праз імгненьне, не разьвітаўшыся зь дзяўчынай, ужо бег па кустах, цьвелячы навакольле звонам разьбітай бутэлькі.
Вось яна, хатняя ежа. Дзьве талеркі гарачай капусты агораў, а ўдосыць не наеўся. Адкінуўшыся на прыслон кухоннага крэсла, Іван выцер далоньню тлустыя вусны, зірнуў у столь.
— Гэта ж трэба. І трусы, і майку запляміў. Паскудствам гэтам. І з парашком не адмыеш, — стоячы ля печы, маці выцягвала з валізы брудныя сынавы мэтлахі і кідала ў выварку.
— Налі яшчэ, — папрасіў Іван, адчуўшы перамену ў матчыным настроі.
Маці ўзяла талерку, выліла з чыгунка рэшткі капусты.
— Схуднеў як. У западнікаў. Адныя вочы бліскаюць, — выдыхнула маці, усьпіраючы выварку на гарачую чарэнь.
Жыхароў Баранавічаў Ларыса Пятроўна недалюблівала і называла не іначай як «западнікамі». І хаця самой ёй бываць у Заходняй Беларусі, а тым больш у Баранавічах, не даводзілася, пад уплывам аповедаў сваёй сястры Авадзіхі, якая езьдзіла па вайне ў Заходнюю мяняць шынялі на крупы, у яе склалася наконт «западнікаў» пэўная думка.
— Лёшку Мандрыка з турмы выпусьцілі, — прамовіла маці, памешваючы палкай у выварцы. — Па амністыі. Страшны стаў — з нажом ходзіць.
Іван адклаў лыжку, рыпнуў крэслам, засяроджана паглядзеў на ліпучку, што вісела пад стольлю. Ліпучка была чорная ад мух і вагалася ад гарачага паветра, якое струменіла ад печы.
— Ты ж глядзі, зь ім не вадзіся.
— З кім? — не зразумеў Іван.
— «З кім, з кім...» Зь Лёшкам Мандрыкам, з п'янтосам гэтым, — маці так імпэтна крутнула палкай, што на чарэнь пралілася вада і хата напоўнілася злавесным сыканьнем.
Читать дальше