Я прыйшоў спознены і стаў пад помнікам, рызыкуючы злавіць галавою звяно з ланцуга, якое адыржавела і збіралася ўпасці. Сябар стаяў за дрэвам, якое лавіла кайф і наўмысна перашкаджала нам убачыцца.
Гадзіннік на краме прабіў поўдзень. На пляц Волі выйшлі юныя ленінцы з вучэбнымі аўтаматамі Калашнікава на грудзях. Ганаровы каравул, якога я не заслужыў. Піянер адвёў мяне позіркам убок і стаў якраз пад звяном ланцуга, якое збіралася ўпасці.
Радасць нашай сустрэчы з сябрам была азмрочана адлётам нявіннае душы.
Версія «С»
Ва ўсіх людзей Дзень нараджэння, а ў мяне Ноч. Так здарылася. I калі іншыя, народжаныя гэтым днём, усалоджаныя тартамі і падарун-камі, засынаюць шчаслівыя, абдымаючы і цалуючы падушку, я апранаю свой лепшы, бо адзіны, касцюм і сядаю за падрыхтаваны да свята стол. Адкаркоўваю пляшку і наліваю «запрошаным» сябрам. Крэслы вакол стала пустыя, але гарэлка з келіхаў знікае.
— Ну што, па другой? — пытаю я і зноў налі-ваю.
Келіхі падымаюцца. Звонка дзынкае крышталь. Гарэлка п'ецца маленькімі пякучымі глыткамі.
Сябры не закусваюць і пасля другой. А я даю сабе перадышку. Я накідваюся на далікатэсы, якія збіраў увесь год і набыў учора. Гасцям стаўлю музыку, і яны таньчаць бессаромна і вычварна, нібы ніхто іх не бачыць, ніхто за імі не назірае.
П'ём па трэцяй... чацвёртай, пятай, шостай, сёмай... Аж покуль не пракукарэкае на суеедскім гаўбцы певень, які таксама куплены ў запас Д нудзіцца зараз без курэй. Тады я спаўзаю пад стол і, стомлены, засынаю.
Раніцаю мяне разбудзяць мае сябры, якія прыйдуць пахмяліцца, ведаючы, што ў мяне ёсць сякі-такі запас да дня (ночы) нараджэння, і будуць доўга здзіўляцца, разглядваючы пустыя пляшкі на стале: чаму ў іх трашчаць цвярозыя тыдзень галовы?
А мне будзе радасна: няважна, каб у Ноч нараджэння ўсё збывалася. Важна, каб хоць што-небудзь збылося.
Версія «Т»
Ішла вайна. Гінулі людзі. Падалі ў балота. I паміралі ў ім. Забытыя ўсімі. Праплаканыя роднымі. Без вестак прапаўшыя.
Ноччу яны ўстаюць. Збіраюцца Ў купкі. Па трое і больш. Смаляць цыгаркі. Грэюць гарбату. I маўчаць.
Яны чакаюць нас. Жывых, перамогшых. Дзесяць гадоў... Дваццаць... Пяцьдзесят... Чакаюць... Чакаюць і сёння. Выкураць па цыгарцы. Пап'юць гарбаты. З пустых кубкаў. Прабітых кулямі. Сагнутых танкамі. З'едзеных часам. Адзін з іх уздыхне. Другі хісне ў журбе га-лавою. Трэці махне ў адчаі рукою. Чацвёрты прыплюшчыць тужліва вочы. А пяты мацюкнецца...
I разыдуцца яны да сваіх касцей, што ляжаць пабялелыя і пачарнелыя проста на зямлі, непахаваныя, і застынуць у чаканні нас.
I зямля іх не адпускае, і неба не прымае.
Версія «У»
— Паслухай, а ці існуе тое, пра што ніхто ня ведае?
- Ніхто ня ведае?
- Ніхто-ніхто...
- Не.
- А чаму?
- Калі нават яно існуе, але пра яго ніхто ня ведае, значыць, яно не існуе.
- Чаму?
- Бо як жа яно можа існаваць, калі яго ніхто ня бачыў, ня чуў, ня меў з ім аніякога даступнага чалавеку кантакту. Калі так — яго няма.
- Але ж яно ёсць, існуе. Проста сталася так, што ні ты, ні я ці нехта іншы з ім пакуль яшчэ не сустракаліся, не кантачылі.
- Адкуль жа тады ты ведаеш, што яно існуе?
- Я проста мяркую, што недзе нешта павінна быць такое, пра што аніхто ня ведае.
- Яно існуе, але ніхто пакуль пра яго існаванне ня ведае?
- Так.
- Значыць, тады яно ёсць, хоць ніхто сёння пра яго ня ведае.
- У такім разе — у свеце, сусвеце ёсць усё. Усё, што б ні прыдумалася нам, што б ні прымроілася?
- Так, выходзіць, ёсць. I нехта недзе некалі з ім сустрэнецца альбо сам створыць, матэрыялізуе яго.
Версія «Ў»
Спрактыкаваным рухам я расчыніў вакно і выскачыў вонкі. Услед мне пачуўся стрэл — і куля праслізнула над галавою. Я не стаў лавіць яе, каб кінуць назад, у рэстаран, сваім крыўдзіцелям. Так бывае толькі ў фільмах пра дурных немцаў. Я скочыў за помнік правадыру і, крыху адсопшыся, вызірнуў. За мною ніхто не гнаўся.
Толькі поўня здзекліва ўзіралася ў пустую плошчу, расчыраную перад парадам белымі палосамі. Пад помнікам, на ўрадавай трыбуне, ля ног заснавальніка і правадыра нехта плакаў. Скуголіў і ныў, як шчанюк, што хоча на двор, а гаспадароў у хаце няма. Я паціху падняўся па склізкіх гранітных плітах на трыбуну. У самым куце яе, шчыльна прыціснуўшыся да чаравікаў правадыра і натхніцеля, сядзеў чалавек. Трохкутнікам бялела ягоная накрухмаленая кашуля. Я падышоў бліжэй і пазнаў чалавека, які раніцай, пад час дэманстрацыі, стаяў пасярод усіх на трыбуне і ласкава махаў у тэлекамеру то левай, то правай рукою, дэманструючы тым свой плюралізм і прагу да кансенсусу.
Читать дальше