Танцы, як заўсёды, пачыналіся вальсам, і танчылі яго, як заўсёды, дзьве пары: бібліятэкарка Забаронька са сваім кавалерам Юркам Гулем і настаўніца Кніповіч зь Люськай Халімонавай. Бібліятэкарка вальсавала адмыслова — задзёршы голаў і адкінуўшы назад правую руку, і кавалер ейны, стрымліваючы кружэньне партнэркі, так імпэтна шоргаў чаравікамі, што заглушаў голас Валерыя Абадзінскага. Танчылі, вядома ж, пад «Что—то случилось». У апошнім куплеце сьпявак пачаў заікацца — Юрка Бадуноў, які сядзеў ля радыёлы і павінен быў перасунуць іголку, забавіўся, прапусьціў момант, і кавалер, пад роспачную ікаўку Абадзінскага выгукнуў:
— Юрка... натаўку!
Калі песьня скончылася, бухгальтарка з настаўніцай, а разам зь імі і Люська Халімонава падаліся да выхаду. «Прыдзьвернік» Васька Бохан выпусьціў на двор бібліятэкарку, потым, атрымаўшы грымака, і настаўніцу, а Люську Халімонаву запіхнуў назад у залю.
— Што... што ён табе сказаў? — запыталася настаўніца ў сяброўкі, прабягаючы міма Івана.
— Сказаў, што гатовы хоць сёньня расьпісацца!
Дзяўчаты фыркнулі здушаным сьмехам, пабеглі за клюб, а Іван пасьля такіх слоў зябка перасмыкнуў плячыма. Вечаровы халадок прабіраў да дрыжыкаў, сьцягваў скуру на сьпіне, і, каб нейкім чынам сагрэцца, даводзілася раз за разам прыпальваў папяросу.
— Харэ лівэр ціснуць! Дзеўкі млеюць! — крыкнуў Юрка Гуль, махнуў рукой малому Бадунову, і хлопцы, што гуртаваліся на ганку, пачалі заходзіць у залю. Юрка Бадуноў завёў хуткі музон, а ягоны старэйшы цёзка забухаў чаравікамі, дэманструючы пабачаны ў азярышчанскі рэстаране мадняцкі танец. Тупаў Юрка Гуль так натхнёна, што са столі сыпалася пабелка, а са стэнду «Новае ў жывёлагадоўлі», які вісеў ля сцэны, звалілася некалькі брашураў. Магчыма, і сам стэнд грымнуўся б долу, ды тут у пройме ўваходных дзьвярэй зьявілася Мандрычыха і пагрозьліва загадала:
— Пакіньце мазгатаць!
Загадчыца клюбу прайшла па залі, рашуча вырвала штэпсэль радыёлы. Каб даняць загадчыцу, Юрка Гуль яшчэ хвіліну скакаў бяз музыкі, а калі Мандрычыха, плюнуўшы ў ягоны бок, пайшла да дзявярэй, рушыў за ёю сьледам.
Іван стаяў ля сьцяны і ўсім сваім выглядам паказваў, што памірае ад суму. Ён раз—пораз пазяхаў, крывіўся, кідаў пужлівыя позіркі на Юрку Бадунова і з жахам чакаў, калі Юрка завядзе павольную музыку. І вось Юрка ўключыў радыёлу, паставіў на дыск гнуткую кружэлку, і навакольны сьвет напоўнілі шчымлівыя акорды «Анжэлы». «Анжела, ты на счастье мне судьбой дана—а...» — зацягнуў Абадзінскі, а знадворку, заглушаючы сьпевака, надрыўна гаркнулі:
— За капыты, за капыты бярыце!
З начной цямрэчы выплылі падэшвы зношаных чаравікаў, і ў залю, наперад нагамі, унесьлі Лёшку Мандрыка. «Кароль аршанскай зоны» быў у поўным «вырубоне».
— Цяжкі, халера! — выдыхнуў Юрка Гуль, трымаючы «караля» пад пахі.
Хлопцы занесьлі Лёшку ў канец залі, усьпёрлі на кучу бязладна зваленых крэслаў, і Юрка Гуль, мяльком зірнуўшы на бібліятэкарку, гучна абвясьціў:
— Запрашаюць жанчыны!
— Паскуда! — выдыхнула Забаронька, выбегла з залі, а Юрка Бадуноў чарговым разам уключыў «Анжэлу».
Слухаючы шчымлівую мэлёдыю, Іван заплюшчыў вочы, уяўляючы, што гэта не Абадзінскі, а ён, Іван, сьпявае прачулую песьню, а калі зноў зірнуў на сьвет, дык убачыў, што Маша ўстала з крэсла і ідзе праз залю ў ягоны бок. Стукалі туфлікі па расссохлай падлозе, парывіста білася сэрца, пранікнёна, зь пяшчотным прыдыханьнем сьпяваў Абадзінскі. Яшчэ была спадзеўка, яшчэ была кволая надзея, што Маша ішла запрашаць некага іншага. Іван зірнуў па баках, ступіў крок да дзьвярэй і пачуў раптам такі мілы і такі лагодны голас:
— Вас можна?
Шаснаццаць гадоў пражыў Іван на сьвеце, а на белы танец яго запрашалі ўпершыню. Ды што там танец... ён і сам да дзяўчат бліжэй як на тры мэтры не падыходзіў, а тут адразу такое... Таму і зьмяніўся Іван з твару, і язык ягоны прысох да паднябеньня, і ня здолеў Іван паведаміць прыгажуні, што ён не танцуе.
— Вас можна? — паўтарыла дзяўчына, і нехта, відаць, Васька Бохан, штурхнуў яго ў сьпіну. Ён прайшоў на ватных нагах на сярэдзіну залі, стаў там як укапаны, і Маша паклала яму на плечы свае танклявыя рукі.
«Анжела, ты одна, одна на свете,
Анжела, в добрый час тебя я встретил...»
Трэба было варушыцца, пераступаць з нагі на нагу, хаця б дзеля таго, каб прыхаваць праклятыя дрыжыкі. Падпарадкоўваючыся Машыным рухам, ён зрабіў крок, наступіў дзяўчыне на туфлік і, спалохана падскочыўшы, ударыў партнэрку нагой ў шчыкалатку. Маша войкнула, адступіла на мэтар, але рук з Іванавых плячэй не зьняла. Разам з апошнімі ўсхліпамі Абадзінскага спакутаваны Іван крутнуўся на абцасах і замест таго, каб правесьці дзяўчыну да месца ці хаця б кіўнуць галавой, неакрэсьлена крэкнуў і выйшаў на падворак.
Читать дальше